З неба ліло, трэба было ўспароць мой утульненькі заплечнік, які не ведаў прыгод большых, чым на дзве гадзіны адкладзены рэйс Бостан-Стамбул, ды знайсці ў ім парасон… Але ж як гэта зрабіць? Калі ў галаве ўсё блытаецца. Чаму той, у чорным, як мазут, шчацінні, спыніўся і вылупіўся на мяне? Аблічча, як у прусака. Пра што кажа дзіця таму дзядзьку? “Ці не паскубці нам тую вунь мокрую малпу”? Чаму ўсе абмінаюць мяне, як праклятага? Якія чароўныя ласункі ў той краме, вось бы пакаштаваць пахлаву…

І раптам, ужо на самае вяршыні гістэрыкі, калі хацелася бегчы – бегчы, куды заўгодна, абы не стаяць на месцы маўклівай зданню, ценем ахвяры, закатаванай ў чаканні выкупу – у момант унутранай цішыні, калі час спыніў свой бег, а сэрца сур’ёзна ўзважвала, ці варта працягваць біцца ў грудзях такога небаракі – я пабачыў дзяўчыну. Нават не так: я пабачыў не яе твар, не яе постаць, нават не хуткую ды энергічную хаду, а тое, што яна трымала ў руках. Пунсовы запрашальнік з раскошай кветак, напісаных так, быццам бы яны былі анталагічна больш важнымі за тую аголеную самку, што прысутнічала на кампазіцыі ў другаснай ролі (нібы ў ролі вазы, для якой кветкі прызначаліся). Неасэнсавана ды ненаўмысна я раскрыў тут сакрэт магіі гэтай шагалаўскай карціны, якая звяла нас разам: канечне, сэнс быў у гульні вобразаў, у тым, што кветкі сапраўды могуць быць больш важнымі за жанчыну, якой яны прызначаныя, жанчыну, што стаіць побач з імі аголеная. І гэта не пагарда да жанчыны. Гэта адзіная натуральная сітуацыя для таго, хто ўжо кахае кагосьці і таму не бачыць чужых цыцак, выключна чужыя ружы. І калі побач апынаюцца прыгажуня (не твая) ды букет (букет прыгажуні), дык цікавіць цябе толькі тое, як гэтае хараство (букет) зрабіць здабыткам той, хто для цябе – сэнс ды выратаванне. А факт належнасці аднаго хараства (букета) другому хараству (прыгажуне) для цябе не больш відавочны, чым прыналежнасць кветак вазону, у якім яны захоўваюцца.

Не, усё гэта – пурга, бо перада мной стаяла, нагадаю, дзяўчына, а ў руцэ ў гэтай дзяўчыны быў буклет, буклет з букетам з аголенай, той буклет, з-за якога я панікаваў тут пад дажджом, уяуляючы сабе ўласны лёс у пячорах сярод закладнікаў дзе-небудзь у Іярданіі (якое недакладнае беларускае слоўца! Гучыць амаль як Данія! Не тое, што нашае пагрозлівае Jordan, якое клацае ў вуха як засаўка АКМ-47, а ў сямейцы ўласных сэнсаў мае спасылку на хатні жоран для перамолвання кавы, якім так проста параніцца да крыві…). Калі я здолеў адляпіць погляд ад гэтага буклета ды хутка вывучыць тую, што яго несла, першым кінуўся ў вочы яе неверагодны спакой. Яна паводзіла сябе так, як быццам бы заблыталася на рагу 58-й ды 35-й вуліцаў ды разважала: варта звярнуцца да паліцэйскага ці лепей пачытаць шыльды на дамах і зрахавацца з мапай.

Я кінуўся да яе, кінуўся праз плошчу, па якой колам ішлі машыны – забыўшыся на ўсё, акрамя палаючага буклета з букетам. Зараўлі клаксоны, шмарганулі шыны па вільгаці асфальта, я ледзьве не загінуў, аднак Космас неяк так вывернуўся вакол уласнай восі, што абмінула.

– Прабачце, – гарлапаніў я здалёк, жэстыкулюючы ўсімі канечнасцямі, што апынуліся на маім целе дзякуючы ласцы Божай.

Яна спынілася і паглядзела на мяне з прыязнай цікавасцю, як на аўтамат для жэтонаў, што спрабуе камунікаваць на санскрыце.

– Калі ласачка! Вы не падкажаце, дзе тут зала, у якой выставілі Шагала? – я неяк не надта паклапаціўся аб правільнасці сказа, палову фразы памовіўшы ў present continuous (are you going to say me?), палову – у simple past.

Дзяўчына была вымушаная клапатліва запытацца, ці не прасцей мне будзе пабалбатаць па-французску, яна ведае трохі, але ж я запэўніў яе, што я native, but little bit overwhelmed English speaker. Не ведаю, ці вартыя былі мае словы даверу пасля прадэманстраванай шызоіднай граматыкі, аднак яна канчаткова перайшла на ангельскую, з’едліва адзначыўшы, што ў гэтым горадзе прыкметай добрага густу ў самагубцы з’яўляецца элегантны скок з маста праз Басфор. І што шукаць смерці пад коламі аўто ўжо даўно тут пайшло з моды.

Я быў настолькі ўзрушаны, што нават не адрэагаваў на сарказм, зрабіўшы кволы жэст далонню, які сігніфікаваў, што не, нармуль, так таксама нядрэнна. На фізічным узроўні я дзейнічаў у адпаведнасці з паўночнаамерыканскім канонам, згодна з якім, першае, што трэба спытаць у чалавека, калі той падляціць да цябе з такой мінай, як была ў мяне, гэта “are you ok?”. І жэст мой, такім чынам, быў адказам на пытанне, якое яна не задала. Яна кпіла, а я яе супакойваў – yes, I’m ok, don’t you worry! Яшчэ адной акалічнасцю, што спрычынілася да дысанансу ў гэтай уверцюры нашага знаёмства, быў выраз яе твару. Так, дзяўчына была спакойнай. Яна была і сур’ёзнай, нават не проста сур’ёзнай, урачыста сур’ёзнай. Вусны агучвалі гэтую лухту пра лепшае месца для самазабойства, а вочы пільна вывучалі, і ніводнай прыкметы жартаўлівасці, нават проста добрага настрою ў іх не было.

Прастадушна запытаўся:

– Вы таксама згубіліся, як і я?

Яна зноў тыкнула шпількай:

Перейти на страницу:

Похожие книги