Не обратил ли Бог

мудрость мира сего в безумие?

Первое послание коринфянам святого апостола Павла. Гл. 1, ст. 20
Прыходзяць сны, пачварныя, як здані,То падаю, то на крыжы вішу,А як у вокнах засінее ранне,Што значыць гэты сон, я варажу.I нарастае з кожным днём трывога,А часам на сябе самога злосць,Што не лічыў ніколі Богам Бога,А ён усё ж, магчыма, недзе ёсць.Не Саваоф з сівою барадоюI не Ілля, разгневаны прарок,А нехта ж правіць шчасцем i бядою,Узносіць i карае незнарок.Ён даў усё, што трэба чалавеку,—Жыццё, i мудрасць, i любоў навек,Вёў праведнікаў у Карынф i ў Мекку,Пакуль не збіўся з тропу чалавекI, вырваўшыся з боскае улады,Цягнуў пакуты на сваім гарбе,A хіжы кат спакойны быў i рады,Што мог караць мудрэйшых за сябе.Штодня таемна гінулі ахвяры,Жывых паскручвалі ў барані рог,A праведнікаў ад крывавай карыНе ўратавалі ні Закон, ні Бог.За мной ўслед хадзіла пакаранне,Знаходзіла i гнула ўсё часцей.Мне лёс наканаваў выпрабаванне,Каб стаць пасля чысцілішча чысцей.У сны прарочыя я веру i не веру,Але ратунку мне ад ix няма.Я не баюся ні агню, ні звера —Каб толькі не прыснілася турма.<p>ТАКІЯ СІНІЯ СНЯГІ</p>Успаміны майго двайніка

Ну ж i трывушчы мы народ.

За што? За нейчую памылку

Адгаравалі дзесяцъ год

I трапілі навечна ў ссылку.

* * *

У густых пераспелых таежных малінніках трапіў мядзведзь у бяду. Прыкручаная ланцугом да асіны пастка прышчаміла пярэднюю нагу. Ён роў ад болю, грыз ланцуг, цягаў вакол камля вялізную пастку, а вылузацца — аніяк. Знясілены мядзведзь узяўся грызці зашчэмленую лапу.

Ён цярпеў боль, душыўся густою ўласнаю крывёю, крышыліся клыкі аб цвёрдую костку, а ён цярпеў і грыз, грыз і цярпеў. Паднімаў і трос двухпудовую пастку, каб хутчэй адвалілася недагрызеная лапа. Ён грыз зноў, пакуль не зваліўся на бок і не адчуў, што вольны. Адлежаўся, адстагнаўся, адгаласіў свой боль, толькі рэха жудаснага адчаю перакочвалася ў змроку тайгі. Мядзведзь ляжаў і доўга залізваў скрываўленую куксу, ад смагі зашэрхлым языком хапаў спелыя маліны, абвостраным слыхам лавіў кожны шэлест і рып, трапяткімі ноздрамі трывожна ўцягваў паветра.

Адлежаўся, устаў і пайшоў на задніх лапах, матляючы, як паходняю, ружоваю косткаю. Ён працерабіў у гушчары цэлую прасеку і сышоў на волю ў недасяжныя нетры тайгі, далей ад людзей і небяспекі, бо даражэй за волю нічога на свеце няма.

Хто не трапляў у пастку, хто не глядзеў на неба, сонца і зоры праз краты і калючы дрот, той не ведае, што такое ВОЛЯ.

Крыжавы шлях

Нават воўк, выпушчаны з клеткі, адразу не можа адважыцца пабегці. I я доўга хадзіў, азіраючыся: дзесяць гадоў за калючым дротам і пад канвоем пакідаюць след не толькі ў сэрцы, а і ў характары.

Пасля дзесяці гадоў няволі я хадзіў і не мог нахадзіцца, надыхацца воляю, налюбавацца небам і зялёнымі прасторамі, не мог не адчуць сябе шчаслівым на адзіноце. Шчасце і радасці былі адносныя, бо жыў яшчэ з «наморднікам» — пяць гадоў пазбаўлення грамадзянскіх правоў усё яшчэ трымалі на прывязі. Але мне шанцавала на добрых людзей. Яны памаглі мне аднавіць дыплом, дазволілі выкладаць рускую (толькі рускую) мову і літаратуру ў сярэдняй школе невялічкага, пакалечанага вайною мястэчка Урэчча на Случчыне.

Цяжка, беспрытульна, голадна і холадна было на тым часе нанава пачынаць жыццё на голым месцы сярод чужых, але спагадлівых людзей. Затое я быў вольны, захоплены працаю ў школе, сагрэты ўвагаю маіх вучняў. Побач была маленькая, дружная і цярплівая сям’я.

А як я акрыяў, калі ў 1947 годзе Прэзідыум Вярхоўнага Савета Беларусі зняў з мяне судзімасць, як захацелася жыць, натхнёна працаваць, верылася, што будзе ўсё лепш і лепш. Я быў класным кіраўніком дзесятага класа, сябраваў са сваімі вучнямі-пераросткамі і іх бацькамі.

Перейти на страницу:

Похожие книги