Нінка, як і Петракова Кацярына, была старэйшай за Рудзьку, але наколькі, Найдзін не пытаўся. Калі кінуць вокам на сябраву жонку, то здавалася — мінімум гадкоў на восем.
«Жонка трэба вопытная, жыццём бітая,— заўважаючы Петракоў ацэньваючы позірк, гаварыў Рудзька.— Ды і ты сваю не з манастыра прыхапіў і не са школьнай парты. Пасцель усіх раўняе: і старэйшых, і маладзейшых. Ноч, браце, матка — не спі гладка»,— зухавата ўсміхаўся Рудзька, робячы па-вясковаму практычныя высновы.
Тралейбус спыніўся на Другім кальцы, адсюль пехатою да сябравага гаража хвілін пятнаццаць, а можа, крыху больш. Пятрок не спяшаўся. Навошта, нічога палаюча-тэрміновае не гоніць у шыю. Дзень казачна-цудоўны. Хоць тут, у горадзе, і не надта заўважаеш. У вёску б цяпер. У іхнюю Асінаўку. Прайсці па Бярозавай грыве з кошыкам, сярод хрусткіх верасоў і папаратнікаў, зрэзаць некалькі дзясяткаў чорных груздоў ці ўзбрысці нечакана на познія апенькі… Ды, урэшце, хоць бы падыхаць на поўныя грудзі. Падыхаць паветрам дзяцінства, прысеўшы пад бярозкамі ці сасною на купчастым лясным грудку і, закінуўшы галаву, углядацца да кружэлак у вачах у роўнае, па-восеньску паніжэлае неба. Але ўсё гэта толькі мары. Пустыя мары пра вёску-нябожчыцу.
Пятрок страсянуў галавою, прыпыніўся на незаасфальтаванай дарозе-праездзе між гаражоў, дастаў пачак цыгарэт, прыкурыў. Салодка зацягнуўшыся, не спяшаўся выпускаць дым. Адсюль ён ужо бачыў расчыненыя дзверы Рудзькавага гаража. Значыць, падышоў не раней за гаспадара. «Хы, маленькая радасць, а прыемна»,— па-дзіцячы ўсміхнуўся сабе Найдзін, азірнуўся па баках, там-сям дзверы гаражоў былі адчынены. Аўтааматары паўцякалі ў выхадны дзень ад жонак сюды. «Добрае вынаходніцтва — гараж. Не, выдатнейшае вынаходніцтва чалавецтва — гараж».— Пятрок, не вымаючы цыгарэты з вуснаў, пашыбаваў да дзвярэй Рудзькі Ганьчына.
I калі зазірнуў у цемнаваты прасвет, то заўважыў, што сябра корпаецца ў салоне свайго патрыманага «вольва». Бразгацеў там нейкімі жалязякамі. Лёгка праціскаючыся між машынай, старэнькай зашмальцаванай канапай і вузенькім самаробным столікам з падслепаватай лямпачкай, Пятрок знянацку шмаргануў за нагу заюшанага сябра, якая вытаркалася з-за дзверцаў. Рудзька похапкам выпраміўся. Скураная шапка звалілася з галавы, і курчавыя, як у каўказца, валасы разбэрсана пырснулі ва ўсе бакі, чуб прыкрыў вочы.
— Во, халера, аж сэрца ёкнула ад нечаканасці,— замест прывітання буркнуў Рудзька,— Злодзеем табе трэба працаваць. Прабраўся, як мышка, я нават і не ўчуў.— Нарэшце ён выбраўся з машыны, выцер аб паношаныя джынсы далоні і па-сяброўску абхапіў Петрака за плечы.
— Здароў, мядзведзь, здароў.
— Прывітанне, уласнік.
— Ды і ты не на сухарах з вадою жывеш. Бачу: фэйс ад’еў на Кацярыніных харчах, аж ільсніцца вунь.
— Дурыла ты, Рудзька. Проста трэба не ленавацца есці, для гэтага і зубы нам дадзены.
Сябры прыселі ля століка на канапку.
— Думаў, не прыедзеш ужо. Сяджу з добрую гадзіну, чакаю. Заманала жонка работай. Дываны і паласы прыперла ёй сёння выбіваць, чысціць сямейнае гняздзечка. Аднекнуўся, сказаў што машына забарахліла пасля паездкі да маці. 3 вулічнага таксафона табе бракнуў.
— Пасля званка я і выехаў.
— Пяшком за гэты час дайсці можна.
— А ты дайдзі, разумнік.
— Ну, ну, хопіць агрызацца, Пятрок-петушок.— Петушок — вясковая мянушка Найдзіна.— Я такі гасцінец ад маці прывёз! Давай стол ладзіць.— Рудзька шчоўкнуў багажнікам.— Памагай разбіраць пакункі. Мамуля-акуратыстка ўсё асобна загарнула. Пастарэла яна ў мяне, здала бабуля. Не тая ўжо, якой была ў Асінаўцы. Пра цябе распытвала, прывітанне перадавала, а калі налівала самагон, то загадала «з Петраком па чарцы ўзяць». Як-ніяк, а былыя ж суседзі.
Не спяшаючыся, хлопцы расклалі на століку вясковае смакоцце: нарэзалі сала, вэнджанага мяса, спелых памідораў, бочкавых агуркоў, наскрылялі цыбулі, хлеба. Ганьчын пасяродку ўціснуў двухлітровую пластмасавую бутэльку з гарам.
— Ты ўсё яшчэ не навучыўся куляць без запіўкі? — зірнуў Рудзька на Петрака.— Пара, брат, пара хлебам занюхваць, а ты мінералкай разбаўляеш прадукт. Па дарозе купіў для цябе бутэльку, ва ўнутранай кішэні курткі вазьмі, на вушаку вунь вісіць, бачыш?
— Ыгы.
Сябрукі селі вакол століка.
— Рудзь, адкуль такой парою ў вёсцы свежаніна? Мо там, пад Бабруйскам, лясы добрыя, дык ты дзіка заваліў, га?
— Перад копкай бульбы бацька падсвінка прыціснуў. Спецыяльна для такой пары гадавалі. Ну, давай, па першай прычасцімся.— Рудзька набулькаў у стограмоўкі і, узняўшы чарку, прамовіў звычны тост, які паўтарала за кожным застоллем ягоная жонка Ніна: — Хай здохне той, хто нас не любіць. Будзьмо, сябрук.— I кульнуў чарку. Нюхнуўшы хлеба і заеўшы агурком, зірнуў на Петрака: — Чаго ў руцэ грэеш, гэта табе не каньяк, смачнейшай не стане. Цягні, не бойся, Марына ўласнаручна гнала, бачыш, як сляза, чыстая. Ці ты ўжо сваёй Кацькі баішся? Калі выганіць,— Ганьчын блазнавата выскаліў зубы,— то прапішу рось на гэтым тапчане,— ён ляснуў далонню па зашмальцаванай канапцы.— Якраз памесцішся, ды і дзевак прыводзіць можаш. Як такая прапанова, га?