Максім не адказаў. Рыбіна хаатычна цягала вуду. Цяпер яна пайшла ўлева. Мужчына падумаў, што даўно не адразаў першыя мэтры плеценага шнура, хаця вельмі рэзкіх бровак і не было, аднак рыбіна ўсё адно магла перацерці яго аб дно. Зь цяжкасьцю, але ён прыбраў яшчэ адзін абарот. Рыбіна мусіла ўжо стаміцца, але стомы ў ёй не адчувалася. Затое стома была ў Максіме, яму забалела сэрца. Такое здаралася. Ён не зьвяртаў увагі.

Рыбіна пацягнула настолькі моцна, што Максім зрабіў крок наперад і адною нагой устаў на камель, які ляжаў у вадзе паралельна берагу. Амаль адразу рыбіна аслабіла лёску, Максім адышоў назад і скруціў яшчэ амаль два абароты.

– Лезьці? – ня вытрымаў Віктар.

– На сасну. Далёка яшчэ. Ня схопіш.

– Ткача б адправілі, – Віктар засьмяяўся.

Ён падбег да вяза, што стаяў справа і за якім пачынаўся трысьнёг, бо гэтае месца берагу найбольш удавалася ў ваду і было крыху вышэйшае. Адтуль напраўду было можна скочыць па ляшча, калі прыйдзе час. Максім паспрабаваў узгадаць профіль дна на сарака абаротах, але занадта хваляваўся для гэтага.

Ён паставіў тоўсты канец фідара на зямлю і ўпёрся ў яго нагою.

– Ды што там? Выцягвай яго ўжо, – Віктар страціў цярпеньне. Ён зайшоў Максіму за сьпіну.

Але рыбіна ўпіралася так, што выцягнуць яе хутка было немагчыма. Паўхвіліны сыходзіла на тое, каб зрабіць адзін абарот ручкі.

– Што тут у вас? Валера прыйшоў? – запытаў Ткач і зьбег па схіле ўніз да сяброў. – Інфа сто адсоткаў, гэта Валера! Дай сюды!

Ткач выхапіў у Віктара падхватнік і кінуўся зь ім наперад. Ён скочыў на камель, а зь яго – у ваду. Адразу сышоў з галавою, над хвалямі засталіся толькі рукі, што сьціскалі падхватнік. Віталь кінуў яго на бераг і вылез сам.

– Чо вы не сказалі, што там глыбока? Я ж плаваць ня ўмею! Хто б мяне ратаваў – Валера? Я там ляшча набываю, а яны тут рыбу цягнуць, блін. Паўляма заламіў, бляха. Ды пайшоў ён да д’ябла з такімі коштамі!

З адзеньня Віталя струменьчыкамі цякла вада. Калі мужчына скочыў па ляшча, Максіму прыйшлося спусьціць адзін абарот, бо рыбіна пацягнула мацней, відаць, пачуўшы, як далі нырца.

Але, па падліках Максіма, палову шнура ён зматаў. Падцягнутая да берагу рыбіна пачала зноў сыходзіць управа. Максім узьняў фідар і пакрысе, намагаючыся выбраць як мага болей лёскі, пайшоў да дрэва, туды, адкуль хацеў скочыць у ваду Віктар. Той жа, разумеючы, што рыбіна будзе сыходзіць у трысьнёг, прайшоў яшчэ правей і пакрочыў да вады праз зарасьці. Хутка ён прайшоў трысьнёг і ўстаў па самыя грудзі на чыстай вадзе.

Максім дайшоў да дрэва і ўпёр вуду ў яго. Скруціў яшчэ два абароты.

– Усё, Макс! Валера з намі! Адпускай! – Віктар злавіў рыбіну ў падхватнік.

Максім сеў на зямлю і прыхіліўся сьпінаю да дрэва. Фідар папоўз у ваду, бо яго за шнур падцягваў Віктар. Максім адкінуў дужку. Тут жа ён усьвядоміў, што амаль такі самы мокры, як і Віталь. І яшчэ ў яго вельмі балела левая рука й лапатка. Ён выцягнуў цыгарэту й запаліў. Віктар з трэскам выходзіў з зарасьцяў.

Калі ён наблізіўся, рыбіну ад Максіма закрыў Віталь. Яны са шваграм глядзелі на яе моўчкі. Было чутно, як яна скокае ў падхватніку.

– Макс, цягні бязьмен. Будзем фіксаваць нацыянальны рэкорд па лоўлі ляшча.

Максім устаў. Закруцілася галава. Ён асьцярожна падышоў да мужчынаў. Лешч быў амаль чырвоны й займаў увесь падхватнік.

– Ён у торбе. – Максім паказаў рукою. Віталь пайшоў па бязьмен. – Давай да машыны аднясем, яшчэ ў ваду выскача.

– Гэта не Валера. Я яго ня ведаю, – сказаў Ткач. – Але падобны. Можа, гэта ягоны стрыечны – Валярон.

Яны ўзьняліся да вогнішча. Ляшча Віктар так і трымаў у падхватніку. Ткач знайшоў самы вялікі плястыкавы пакет, які быў. Сталі перакідваць ляшча ў яго, і рыбіна напраўду выскачыла й трапіла ў вуглі. Некалькі разоў падскочыла, запэцкаўшы абодва бакі ў сажы, перад тым як Віктар схапіў яе і даў рады засунуць у плястык.

Бязьмен паказаў шэсьць кіляграмаў дзьвесьце трыццаць грамаў. Максім настолькі моцна адчуваў смурод твані, што амаль бачыў, як ён вырываецца з-пад плястыку. Ткач зьбегаў па рыбнік і перакінуў ляшча ў яго. Рыбіна ўсё яшчэ моцна супраціўлялася.

– Адмыць яго трэба, чо ты чорнага дахаты павязеш. – Віталь панёс сетку да берагу і ўкінуў у ваду, добра прывязаўшы.

Максім таксама вярнуўся да вады і сеў у крэсла.

– Э, дык а што з Валерам-та рабіць будзем? Я за яго паўляма аддаў.

Толькі цяпер Віктар і Максім заўважылі, што на беразе ляжыць лешч, вельмі падобны да таго, якога зранку прыносіў мясцовы.

– Блін! – сказаў Максім. – Можа, назад яму аднясі. Ён мне цяпер непатрэбны.

– Чаму назад? Гэта вельмі дарагі лешч. Я за яго паўмільёна аддаў, паўтараю. Я яго сабе пакіну. Прынясу дахаты. Скажу, глядзі, жонка, глядзіце, дзеці. Гэта мой сябар Валера. Зараз мы будзем яго есьці. Прам сырога завалім. Можа, сушы зробім. Мне будзе пашана й павага. Бацька паехаў па ляшча – бацька прывёз ляшча. А таго, маленькага, я дачцэ падару, хай у школу аднясе, перад сяброўкамі пахваліцца.

Максіма папусьціла. Дзе ўзяць паўмільёна, каб аддаць, ён ня ведаў.

– Дык гэта ж не Валера, – уставіў Віктар.

– Чаму ты так вырашыў? – спытаў Ткач. – Каго я прызначу, той і Валера.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже