Спачатку сюжэт. Недзе на ўскрайках Стамбулу да Насты, якую шукаюць усе д’яблы Пекла, падыходзіць чалавек, які робіць выгляд, што ён гэтаксама, як яна, заблытаўся ў пошуках музея, у якім выстаўлены Шагал. Чалавек мае схільнасць да лішняе вагі і павінен выглядаць тыповым амерыканцам (яшчэ адзін чыннік адпрацоўваць віленскую ды стамбульскую часткі аперацыі двума рознымі “акторамі” – таго, першага, англамоўнага, прыйшлося б вучыць беларускай мове, а не факт, што ён быў да яе здольны!). Я правяраў праз Сеціва: у той год, калі паўсюль слухалі “Кросфайрз” Флаўэрса, сапраўды ў Стамбуле праходзіла выстава Шагала. Але ж гэта было залішнімі высілкамі з майго боку, бо сапраўднасць выставы пацвярджалася хаця б тым, што Наста маўкліва пагадзілася з тэкстам, у якім выкладалася менавіта такая гісторыя іх знаёмства, адрэагавала, прыехаўшы ў Вільню.
Ці можам мы паверыць, быццам проста так супала, што Вілаў трапіў у тое ж “Гюстэпа”, што і Наста? Што два чалавекі ў адзін і той жа час, па хвілінах ды секундах, апынуліся ў адным і тым жа – няправільным – месцы? Што яны памыліліся ў адным і тым жа кірунку? Ці, хутчэй, выглядае, што за ёй сачылі ды проста выкарысталі яе памылку як нагоду для таго, каб падкінуць ёй Вілаў? Ці нават стварылі гэтую памылку з дапамогай “выпадковага” “дарадцы”, які накіраваў яе не туды? Тэкст сцвярджае, што Вілаў наблізіўся да яе таму, што ў яе далонях быў запрашальнік на выставу. Хто і дзе ёй яго даў? Ці не прадстаўнік усёй гэтай гоп-кампаніі? Дарэчы, для чалавека, які знаходзіцца ў вышуку, які збег з радзімы ды павінен хаваць свае планы, даволі ненатуральна цікавіцца жывапісам. Тым больш, гойсаць па горадзе з запрашальнікам у далонях. Не веру! Чамусьці цяпер я ўяўляю сабе наступную сцэнку: Наста, пад паркай, згорбіўшыся, каб толькі не пазналі, выходзіць з падземкі ды сутыкаецца з доўбнем, які выглядае безабароннай істотай, і гэта ў Вілаў у далонях – запрашальнік, гэта Вілаў запытваецца ў яе, як прайсці, бо ён так згубіўся!
Заўважце, разлік у гэтым выпадку быў бяспройгрышны, бо зроблены з улікам індывідуальных асаблівасцяў Насты, ейнага памкнення дапамагаць усім і кожнаму. Хлопцы, якія зацягнулі яе ў гэтыя небяспечныя кварталы, добра ведалі яе біяграфію, ведалі пра той эпізод на плошчы, калі яна выцягвала групку збянтэжаных студэнтаў-птушанят з-пад шыхтоў АМАПу (як яе не замялі ў той момант? Але ж усё добра бачна на відэа, якое выкладзена на YouTube, бачна, як яна рыкае: “Не бегчы! Счапіцца! Адыходзіць павольна, разам!”). Зноў жа, адзначым, што з усіх іншаземцаў, якія маглі напаткаць яе там, у Гюстэпа, быў абраны амерыканец – прадстаўнік англамоўнай нацыі, ангельская мова – адзіная, якую Наста больш-менш ведае. Чаму – чыста статыстычна – яе не напаткаў француз? Ці немец, які ні слова не разумеў па-ангельску? Ці не дзіўнае гэта супадзенне?
Пройдзем далей па спісе супадзенняў. Англамоўны іншаземец, які патрабаваў дапамогі, апынуўся мастацтвазнаўцам, патэнцыйна найлепшым суразмоўцам пра Шагала. Нейкім дзіўным чынам гэты мастацтвазнаўца, спецыялізацыя якога – рускае мастацтва, амерыканец, у якіх усё грамадства трымаецца на вузкай спецыялізацыі, здолеў разважаць пра Шагала. Ці бывае так?
Заўважце, нават з тэксту вынікае, што Насту падчас сустрэчы турбавала пачуццё пераследу. Мы ўсе добра ведаем гэты прыкры халадок чужых вачэй на ўласнай патыліцы, які суправаджае гэбэшныя “праводкі” ды сачэнні. Яна магла не бачыць тых спецыялістаў, якія пляліся за імі ўслед, але ж яна адчувала іх. Мы ведаем Насту як моцную, узважаную асобу, якая б не стала істэрыць на пустым месцы. Сцэна, якая дэманструе нам прыпадак параноі, істэрыку, не магла ўзнікнуць проста з-за аслаблых нерваў – не такая Наста асоба. Яна бегла, яна спрабавала схавацца – схаваць сябе ды небараку Джона, не разумеючы, што менавіта ён і з’яўляецца чыннікам неспакою, што ён – той маяк, які наводзіць пераследнікаў.
Мы не можам цяпер даведацца, ці сапраўды той чалавек у кавярні прыйшоў за ёй, але ж сцэна з гандляром салепу нібы паўтарае тое, што адбылося пазней у Вільні (цяпер не ўсе дэталі літоўскай аперацыі вядомыя, але ж дакладна вядома, што яе стамбульская баязлівасць быць атручанай мела пад сабой рэзон). Скончылася ўсё менавіта шэкспіраўскім атручэннем (будзем спадзявацца, што далей у тым тэксце, у які афармляецца гісторыя Настынага жыцця, мы даведаемся пра падрабязнасці).