Я атрымоўваў лісты, напісаныя па-беларуску лацініцай. Вельмі доўгія сказы. Адмаўленне арфаэпічнай “пявучасці” дзеля імкнення нашпігаваць сказ сэнсамі. Была ў гэтай прыгажуні адна асаблівасць – занадта ж русыя валасы і наўгародскія вяснушкі на носе, але пра гэта пагаворым пазней. Пакуль я быў здзіўлены тым, якая вялікая прорва палягае ў гэтага Джона Вілаў паміж вусным маўленнем ды пісьмовымі навыкамі. Звычайна ў людзей, якія вучаць другую мову, тым больш, такую складаную, як беларуская, маўленне засвойваецца прасцей за пісанне (складанасці якога абумоўлены яшчэ і тым, што трэба прывучаць вока да кірылічнага алфавіту). “Мабыць, шмат практыкаванняў рабіў і вось авалодаў пісьмовай граматыкай”, – супакоіў я сябе. Я не разумеў тады, што за клавіятурай з таго боку сядзіць зусім не той лагодны, маўклівы амерыканскі італьянец, якога я спрабаваў угледзець за кожным новым прачытаным сакавітым беларускім словам (і дзе яны былі падчас жывой сустрэчы?). Не выключаю, што на скрыню мне прыходзілі лісты ад таго, хто быў змрочным рэжысёрам ці адным з рэжысёраў усёй гэтай спецаперацыі.

Урэшце, ён даслаў тэкст. Я не буду распаўсюджвацца тут пра якасці, бо занадта шмат сказаў на гэты конт у інтэрв’ю, якія папярэднічалі вылучэнню. Так, мне сорамна, сорамна, бо цяпер, калі сталі зразумелыя праўдзівыя матывы літаратурных заняткаў Вілаў, выглядае, што тэкст не толькі “геніяльны”, як паўсюль трышчаў я, але ж вельмі пасрэдны. Ну так, чарговая гісторыйка кахання. Чытво для слязлівых жанчын. Але ж зразумейце і мяне: нам трэба было штосьці супрацьпаставіць шумнай ды зусім не літаратурнай славе аднаго рускамоўнага выскачкі, які за грошы маскоўскіх карпарацыяў паспрабаваў загіпнатызаваць ды зачараваць беларускага чытача сваёй нібыта забароненай кніжачкай, узлезці на пастамент, на якім павінны стаяць беларусы. Беларусы, а не ён! Трэба было адказаць гэтай арміі дэманаў, за спінамі якіх – прывіды Пятра, Суворава, Мураўёва, ды адказаць адразу ўсёй грамадой, супольна, паказаць, што ў нас ёсць вартасныя беларускамоўныя тэксты. І што нават калі амерыканец здольны напісаць раман па-беларуску, дык што казаць пра тых беларусаў, якія блазнуюць, што не могуць засвоіць мову, небаракі! Цяпер робіцца зразумелым, што мае лепшыя памкненні былі выкарыстаныя, прычым зусім не для мэтаў літаратуры. Я прашу прабачэння ва ўсіх тых, каму не спадабаўся “Вырай”, але ж мы яшчэ стрэлім!

Вілаў растлумачыў мне, як працаваць з тэкстам: першая яго частка павінна была быць меней дасканалай у стылістычным плане, утрымліваць больш памылак нават пасля рэдагавання ды карэктуры, каб прадэманстраваць, як ён выказаўся “паступовае ўзыходжанне аўтара па прыступках валодання мовай” (штыль!). Я выпраўляў ліст за лістом, дасылаў яму, ён часцей за ўсё бясспрэчна пагаджаўся – вось тут была яшчэ адна прыкмета таго, што гэты тэкст напісаны не для літаратуры, што гэты тэкст – адна суцэльная спецаперацыя, бо ніколі аўтар не пагаджаецца маўкліва з тым, як хірургічна ўдасканальвае рэдактар ягоны шэдэўр. Вілаў жа спрачаўся толькі тады, калі размова заходзіла пра дэталі, прынцыповыя не для літаратуры, а для таго сцэнару, у які быў убудаваны гэты тэкст. Памятаю нашую доўгую палеміку аб тым, ці варта пакідаць дэталёвае апісанне вуліцы, на якой ён жыве, даваць такія шматлікія, аж да анёлу над варотамі, указанні, як яго расшукаць: я не разумеў, што ўсё гэтае было прынадай, вабай, якую ён рассейваў па тэксце на той выпадак, калі ахвяра спужаецца прамога запрашэння на спатканне ды будзе шукаць яго ўпотай (трэба разумець, што і ў “хаце” “Вілаў” яе таксама чакалі, як чакалі і ў кнігакавярні, у акадэміі мастацтваў – выглядае, што ў Вільні прапісалася значная частка “чакатараў”: які размах палявання, не па-беларуску шырокі размах, ці не так?

Я пакінуў у тэксце фрагменты нашай камунікацыі з аўтарам. На момант публікацыі яны мне падаваліся цікавымі рысачкамі да новаспечанага шэдэўра. Цяпер яны разумеюцца найперш як доказ, як партрэт сцежак, па якіх блукала яго мысленне падчас працы над пасткай. Усе яго “неразуменні” ды моўныя “няздольнасці”, якія выйшлі на паверхню, былі пабачаныя публікай, выглядаюць як выпадкова пакінуты на месцы тэракту чарцёж выбухоўкі, чарцёж, па якім можна зразумець нешта пра асобу смяротніка. Давайце ж возьмемся за фрагменты нітак, пакінутых Тэсеем у Лабірынце, ды паспрабуем прайсці па іх да Мінатаўра. Я спыняю расповед уласна пра знешнасць ды паводзіны Вілаў і пераходжу да аналізу гэтага паршыўца на больш тонкім узроўні – на ўзроўні тэкстуальным.

Карціць даць у друк чарнавік, аналізаваць не выпраўлены тэкст, а менавіта першапачатковы вырыянт, кудлатасці якога больш яскрава пацвердзяць усё тое, пра што я павяду размову. Але калі я зраблю так, мае зайздроснікі папракнуць мяне, што я сам прыдумаў моўныя хібы, пра якія пішу. Таму фундаментам для аналізу будзе надрукаваны ў “Ахрэме” тэкст, у якім ніхто нічога дзіўнага, здаецца, не пабачыў.

Перейти на страницу:

Похожие книги