Вы ведаеце далейшы лёс “Вырая”, ведаеце, што “чэлес” яму прысудзілі ўжо ў канцы траўня, Вілаў на цырымоніі не з’явіўся, з-за чаго Сеціва абышлі мае фоты з гліняным фаласам, трыумфальна ўскінутым над галавой, якія некаму падаюцца надта вясёлымі (зайздроснікі распачалі кампанію цкавання “У Янкі Пільняка стаіць вышэй за галаву”, як смешна). Выдатна ведаеце вы і тыя падзеі, якія адбыліся праз два тыдні пасля цырымоніі: Насту ўзялі ў Вільні, у той самай кавярні CanCan, у якую яна паслухмяна з’явілася ў аўторак, бо ўрэшце прачытала тэкст. Цяпер яе месцазнаходжанне невядома, але зразумела, што яна недзе ў Беларусі, у тых месцах, адкуль даволі складана паведамляць аб уласным месцазнаходжанні. Дагэтуль невядома, якім чынам яе здолелі даставіць праз мяжу ў краіну, МЗС, МУС ды дзяржаўная бяспека Літвы ад каментароў на гэты конт адмаўляюцца, але ж ананімныя крыніцы прызнаюць, што гісторыя са “Сцюдзёным выраем” – самая эфектыўная спецаперацыя за ўвесь час існавання беларускіх спецыяльных службаў.

Джон Вілаў, тэкст якога здолеў зрабіць тое, што не зрабіў рэспубліканскі вышук, запыт у Інтэрпол ды сетка шпегаў па ўсёй Еўропе, знік з кватэры і хутчэй за ўсё з’ехаў у ЗША. Тыя, каго ўзрушыла яго гісторыя, лічаць, што Джону проста няёмка за тое, што ён спрычыніўся да арышту каханай, але ж гэта рамантычнае трызненне. Тутака я растлумачу вам, чаму гэта не так і што за чалавек насамрэч гэты Джон.

Я бачыў яго толькі аднойчы ў віленскай кнігакавярні. Тут адразу паўстае пытанне, якое я пакіну без адказу: ці сапраўды той “Джон Вілаў”, з якім я хлябтаў капучына ды разважаў пра літаратуру ў Вільні, быў чалавекам, якога бачыла ў Стамбуле Наста? Гэтая гісторыя складаецца ў вас на вачах з трох частак: месцам дзеяння першай з’яўлялася Турэччына, местам дзеяння другой – Літва, трэцяя будзе цалкам адбывацца ў Беларусі. І вельмі можа так стацца, што турэцкі Вілаў, з якім сустракалася Наста, ды літоўскі Вілаў, з якім сустракаўся я і прадстаўнікі дыяспары, Вілаў, што складаў (ці толькі перадаваў ужо складзеную) гісторыю іх з Настай “кахання” ў Турэччыне – гэта зусім розныя людзі. Адзіная, хто мог бы параўнаць ягоныя рысы ды прыйсці да нейкай высновы, Наста, цяпер ізаляваная і будзе ізаляваная яшчэ вельмі-вельмі доўга.

Людзі скептычныя не дадуць мне веры, бо скажуць, што ў мяне ёсць асабісты зуб на Вілаў: з-за паршыўца я пазбавіўся працы ў “Ахрэме”, бо яго галоўны рэдактар, Ванік Дастаеўскі, занадта сур’ёзна паставіўся да абвінавачанняў у тым, што выданне спрычынілася да арышту Насты. Але ж у стасунках з Вілаў – нічога асабістага. Я заклікаю ўспрымаць гэты тэкст як працу над памылкамі, спробу падкрэсліць чырвовным усе тыя “у” замест “ў”, якія я прамаргаў у першы раз. Калі б я быў больш пільным, трохі больш пільным…

Дык вось, першае, што насцярожвае ў тым Вілаў, які быў паказаны мне: вы памятаеце, як Наста адзначала, што ў яго ёсць схільнасць да лішняе вагі? Не, не памятаеце? Ну дык памятаю я, бо працаваў з гэтым тэкстам. Прагледзьце пільна сцэну іх расставання, і вы знойдзеце там – “ты баязлівы, ты забабонны, ты маеш схільнасць да лішняй вагі…” Дык вось, на сустрэчу са мной, прызначаную праз электронную пошту (дзе даведаўся пра маю персанальную скрыню – таксама пытанне), прыбыў сухарлявы, бы нямецкая аўчарка, мужчына каля трыццаці. У ім не заўважалася нават згадкі пра акругласць формаў, ён трымцеў ад уласнага выдатнага фізічнага стану. Вы можаце запярэчыць: маўляў, усё, што мы ведаем пра ягоную схільнасць да лішняе вагі, прыйшло да нас не ад Насты ўласнаруч, а ад той Насты, што размаўляе з намі ў тэксце. А тэкст напісаны ці ім самім, ці тымі структурамі, якія рыхтавалі спецаперацыю. І што мы можам даведацца з гэтага тэксту аб чым заўгодна, але ж не аб тым, што думала сапраўдная Наста пра сапраўднага Вілаў (а сапраўдны Вілаў павінен існаваць, інакш “фальшывы” Вілаў не завабіў бы Насту ў Вільню, дзе яе ўжо чакала дзяржбяспека). Але ж тут усё тлумачыцца проста: мабыць, першапачаткова тэкст рыхтаваўся пад іншага “актора”, які лепей падыходзіў да стэрэатыпнага ўспрымання амерыканцаў. Калі з’явіўся Вілаў №2, віленскі Вілаў у сваёй “фінальнай рэдакцыі”, тэкст не паспелі адаптаваць пад яго фізічныя асаблівасці. Такога роду памылкі вядомыя кожнаму, хто працуе з вялікімі празаічнымі фрагментамі, ёсць гарантаваныя шляхі іх пазбягаць, але ж тыя, хто кляпаў “Сцюдзёны вырай”, у першую чаргу былі занятыя турботамі зусім не літаратурнага характару.

Я намалюю вам яго партрэт – на той выпадак, калі раптам вы сустрэнеце калі-небудзь падазронага іншаземца, які выпячвае ўласную беларускамоўнасць ды падбухторвае паразмаўляць з ім пра таямніцы дыяспары ці грошы апазіцыі ці пра месцазнаходжанне астатніх двух ці трох “ворагаў народа”, нейтралізацыя якіх з’яўляецца прынцыповай дзеля беларускай стабільнасці.

Перейти на страницу:

Похожие книги