Адсутнасць шыльдаў на ангельскай ці рускай мовах бянтэжыла, казытала нервы, аднак на каленях ляжала разгорнутая мапа. На ёй было пазначана “Gustepa”, і гэта збольшага адпавядала таму ландшафту, праз які мы рухаліся. “Збольшага” – таму, што вы ведаеце гэтыя турэцкія мапы – дакладнасці на іх не больш, чым у напісанні знакамітых лакальных брэндаў, такіх, як Naik, Abibas ці Levees. Як быццам бы туркі не надта цікавіліся правапісам, канцэнтруючыся выключна на агульным падабенстве. І калі Levees напісаны патрэбным шрыфтам, дык чалавек адразу ўцяміць намёк і набудзе свой тутэйшы Levi’s. Так і на маёй мапе: геаметрыя вуліц была пададзена вельмі прыблізна, Topkapi ператварылася ў Topcap, Beyoğlu – у Baiogliu.

У рэшце рэшт стваралася ўражанне, што ты знаходзішся ў горадзе-фэйку, у горадзе-падробцы, у таннай турэцкай версіі спрадвечнага Канстанцінопаля.

Gustepa, да якой я рухаўся вось ужо гадзіну, Gustepa, з якой усё пачалося, была ў запрашэнні пазначана як Goztepe. Аднак несупадзенне дзвюх літараў у Турэччыне – не нагода для ахтунгу. Я не браў да галавы. Я ведаў адно: горш, чым са мной ужо здарылася, – не будзе. Хай сабе ўвесь лацінскі алфавіт абляціць, як бэз у ліпені, будзе абрынуты турэцкім стаўленнем да сябе, горш мне ўжо не будзе.

– А што ў Гюстэпа? Нічога няма ў Гюстэпа! – мармытаў сабе пад нос кіроўца, а я рабіў чарговую спробу абудзіць ягоную здольнасць чуць чалавечую істоту побач і прамаўляў па літарах: C-h-a-g-a-l-l!

Яго рэакцыя была аслупяняльнай (if I can use it, Janka!). Ён спыняў сваё мармытанне, паварочваўся да мяне і пільна прыслухоўваўся, як быццам бы доктар да вар’ята. Запэўніўшыся ў тым, што гэты “Chagall” нічога яму не гаворыць, што гэта нейкая англа-саксонская бязглуздзіца (каб зрабіць гэтае слова турэцкім, трэба было б дадаць у яго якую-небудзь гукавую нечаканасць, кшталту “йю” перад “г”, каб ён стаў “Chaugal”), кіроўца вяртаўся да стырна і зноў рабіўся сканцэнтраваным на сваім каштоўным унутраным свеце, з яго ўпэўненасцю ў тым, што ўсё незразумелае проста не мае значэння.

Але ж усё мае свой канец, нават вандроўка, скіраваная наўпрост у лёс, не ў прастору, а ў жыццёвую геаграфію, your future self, I do not know, how to express it (maybe, cut it out?).

– Гюстэпа, – пляснуў у далоні кіроўца.

– Дзе? Where? – здзівіўся я.

– All around, – усміхнуўся ён. – Паўсюль.

Апынулася, што яму было ўласціва нават пачуццё гумару. А хто б мог здагадацца!

Навокал з выглядам грозным ды смурным значыліся акурат усе тыя даміны, якія напужалі мяне па дарозе. Думка аб тым, што зараз прыйдзецца выйсці з адносна бяспечнай таксоўкі ды ўступіць з імі ў экзістэнцыйны кантакт, нагадала мне пра той выпадак ў каледжы, калі пасля адной асабліва яскравай перамогі нашай каманды ў футбол я знянацку апынуўся ў O’Donnels, дзе якраз сумавалі над Guinness усе 11 гульцоў, што пацярпелі паразу.

– Тут ёсць якая-небудзь плочша? – у роспачы запытаўся я, і гэта было падобна да закліку па дапамогу. Не выключаю, што Майсей прыкладна такім тонам удакладняў, ці няма навокал зямлі запаветнай – перад тым, як выправіцца ў тую самую вандроўку. Пасля такога пытання, нават калі плошчы няма, яе трэба ўзвесці. І кіроўца пакаціў, паспеўшы хуценька нагадаць асноўную думку свайго жыцця:

– Нічога няма ў Гюстэпа!

Плошча, на якую мне прыйшлося скокнуць з таксоўкі з неспакойным страўнікам ды слабымі нагамі, была такой маленькай і такой няплошчай, што неяк адразу стала відавочна: ніякага Chagall я тут не знайду. Я намацаў у кішэні запрашальнік – глянцавая расчырванелая паперка з неверагодным шагалаўскім букетам – і пачаў чапляцца да людзей, памятаючы пра тое, што мой guidebook назваў раёны далёка ад цэнтра Стамбулу месцамі, дзе рыхтуюць тэрарыстаў, а белы чалавек можа быць спрытна захоплены ў закладнікі.

Жанчыны, да якіх я падскокваў, працягваючы выратавальны запрашальнік, не адказывалі наогул нічога, шарахаючыся ў бакі маўклівымі чорнымі ценямі, мужчыны спыняліся, выслухоўвалі маё пытанне “дзе тут выстава Шагала?!!?” ды вельмі ветліва казалі, нават з нейкім оксвардзкім пранонсам: “Не, дзякуй”. Першая ідэя – спыніць таксоўку ды ірваць адсюль куды-небудзь на Султанахмед – апынулася невыканальнай: таксовак тут не было наогул. Толькі аднолькавыя будынкі, аднатыпнасць якіх кампенсавала занадта вялікую (нерацыянальна вялікую, немагчыма вялікую) колькасць насельніцтва гэтага клятага горада. У Сусвета не было дастаткова адрозненняў, каб запаланіць імі гэтую частку Стамбула, і таму ўсё тут, як на задворках нейкай глабальнай сцэны, як у RPG з вялікай колькасцю NPC, было аднолькавым, нават ветлівыя незнаёмцы, нават жанчыны ў аднатыпных чорных страшных бурках.

Перейти на страницу:

Похожие книги