Апошняе. Для чалавека, які столькі год пісаў па-руску, зрабіцца беларускамоўным немагчыма – фізічна, псіхічна, лексічна. Немагчыма! Адзінае, на што я магу спадзявацца, калі гэты эксперымент (ён яшчэ не скончаны, і нават не ўяўляю, дзе ён будзе выдадзены і ці будзе выдадзены калі-небудзь!) атрымаецца, дык гэта шызоідны статус білінгвы, расколатага суб’екта, чалавека, які ўсё астатняе жыццё будзе сядзець на двух крэслах. Якія наступствы мае білінгвізм, файна бачна а хаця б па таму ж Набокаву, на ўжыванне прозвішча якога ў межах гэтага тэкста трэба ўводзіць эмбарга. Нагадаю, што да самага скону аўтар “Лаліты”, “Bend Sinister” ды іншых дасканалых англамоўных тэкстаў, меў на сваім стале Вялікі оксфардзскі слоўнік, з якім вандраваў па ўсёй Амерыцы. Па-руску ён у нейкі момант пісаць сабе забараніў, аднак час ад часу не вытрымліваў ды ствараў прыгожыя і лёгкія, напітаныя шматузроўневымі сэнсамі вершы. Калі ён паспрабаваў наладзіць кладачку паміж двума сусветамі, якія парушалі адзінасць ягонай псіхікі, калі паспрабаваў зруйнаваць перагародкі паміж англамоўным ды рускамоўным пакоямі хаты ягонай існасці, ён ледзь не звар’яцеў – пераклад “Подвига” на ангельскую заняў больш часу, чым яго напісанне (існуе шмат даследаванняў, пераважна франкамоўных, тых трансфармацыяў, якія адбываюцца з псіхікай білінгвы, калі той спрабуе займацца перакладам уласных твораў).
Паглядзім, куды завядзе мяне экспедыцыя, якую я распачынаю зараз…
13.01.2011
Частка першая. Падстава
Калі снежань быў названы снежнем з-за таго, што ўся беларуская зямелька засыпаная белымі гурбамі, дык ці не мае сэнсу дзе-небудзь у Тайландзе называць гэты месяц “сонцнем” (як, дарэчы, і ўсе астатнія месяцы, акрамя Monsoon), у Аўстраліі – “спякотнем” (бо на паўднёвай гемісферы –лета)? На Сіцыліі снежань павінен ператварыцца ў “сірокань” – па назве знакамітага зімняга ветру з Аравійскай пустэльні, узгаданага, здаецца, упершыню ў Джоджо Вазары ў “Le Vite de’piu eccelenti Pittori”. Ці ўяўлялі сабе тыя, хто вынаходзіў гэтую беспрасветную назву, гледзячы на маркотныя краявіды навокал, што ёсць іншыя нябёсы, акрамя тых, з якіх з гіпнатычнай павольнасцю сыплецца белая пацяруха? Ці маглі дапусціць, што дзесьці ў снежні паветра можа зіхацець ад дробнага дажджу ці маўчаць матавай смугою?
Кажу вам з усёй сур’ёзнасцю: калі б я быў адказны ў найвышэйшай моўнай майстэрні – той, што больш важная за Мінюст – за беларускае слова для снежня ў Стамбуле, абазваў бы яго “дожджань” ці “залевень”, бо дождж ліў бясконца, ён быў большай канстантай за лінію гарызонта ці вечны лямант велізарных, нібы апранутых у шурпатыя швэдры чаек. Дарэчы, такіх чаек я не бачыў ніколі ў жыцці – агромністыя, нахабныя, усюдыісныя (I mean omnipresent – please, correct me, Janka, if I’ve chosen the wrong word) птахі сядзелі на дахах, запаўнялі кірліканнем прастору над галавой, пранікалі ў сны і тут, у снах, кружлялі за паромам, на якім я рухаўся да выспаў з чароўнай назвай “Princess Islands” (хто быў у Стамбуле, хаця б раз бачыў тыя далёкія астравы, якія вабяць з узбярэжжа Мармары ці, не заўважныя з-за надвор’я, заяўляюць пра ўласную наяўнасць з мапаў гораду, і калі не знойдзеш часу рушыць да іх, яны адпомсцяць, заявіўшыся ноччу ў сны).
Я рухаўся на таксоўцы ўздоўж заліва пад акампанемент плявузгання кіроўцы, які ўсё здзіўляўся, навошта мне спатрэбілася на Гюстэпа, а сёння ж такі дождж, а вось ягоная новая аўдыёсістэма – ён зараз зробіць грамчэй, ну як, добра, гэта наш новы спявак, Амар Аль Махры, прыгожа, пагадзіцеся, вы, турысты, слухаеце Таркана, а Таркана тут ніхто не паважае, бо ён не быў у войску і, да таго ж, не мае цікавасці да жанчын, ну вы разумееце, а вось Амар Аль Махры, давайце зараз падпяем, ах, як прыгожа!
Ягоная ангельская была трохі дзіўная, але ж пазнавальная, з адной асаблівасцю: ён не разумеў ніводнага слова, сказанага суразмоўцам, а таму трашчаў бясконца, як дождж. Нас атачалі аднолькавыя пяці- шасціпавярховыя дамы, зробленыя, нібы для нейкіх клонаў, зробленыя па шаблоне, і тут, толькі тут, на ацверажальнай аддаленасці ад цэнтру, станавілася зразумела, які вялізны гэты горад. Празмернасць горада-волата вылівалася ў нейкую дзіўную форму перараджэння ягоных клетак (у сэнсе cells – Янка, неяк трэба пазначыць, што дамы гэта cells гораду), тут нават хаоса ўжо не хапала, каб запаланіць прастору да небакраю. Непрапарцыянальныя даміны, няроўныя вуглы, нявыхаванасць агульнага ансамбля, якую можна назіраць на ўзгорку ля Бейёглу, тут былі падмененыя нейкім універсальным, дастаткова геаметрычным канонам, які цягнуўся, дакуль хопіць зроку.