– Я заблукала. Але ж не так, як вы. Не, не так. Трохі незразумела, дзе тут што знаходзіцца.

І зноў я не адрэагаваў. Дарэчы, гэта назаўсёды засталося таямніцай: ці з’яўляюцца для вас, беларусаў, здзекі стандартнай методай знаёмства, ці тое быў выключна яе фірмовы стыль.

– Тут ніхто не размаўляе па-ангельску! – паскардзіўся я ёй.

– А вы што хочаце? Мы ж у самай дупе Стамбула, – пацепнула яна плячыма.

– Нават кіроўца таксоўкі не ведаў, дзе тут той Шагал! – працягваў я енчыць.

– А дзе вы тут бачылі таксоўку?

– Я на ёй прыехаў.

Яна змоўкла на палове пытання, якое рыхтавалася задаць (мяркуючы па ўсім, пытанне павінна было быць не менш з’едлівым). І задала іншае:

– Сюды? На таксоўцы? І ў вас не ўзнікла думкі, што тут робіць мастацкая галерея, дастаткова вялікая для таго, каб экспанаваць у ёй Шагала?

– А што… – я разгубіўся, але зразумеў, што адзіны спосаб размовы з гэтай дамачкай – узяць яе тон. – Паслухайце, вы так кажаце, нібыта самі сюды дабраліся на пархатым дыване з мульфільма Aladdin!

– Я прыехала на метро. Выйшла на святло, а тут такая дупа.

– Тут ёсць метро? – хутчэй гэта было пытанне “і вы не баіцеся на ім ездзіць”?

– Не, вось мне цікава: вы выехалі з прыстойных раёнаў, чухалі па гэтым аднастайным найтмэры, і нішто ў вас не заварушылася запытацца ў кіроўцы, ці туды ён вас вязе?

– Не. Ну вось неяк не варушылася, – яе пытанні былі такімі лагічнымі, што мне нават сорамна зрабілася за ўласную няўклюднасць. – Ведаеце, у мяне быў проста складаны дзень. Нават не так (я адчуў, наколькі ад гэтага тлумачэння смярдзіць нашым фірмовым моўным шаблонам). У мяне была дупа, а не дзень, –я з задавальненнем працытаваў ужо двойчы згаданы ёй ass… І нават тут застаўся незадаволеным, бо дупападобны дзень не здольны быў апраўдаць маю нязграбнасць, і няма ў свеце дупы тых памераў, з якой можна было б параўнаць тое, што здарылася. Я зразумеў, што каб сказаць пра гэта, трэба ўзяць іншы тэмбр і падабраць іншыя словы: “У мяне здарылася вялікая бяда”, – я падкрэсліў, што не жартую, глянуўшы ёй у вочы.

Яна толькі здрыганула плячом: пазней я зразумеў, што гэта азначала – “што ты ведаеш пра бяду, хлопча”, а тады ўспрыняў як нежаданне слухаць лухту.

– Хадзем! – яна схапіла мяне за далонь і рашуча павалакла па адной з геаметрычна сумных, шэрых ва ўласным бязліччы вулачак. Я павінен быў спытацца, куды, які план, аднак гэтая дзяўчына дабралася да Гюстэпа на турэцкім метро, што азначала, што яе IQ і здольнасць да сацыяльнага survival куды вышэйшыя за мае. Не, не тое: проста яна схапіла маю далонь, разумееце. Вы гэта разумееце? Я яе нават разгледзець не паспеў, а яе распаленая рука ўжо вяла мяне наперад, прэч з Гюстэпа, яна нібы з Гестапа мяне выводзіла патаемнымі калідорамі, і гэты выраз твару, і гэтая адданасць…

Мы беглі па ходніках, і ўся мая існасць у гэты момант перацякла ў далонь, я адчуваў гарачыню яе скуры, хуткія дрыготкія сцісканні, якія нараджаліся, калі ёй здавалася, што я рушу недастаткова жвава, і яна жадала мяне паскорыць; ведаеце, у адной яе далоні было больш жыцця, больш кіпучай дзейнасці, чым ва ўсіх асобах жаночага полу горада Бостан і штата Массачусетс разам узятых. Мяне валаклі за сабой, як дзіця, і я раптам узгадаў, што гэта такое – блаславёная дзіцячая безадказнасць, бяспека, бяздумнасць, і які вялікі і загадкавы свет паўстае навокал, калі адзіная твая роля – бегчы за мамкай, ні пра што не думаць, а проста глядзець, глядзець з раскрытым ротам! Міма несліся машыны, мінакі ківалі адзін адному, указваючы на дзівосны малюнак гендэрнага скажэння, на змену традыцыйных (ды непарушных) роляў мужчыны і жанчыны ў Стамбуле.

Бег запаволіўся – мы апынуліся ля вялікай кніжнай крамы. Дзяўчына спрытненька завярнула туды, рыпнуўшы дзвярыма, я застаўся на вуліцы, не адразу зразумеўшы, што мне таксама ўнутр, мне за мамкай, што яна не завалакла мяне за сабой, каб не траўмаваць хісткую псіхіку турэцкіх кніжных гандляроў, падарваную працай з літаратурай, якая наогул няшмат каго шкадуе.

Я ступіў за ёй і адразу ж апынуўся сярод разнастайных памукаў. Тут былі памукі турэцкамоўныя, англамоўныя і нават рускамоўныя. Тут былі чорныя кнігі памукаў, былі мяне завуць чырвоны памукаў, быў музей цнатлівасці памукаў і нават снег памукаў. Здаецца, нічога іншага ў гэтай кнігарні не было, хаця ў завуголлях корпалася трохі акуніных ды яшчэ раскінуў свае прагныя лапы Дэн Браўн. Паміж вежай са слоўнікаў (адзінай функцыяй якіх было дапамагаць чытачу перакладаць памукаў з адной мовы на іншую) і малым узгоркам з літаратуры Турэччыны (адзінай функцыяй якой было падвесці чытача да Памука), месцілася ўтульнае гнездішча, у якім сядзеў дробненькі чалавек з пазнавальнымі слядамі літаратуры на твары. Чалавек трымаў у руках даволі тлустага памука, па ўсім было бачна, што чытаць гэта ў яго больш няма ніякай моцы. Дзяўчына сунула чалавеку пад нос запрашальнік і штосьці спытала. Чалавек шырока ўсміхнуўся, сказаў “айн момент” і кудысьці знік. Памука ён пакінуў на лаве, вартаваць, каб мы нічога не спёрлі.

Перейти на страницу:

Похожие книги