Незнаёмы працягваў глядзець на Віку ва ўпор. Нечакана ў ягоных вачах мільганула насмешка, і ён паглумліва схіліў галаву. Рэзкім рухам ён выцягнуў велізарны паляўнічы нож з выявай трыкутніка на лязе. Убачыўшы гэта, дзяўчына сціснулася ўсім целам і ўскрыкнула, але гук голасу быў заглушаны далонню таго, хто трымаў яе. Чалавек з нажом між тым правёў кончыкам сваёй зброі па назе дзяўчыны, не націскаючы моцна, каб не парэзаць вопратку і не параніць сваю ахвяру. Затым Віка адчула, што лязо нажа ўпіраецца ў вобласць сэрца. Ведучы руку са зброяй невядомы не пераставаў тарашчыцца ў вочы перапалоханай дзяўчыны. Ён падчапіў нажом сумачку, якая вісела на плечыку ахвяры і, зняўшы яе, апусціў уніз на брук. Затым ён прысеў побач з торбай і пачаў капацца ў ёй, відавочна, спрабуючы нешта адшукаць. Нягледзячы на страх дзяўчына адчула сорам ад таго, што незнаёмы, з мярзотнымі, празрыстымі вачыма, корпаўся ў яе асабістых рэчах, старанна абмацваў іх і бесцырымонна выкідваў ёй пад ногі. Здавалася, яму гэта дастаўляе задавальненне. Нарэшце, ён выцягнуў яе тэлефон і, схаваўшы нож, падняўся перад Вікай у поўны рост. Здзек у ягоных вачах імгненна патух, ён махнуў таму, хто трымаў дзяўчыну, і яна адчула штуршок у спіну, ад якога не змагла ўтрымацца на нагах. Зваліўшыся наперад і абадраўшы каленку, Віка пачула, як рэзка сарваліся з месца тыя, хто трымаў яе.
Дзяўчына паднялася, папраўляючы вопратку і імкнучыся супакоіцца. Яна сабрала рэчы, выкінутыя з сумачкі, назад. Тэлефон, з дапамогай якога Віка магла б патэлефанаваць у міліцыю, скралі, а бегаць і клікаць на дапамогу сярод белага дня ёй не хацелася, ды і ў гэтым, строга кажучы, не было вельмі вялікай неабходнасці, бо цяпер ёй ніхто не пагражаў.
Трохі прыйшоўшы ў сябе, дзяўчына выглянула з аркі і, да свайго здзіўлення, убачыла чалавека з празрыстымі вачыма, які стаяў непадалёк і трымаў яе тэлефон.
У жаху дзяўчына адхіснулася і пабегла па праходзе ўглыб, але, раптам, злосць захліснула Віку, яна спынілася і сціснула кулачкі.
«Гэта мой тэлефон, там куча патрэбных нумароў, а гэтыя нахабныя паразіты нават не думаюць уцякаць з ім. Цяпер, у рэшце рэшт, белы дзень. Тут не лес, а цэнтр горада…» – пранеслася ў галаве дзяўчыны.
Яна разгарнулася і рашучым крокам выйшла з аркі назад на вуліцу. Убачыўшы, што выкрадальнік яе тэлефона ўсё яшчэ там, яна адчула прыліў страху, але тут жа, пабароўшы яго, гучна крыкнула:
– Аддайце мой тэлефон!
Голас яе дрыжаў ад хвалявання, але яна яшчэ мацней сціснула далоні і пайшла за загадкавым чалавекам, які як быццам адмыслова дражніў яе, пакручваючы ў руцэ тэлефон.
Незнаёмы ўсміхнуўся і павольным крокам, нібы запрашаючы Віку ісці за ім, пайшоў у бок помніка Ажэшкі. Затым ён павярнуў направа, да старадаўняга асабняка, вядомага тым, што яго некалі займалі масоны, і, прайшоўшы скрозь прыгожыя, пафарбаваныя ў цёплы колер, вароты – прапаў з вачэй.
Віка паскорыла крок і згарнула за незнаёмцам. Той ужо быў ля самага асабняка, а побач стаяў іншы суб'ект, мабыць, той самы хто трымаў Віку, пакуль чалавек з празрыстымі вачыма корпаўся ў яе рэчах.
У гэтай частцы горада было даволі людна, што надало дзяўчыне больш упэўненасці. Удыхнуўшы глыбей і сціснуўшы вусны яна рушыла наперад.
Двое незнаёмцаў і не думалі ўцякаць ад дзяўчыны, яны спакойна зайшлі за асабняк, зноўку знiкшы з вачэй. Віка яшчэ паскорыла крок і згарнула ўслед за рабаўнікамі. Падышоўшы да краю абрыву, у якога была размешчана былая рэзідэнцыя масонаў, Віка павярнула галаву налева, але не ўбачыла тых за кім ішла. Затое, яна заўважыла, што на высокім ганку з калонамі, якія падтрымлівалi вялікі балкон, вісеўшы пад спічастымі вокнамі, стаіць чалавек у цёмным плашчы, з доўгімі сівымі валасамі.
– Добры дзень, Вікторыя, – сказаў чалавек нізкім голасам, – тое, што вы шукайце ў мяне.
Парыў ветру ўзвіхурыў яго сівыя пасмы і адчыніў плашч. Ён падняў правую руку і паказаў дзяўчыне яе тэлефон, які ён трымаў сваёй вялізнай далонню, апранутай у скураную пальчатку.
– Хто вы такі? Хутчэй аддайце, а то мне давядзецца паклікаць на дапамогу, – сказала Віка злёгку дрыготкім голасам.
– Вы атрымаеце тое, што хочаце, паненка. Так, так і будзе. Не хвалюйцеся. Мае людзі вас напалохалі. Гэта зроблена спецыяльна. Так, знаёмства павінна было вас уразіць. Вы павінны хоць бы прыблізна разумець з кім маеце справу. Павінны разумець, што я не жартую.
Віка стаяла скрыжаваўшы рукі на грудзях, адчуваючы страх пераходзячы ў абурэнне.
– Мяне клічуць Якаў, – прадставіўся чалавек. – Якаў Панурыш.
Гэтае імя чамусьці здалося дзяўчыне знаёмым.
– Вікторыя, вельмі прыемна, – машынальна сказала Віка, адразу зразумеўшы, як глупа ў дадзенай сітуацыі гучаць яе словы.
Яна збянтэжана апусціла галаву, а чалавек у цёмным плашчы ледзь чутна засмяяўся і сказаў: