Рост – метр семдзесят шэсць (ведаю, бо мы з ім прыкладна аднаго росту), твар выцягнуты, вушы трохі адтапыраныя, добра бачныя ў анфас пад коратка стрыжанымі валасамі. Наперадзе валасы значна радзейшыя, з-за чаго лоб падаецца больш высокім, чым ёсць насамрэч. Шчокі ў дагледжаным чарнявым шчацінні, там-сям у гэтай поўсці бачныя сівыя стрэмкі. Вочы запалыя, калі трэба было нешта прачытаць, карыстаўся акулярамі – круглыя, бы зробленыя з бурштыну: зразумела, што апрануць яго могуць у наступны раз у акуляры якія заўгодна, але ж вось і рысачка, якая застаецца з ім у любых акулярах, хаця б нават і шасцівугольных: калі чытаў, спускаў іх уніз, на самы кончык носа, і ўвесь час нервова папраўляў. Як правіла, такія звычкі ў людзей не змяняюцца гадамі, ды іх не пракантралюеш, бо адбываюцца яны на механічным узроўні, нібы цік. Агульнае ўражанне ад твару – ну нічога ў ім беларускага, нейкая мідзітэранія ці Італія.
Дык вось, сустрэліся, ён на мове так-сяк растлумачыў, што напісаў нешта па-беларуску, ён упарта называў гэта “творам”. І што жадае, каб я, менавіта я, бо ў мяне прыстойная рэпутацыя (у мяне сапраўды рэпутацыя прыстойная, ды пэўная вага ёсць у літаратурных колах, з гэтым не паспрачаешся, дык я і не здзівіўся), папрацаваў з гэтым “творам”, адрэдагаваў, калі трэба, падрыхтаваў да публікацыі як мага хутчэй. І што для яго вельмі прынцыпова, каб публікацыя адбылася ў “Ахрэме”, я потым сам зразумею чаму, калі дачытаю ў тэксце. І што за ўвесь клопат ён мне прапануе суму, ну як вам сказаць… Ну проста касмічных памераў. Асаблівасцю гэтага моманту ў беларускай літаратуры з’яўляецца тое, што кошт працы рэдактара закладаецца выдавецтвам (а выдавецтва ў нас адно, вы яго ведаеце) у “макет”. І рэдактары працуюць ці то за ідэю – дарэчы, самыя адданыя тым і займаюцца, маюць іншую звязаную са словам працу ды рэдагуюць без узнагароды, дзеля таго, каб наступнікам было, што чытаць, каб наша пустое стагоддзе захавала хоць некалькі літаратурных помнікаў з іх прозвішчамі на падножжы. Тыя, хто працуе за грошы, жывуць вельмі сціпла, бо пражыць на тыя 100 баксаў, якія сарамліва кладуць у капэрце (гэта ў лепшым выпадку, калі кніжачку фінансуе нейкі фонд ці амбасада!) – немагчыма. У працэсе выпякання кніг твой статус зменшаны да статусу аўтападкрэслівання словаў з памылкамі ў PageMaker: арфаграфія чырвоным, сінтаксіс – зялёным. А тут чалавек прапанаваў суму, за якую, як зноў жа шырока ўжо вядома (і шырока дамыслена ў Сеціве і нават пастаўлена ў доказы маёй асабістай “заслугі” ў Настынай трагедыі), я набыў аднапакаёвую кватэру ў Менску.
Адзначу, што ўзровень ягонай вуснай мовы быў значна горшым за мову тэкста, які прыйшоў мне на скрыню праз два тыдні пасля сустрэчы. Тут бы мне ўзрушыцца, запытацца: як так можа быць? Як чалавек, які толькі і можа, што запытаць: “Вы будаце кофэ ці капучыны”, піша такія пранікнёныя радкі? Хіба не дзіўна выглядаў ужо першы абзац з развагамі пра снежань пасля ягонай няўдалай спробы пераказу сюжэта, спробы, у якой былі пераблытаныя канчаткі, часы ды націскі. Гаварыў ён хутка, не буду адмаўляць, але ж значная частка тых сказаў, у якіх было больш за два выказнікі, засталася для мяне незразумелай, бо ўяўляла сабой граматычную блытаніну: як быццам хтосьці ўсыпаў жменю канчаткаў ды лексічных асноў у банку з-пад распушчальнай кавы, патрос як след ды высыпаў на стол. Што да чаго выпадкова прыляпілася, тое і было агучана. Добра яшчэ, што ён падчас сустрэчы не казаў ні аб чым прынцыповым, разважаючы пра Памука, якога мог у родным склоне ў адным сказе ўжыць як “Памуку”, у другім – як “Памукаў”, у трэцім раптам вылазіў “Памукс”, які, мабыць, паходзіў ад “ценю ангельскага `s”, што яшчэ паўставаў у яго беларускай. “Але ж”, –падумаў я і ўзважыў, ці вартая нават тая цыклапічных памераў сума, якая была прапанаваная мне, высілкаў корпання з тэкстам, напісаным чалавекам з такой дрэннай мовай. Але авантурызм перамог. Да таго ж, карцела паглядзець, што ўжо ён там накрэмзаў.
Я вярнуўся ў Беларусь, і мы пачалі камунікаваць з ім праз пошту. Тут адбылася дзіўная метамарфоза – ягоная мова расквітнела ды пахарашэла, як дзяўчынка, якая наблізілася да сексуальнага сталення. Я не скажу, што гэта была такая ўжо сфармаваная прыгажуня, там-сям яшчэ чапляла вока падлеткавая неахайнасць, вуглаватасць, але ж у гэтай мове пазнаваўся той, хто напісаў “Вырай”. Гэта была такая моўная Лаліта – трохі больш высілкаў, і праз паўгода-год выхаваецца асляпляльнае прыгажосці “Міс свету ад Беларусі”. А можа, і не. У тым уся прывабнасць лалітаў, што яны могуць ператварыцца ў звычайную бляклую цяжарную сучку, а могуць успырхнуць у нябёсы матылём. Іх пераходны статус утрымлівае адначасова ўсе якасці, уласцівыя непрывабным падлеткам ды самым фемінным істотам на зямлі, кшталту тых, што дэманструюць па Fashion TV.