I ўсё ж трывога не пакідала ні на дзень. Адчуваў, што мною вельмі цікавяцца «камандзіровачныя» з раёна ў хромавых ботах, у цывільных паліто і кепках. Брат маёй вучаніцы працаваў на нафтабазе і надта ж цікавіўся, як я жыву, спагадаў нашай беднасці, нібы распытваў пра сястру і нечакана задаваў правакацыйныя пытанні, заўсёды ветліва ўсміхаўся мне, загаварваў, набіваўся на паслугі. А я здагадваўся, што яму ад мяне трэба.
У снежні 1948 года кватэрная гаспадыня Пальчэўскага прыслала мне з Рудзенска некалькі трывожных радкоў: «Ваш друг Алесь арыштаваны і адпраўлены ў Мінск». У студзені арыштавалі нашага выдатнага выкладчыка-эрудыта Рыгора Мазавецкага. Да гэтага ён адбыў 10 гадоў у Нарыльску. Сям’я жыла ў Маскве, а ён знайшоў прытулак у сястры і ў нашай школе. Увесь час я перапісваўся з Барысам Мікулічам. У красавіку не прыйшло ніводнага ліста. I яго забралі ў Мінск.
Кола звужалася, работа валілася з рук, ад гулу кожнай машыны ўздрыгваў, і шчымела сэрца. Адчуваў, што прыйдуць і па мяне. Хацеў, каб хутчэй, бо самае страшнае — чакаць немінучай бяды, тыднямі не спаць, баючыся звар’яцець. Да нас пераехалі Аліны бацькі. Радавацца б, але трывога расла і расла. Кажуць жа, што бяда не ходзіць адна: 9 мая раптоўна памерла зусім яшчэ маладая жончына мама. Яе пахавалі на могілках каля самае нашае хаты.
19 мая свяціла сонца, у гародчыку на кустах бэзу гулі чмялі, а я пісаў прыклады для граматычнага разбору на выпускным экзамене і збіраўся ісці на кансультацыю да сваіх вучняў. Але так яны кансультацыі і не дачакаліся. На парозе мяне запынілі маёр Ушакоў і капітан Шаўцоў. Прад’явілі ордэр на «обыск и арест» і ўзяліся перабіраць мае кніжкі, сшыткі і планы ўрокаў. Але нечага не знаходзілі. Нарэшце спыталі: «Где вы прячете белорусские книги?» — «А хіба беларуская літаратура забаронена, што яе трэба хаваць? Яе ў мяне няма, бо выкладаю рускую мову». — «Нам известно. Не притворяйтесь». Можа, каб знайшлі Купалу ці Коласа, падабралі б для мяне больш грозны артыкул у кодэксе.
Пад вечар мяне вывелі з хаты. Маю арыштанцкую торбу ўзяў на плячо цесць, Аля вяла заплаканую дачушку. Я спыніўся каля могілак і пайшоў развітацца з магілаю цешчы. Шаўцоў памкнуўся затрымаць, але на нас глядзела многа людзей з адчыненых вокан, праз брамкі і веснічкі. Мы ішлі доўгаю местачковаю вуліцаю да сельсавета пад поглядамі здзіўленых суседзяў. Што яны думалі? Якім злачынцам лічылі мяне?
Да сельсавета збегліся вучні, спыняліся местачкоўцы, выбягалі з крамы і сталоўкі цікаўныя паглядзець на арыштантанастаўніка. Я развітаўся са сваімі і гучна сказаў: «Я ніколі ні ў чым не быў вінаваты». — «Прекратите агитацию!» — перабіў капітан у блакітнай фуражцы і зачыніў за мною борт грузавіка. Увесь натоўп махаў мне рукамі. Праз многа гадоў у тым жа Урэччы мне расказвалі, што хадзілі чуткі, нібыта ў школе працаваў шпіён, закінуты варожаю разведкаю.
Я ў кузаве трохтонкі ехаў у Мінск. Зноў — даўно знаёмая «амерыканка», доўгія калідоры і — дзверы, дзверы кабінетаў следчых, зноў рукі назад і перасвіст «вывадных». Маладзенькі лейтэнант Пронін (?) гартае маю справу 1937 года з грыфам «Хранить вечно». Ну як тут не заганарыцца? Такая важная справа, што будуць захоўваць вечна! Гаварыць нам не было пра што: малапісьменныя «данясенні» ўрэцкага сексота скампраметаваць мяне не маглі, даўнейшыя абвінавачванні я адмёў адразу. Гэта зразумеў і следчы. А мяне ўсё ж трымалі. Пераводзілі з турмы ў турму, з камеры ў камеру, трымалі разам з былымі паліцаямі і старастамі, за «непаслушэнства» кідалі ў карцэр.
Пад восень «следства» закончылася суцяшэннем: «Судзіць вас няма за што і судзіць не будзем, толькі прыйдзецца перамяніць месца жыхарства».
Я абурыўся, што мяне ашальмавалі перад вучнямі, іх бацькамі, перад людзьмі, якія ведалі і верылі мне. Пытаўся: дзе, калі, у якой краіне, па якому заканадаўству двойчы караюць за адно і тое ж? А я ж не зрабіў ніякага злачынства, з мяне ж знятая судзімасць. Са мною згаджалася прадстаўнік пракуратуры, сама запалоханая жанчына, па прозвішчы Мультан і спасылалася на нейкую дырэктыву зверху пра ізаляцыю ўсіх раней засуджаных па палітычных абвінавачваннях.
Мне абвясцілі рашэнне «Особого совещания НКВД СССР» аб высылцы ў Новасібірскую вобласць. I я другім наваратам пайшоў асвойваць нары, падлогі пад імі, дэзакамеры, карцэры мінскіх, маскоўскай, куйбышаўскай, чэлябінскай і новасібірскай турмаў. Асабліва запомніліся чэлябінская і новасібірская сваёй незвычайнасцю: прыгожыя і светлыя новыя будыніны, з высокімі закратаванымі вокнамі з «наморднікамі», шырокімі калідорамі. Хутка мы даведаліся, што будавалі інстытуты, але новая хваля берыеўскіх злачынстваў прымусіла іх перарабіць у турмы. Потым я часам на пытанне пра адукацыю жартам адказваў, што прайшоў мінскі, чэлябінскі і новасібірскі інстытуты. Гэта нават былі не інстытуты, а пакутніцкія універсітэты і акадэміі. Яны адкрылі такое, што ў самым кашмарным сне не пабачыш, навучылі таму, чаго сам не спасцігнеш ніколі, і аднялі два дзесяцігоддзі маладосці і сталасці.