— Сентыментальны. Глухаманню беспрасветнай была наша Асінаўка. Жылі як на востраве. Чаго там шкадаваць? Пасля Чарнобылю людзі хоць свет пабачаць, па асфальце паходзяць, у ваннах пад гарачай вадой паплёскаюцца. А то ўсё чорныя лазні ды парэпаныя рукі ад зямлі.
— А чаго ж твае не захацелі ў горад — да цёплых кватэр і тратуараў? Выбралі вёску.
— Дурныя,— буркнуў Рудзька,— У брудзе нарадзіліся, у ім жа і памруць.
— Цюхцяй ты, Ганьчын, і цынік.
— Няхай. У іх, нашых бацькоў, сваё жыццё, ў нас сваё. Чаго ты па пустым галосіш ды енчыш? Стаяла б тая Асінаўка ці не, а ўсё роўна ж мы б паўцякалі ў горад. Што, я не правы?
— Як паглядзець.
— Ды не траві ты мульку! Не гавары абы-чаго. Пераносіць не магу, калі людзі скуголяць для прыгожага слоўца. Самаачышчэння шукаюць. Усе мы аднолькавыя. Памятаеш казанне, што рыбіна шукае, дзе глыбей, а чалавек — дзе лацвей?
— Душа ў цябе, Рудзька, пустая, нікчэмная.
— Куды мне да вас, таварыш інтэлігент.
Пятрок зірнуў на сябра, баючыся, каб той не пакрыўдзіўся. Ведаў яго наравісты характар, успыльчывасць. Але Рудзька ўсміхаўся. Ягоныя арэхавыя вочы праменілі святло і цеплыню,
— Дудук, ты здзекуешся з мяне! — пагрозліва выдыхнуў Найдзін.
— А то.
— Не навучуся разбірацца, калі шуткуеш, а калі гаворыш сур’ёзна.
— Часцей з Кацькай у госці запрашайце.
— Ты і так нярэдкі ў нас.
— I мне часцяком сніцца Асінаўка,— Рудзька разліў па чарках.— Толькі хто гэта зразумее, каму раскажаш? Вярэдзіш сам сабе душу і ўсё. 3 табою вось успомніць можам, таму што разумеем адзін аднаго і памятаем наша дзяцінства, мінулае. А паспрабуй нешта сказаць пра родны куток маёй Нінцы. Грэбліва ўсміхнецца і скажа: «Дзярэўня, завяжы шнуркі на гумовіках». Вось так яно, браток. Трэба жыць будучым, а не мінулым. Давай па гэтай чарцы шмарганём і прагуляемся. Няхай галава крыху выветрыцца. Да вечара яшчэ далекавата, а прыцемкам козак на машыне здымем.
— Каму што, а папу кадзіла.
— Не баіся, скрамняга, Кацька не ўведае.
***
Таццяна ўжо чакала, калі Кацярына падышла да ўмоўленага месца сустрэчы. Хоць і выхадны дзень, але тут, на «Кастрычніцкай», было шматлюдна, як і па буднях. За вынаснымі столікамі пад рознакаляровымі тэнтамі-грыбкамі вулічных кавярань бавіла час моладзь за кубачкам кавы ці бутэлькай піва. Народ радаваўся цёпламу дню, бязветрыцы і вольнаму часу. 3 расчыненых дзвярэй «Макдональдса» цягнула пахамі чысбургераў, смажанай бульбы і саладкаватых дэсертаў. Еўропа.
— Прывітанне, сяброўка, даўно чакаеш?
— Хвілін пяць.
— О! Прабач, Таццяна. Транспарт падвёў.
— Нічога. Я паспела якраз марожанае з’есці. А то прыйшлося б з табою ячшэ дзяліцца.
— Ты ў сваім амплуа.
— На гэтым і стаю,— Таццяна шчоўкнула абцасікам.
— Дзякуй, што выцягнула з хаты. Пятрок з‘ехаў да сябра, а мяне нудота агарнула, успаміны ў галаву роем палезлі.
— Старэеш, дзяўчынка.
— Так ужо і старэю? Мне б пярэднія зубы даставіць і на ўсе шаснаццаць пацягну.
— Не гняві Бога. Няхай свае служаць.
— Якая ў нас сёння праграма?
— Спачатку піўком пабалуемся. Я тут бачыла піцерскае. А пасля пройдзем да вуліцы Казлова, сядзем у метро — і ў Батанічны сад. Далей ад тлуму гарадскога. Там райскі вугалок. Пасля вясны ні разу і не заскочыла туды. Як ты? Згодна?
— А чаму б і не? Займай месца, а я — за півам.— Кацярына расшпіліла зашчоўку сумачкі, зазірнула.— У цябе цыгарэты ёсць?
— Пару штук.
— Вазьму па пачцы. «L&М» пойдзе?
— Тое, што доктар прапісаў.
— Пра гэта нікому,— нахілілася Кацярына над вухам Таццяны.— А то паўгорада рынецца да мяне ў паліклініку за рэцэптамі.
— Ігрывы сёння ў нас настрой, сяброўка.
— Сонца ж навокал, золата каштанавых лісцяў, і мы свабодныя, без прыгляду-нагляду, як белапарусныя яхты ў адкрытым сінім моры.
Таццяна села за незаняты столік, а Лазебная прыладкавалася ў даўгаватым хвасце чаргі за пляшачным піцерскім півам. Апошнім часам беларусы, як запраўскія бюргеры, раскаштавалі гэты напой. «Новае пакаленне выбірае піва! «Спрайт» — для чахотачных. Вось гэта рэклама! Журналістка ўва мне яшчэ не памерла».
Дзяўчаткі моўчкі прыгубілі піва з бутэлек. Цяпер вельмі ж модна стала піць з рыльца. Маўляў, чым мы горшыя за амераканцаў ці тых жа немцаў або французаў. Мода модай, ды паціху яна стала ўжо звычкай беларускіх гарадчукоў. А раней жа, гадоў дваццаць таму, піць з рыльца віно альбо піва лічылася вялікай заганай, на гэта мелі права толькі закончаныя выпівохі. Чалавек, які лічыў сябе інтэлігентам, абавязкова патрабаваў шклянку. Як тут не прыгадаць славутае выказванне «Усё цячэ, усё змяняецца».
Піва і цыгарэты — неад’емныя атрыбуты сённяшняй моладзі. Добра гэта ці не — вырашаць кожнаму паасобку. Сам-насам.
Таццяна першая распачала пачак «Bonda».
— Бяры, сяброўка. А мо ты ўжо кінула?
Кацярына грэбліва скрывілася, уздыхнула: