І вось, мабыць, тая рытуальная сур’ёзнасць, з якой я выканаў гэты абмен пазыўнымі, вымусіла яе пырснуць: у першы раз за ўвесь час яна не проста ўсміхнулася, яна зарагатала ўголас! Смех у яе быў вельмі зазыўны, як пах вакол KFC для таго, хто нічога не еў увесь дзень.

– Гартэнзія!

Я не бачыў падставы для рогату і ўспрыняў гэта як праяву добрага настрою, задаволенасці тым, што мы нарэшце даведаліся, як завемся. Я падтрымаў яе рогат усмешкай і дадаў:

– І ты любіш мастацтва?

Гартэнзія зарагатала яшчэ грамчэй:

– Чаму ты так лічыш?

– Ну, ты йшла на выставу Шагала…

Зноў выбух рогату. Гартэнзія нават некалькі разоў паўтарыла: “Люблю мастацтва”. Нібы ёй гэтая мая здагадка падалася вельмі смешнай. Выглядала, што мастацтва яна не любіла.

– Давай цяпер я буду рабіць здагадкі, – прапанавала яна. –Ты – амерыканец.

– Дакладна! А як ты здагадалася?

– Белая цішотка пад блакітнай кашуляй.

– А так хіба што толькі амерыканцы…?

– Ды нават без гэтага… Дыснееўскі мультфільм, які першым узгаданы у сувязі з лятучым дываном. Зварот да суразмоўцы на інгліш без традыцыйнага “do you speak…?” Правільна! Навошта пытацца? Увесь свет размаўляе на тваёй мове! Парыж і Барселона – правінцыя Штатаў, бо там ведаюць тваю мову не найлепшым чынам і балбочуць на ўласных дыялектах. Тваё абурэнне, калі зразумеў, што я ехала на метро – а там жа так жудасна! Гэта ж такая bad area! Ну і Гартэнзія… Ты мяне прабач… Гартэнзія – самае смешнае…

– Ды што такое?

Я ўсё не мог зразумець.

– Гартэнзія – гэта ж інтэрнацыянальнае слова, hortensia, ну! Гэта расліна! Ай, ну як табе растлумачыць! Ну не можа быць у чалавека такога імя! Як геранню ці кактусам звацца!

– А, прабач… То ты не Гартэнзія?

– Не, – яна пасур’ёзнела. – Я Чазенія.

– Вельмі прыемна, Чазенія, – зноў я працягнуў сваю далонь, употай спадзеючыся, што будзе яшчэ адна нагода легальна дакрануцца да яе…

– Які ж ты легкаверны! Які ж! – Яна пахітала галавой. – Чазенія – гэта назва вялікага літаратурнага твора! Не ведаў?

– Не. Я наогул літаратурай не сапсаваны…

– Як! Ты не чытаў “Чазенію” Германа Мелвіла?

– Гэта пра кіта? – ажывіўся я.

– Калі б пра кіта. Не так крыўдна для мяне было б. Гэта пра глістоў. Пра тое, як у Каларада знайшлі новую пароду глістоў, “чазенія вульгарыс”. Распаўсюджваюцца праз бульбу, чарвякі такія, у чорныя рыскі. Глісты амаль захапілі ўвесь свет і кіравалі гаспадарамі праз іх страўнікі, насаджаючы новы сусветны парадак, скідаючы ўрады і дэстабілізуючы кантынент за кантынентам. Аднак супермен з паўночнай Беларусі перамог іх з дапамогай special ability, “дыкла-форса”, “dick-low-force”! Не чуў? Ну гэта такая асаблівая форма дэструктыўнай сексуальнасці, у якой сродкам фізічнай моцы выступае няздольнасць да фізічнага кантакту. Ну і, карацей, зарубіў чэл глістоў уласным не стаячым “дзікам”.

– Прабач, Гартэнзія, я не ведаў, што я мог абразіць цябе параўнаннем з глістом.

(Janka, I haven’t found “Chasenia” on Amazon.com. Could you please send it to me? Preferably in English).

І тут яна зрабіла нешта неверагоднае: запусціла далонь, сваю палкую, хуткую далонь мне ў валасы ды пачухала іх. І панібрацтва ў гэтым было значна менш, чым шчырай пяшчоты і зычлівай прыязнасці. Яна падалася да мяне і напаўшэптам, як вялікую таямніцу, паведаміла тое, што вымусіць зараз цябе, нецярплівы беларускі чытач, здрыгануцца:

– Я – Наста.

– Вельмі прыемна, Наста, – працягнуў я ёй далонь (у які ўжо раз!). Яна шыкнула на мяне, хутка зірнуўшы на кіроўцу – быццам ён мог уяўляць нейкую пагрозу. Ён, напатканы на выпадковай вулачцы ў Стамбуле, ці выпадковы сам? Як ён там з’явіўся і што рабіў? Не, я не маю права здзіўляцца таму, як яна хавала сваё імя. Там, у той таксоўцы, я не ведаў нічога, і, дурнаваты, перапытаў:

– Што, гэта таямніца – тое, што ты – Наста?

– О, так! Вельмі вялікая, – адказала мая загадкавая спадарожніца з інтанацыяй, якая прымусіла мяне прымоўкнуць і працягваць шэптам.

– У тваёй краіне імёны бароняцца ад дурных людзей, як у абарыгенаў Танзаніі?

– У маёй краіне за маё імя можна мець вяяялікія траблы! – з нейкай нават гардзялівасцю адзначыла яна.

Мне падалося, што яна здзекуецца, занадта ўжо “Наста” падобная да ангельскага “Nasty”, непаслухмяны (-ая), каб тут даць веры (асабліва пасля “Гартэнзіі” ды “Чазеніі”). Гэтыя запаволеныя рэакцыі былі асаблівасцю нашай камунікацыі: калі яна кпіла, я быў безабаронны, калі ж пачала размову па шчырасці, я ўсё чакаў нейкай падкалупкі. Дзе мне было зразумець, што ёсць цэлая краіна, дзевяць мільёнаў, краіна, для якой гэта спалучэнне гукаў, нават без прозвішча, проста – “На-ста”, з’яўляецца сімвалам, якога адныя люта баяцца, іншыя толькі з ім звязваюць уласныя, неабгрунтаваныя, як мроя, спадзяванні.

Перейти на страницу:

Похожие книги