– У вашым тэлефоне, у запісной кніжцы, запісаны час. У гэты час мы з вамі ўбачымся зноў. Можаце ўзяць сваіх сяброў гісторыкаў, але калі вы прывядзе каго-небудзь яшчэ – сустрэча не адбудзецца. На гэтай сустрэчы вы пазнаеце адказы на свае пытанні: гаворка пра вашы знаходкі. Гэтая сустрэча для вас абсалютна бяспечная, тым больш з вамі будуць вашы сябры. Але калі вы не прыйдзеце, тады не будзеце ў бяспецы. Вам сёння паказалі, што вы не павінны адчуваць сябе ў бяспецы нават у такім бяспечным месцы, як гэтая вуліца, калі асабіста я не хачу, каб вы былі ў бяспецы. Такім чынам, да сустрэчы.
Чалавек злёгку пакланіўся, павярнуўся і зайшоў унутр асабняка…
– Ах так, ледзь не забыўся. Ваш тэлефон ужо ў вас у сумцы.
Віка, не верачы словам незнаёмца, павольна засунула руку ў сумачку і адразу ж адчула пальцамі гладкую паверхню тэлефона.
Ціхае журчанне вады даносілася знізу даліны. У размешчанага непадалёк дома Элізы Ажэшкі бяздомны кот падкрадваўся да зграі галубоў, якія былі напагатове і хутка адыходзілі далей ад галоднага паляўнічага, але пакуль не спяшаліся ляцець. Сонца ўсё так жа свяціла, але амаль не грэла, а з даху асабняка масонаў капала вада, прымушаючы бурліць лужынку, поўную сонечных іскрынак. Усё было ціха і спакойна, а небяспечныя незнаёмцы проста зніклі.
Ашаламелая дзяўчына пайшла хуткім крокам да галоўнага ўваходу ўніверсітэта Янкі Купалы. Ёй хацелася патрапіць туды, дзе шмат людзей. Шок ад таго, што адбылося ўжо прайшоў, і Віка адчула стомленасць і спутанность думак. Цяпер, акрыяўшы ад узрушэння, яна не магла паверыць у тое, што адбылося.
Прайшоўшы праз галоўны вестыбюль універсітэта, яна трапіла ў доўгі калідор, у канцы якога згарнула направа і апынулася ва ўніверсітэцкай сталовай. Памяшканне не адрознівалася асаблівай утульнасцю, але затое было напоўнена маладымі людзьмі, якія зайшлі папоўніць сілы перад вучобай.
Купіўшы сабе гарбаты ў пластыкавай кубачцы, Віка села за свабодны столік. Узяўшы тэлефон, які цяпер нагадваў ёй аб не самых прыемных момантах, яна не без страху адкрыла запісную кніжку і пра сябе прачытала запіс пакінуты там:
«Тры гадзіны ночы, на тым жа месцы…»
Падняўшы вочы, Віка спыніла погляд на адной кропцы і задумалася. Праз імгненне яна ўжо набірала чыйсьці нумар.
– Алё, – сказаў у трубцы мужчынскі голас.
– Мечык, – голас дзяўчыны ўздрыгнуў, і яна нечакана для сябе самой ледзь не расплакалася.
– Што? Што такое, – голас гісторыка гучаў трывожна, ён адразу зразумеў, што з дзяўчынай нешта не так.
– Прыязджайце як мага хутчэй у сталовую Янкі Купалы. Добра? Хутчэй, – сказала Віка.
– Добра, – адказаў Мечык.
– Вазьмі Уладзіміра. Мне трэба сёе-тое сказаць вам.
– Я зразумеў, мы хутка будзем, – голас Мечыслава гучаў упэўнена. – Усё нармальна?
– Ну, не сказаць, каб зусім усё было нармальна, але не хвалюйцеся. Проста, калі ласка, прыязджайце хутчэй, – адказала дзяўчына.
– Ясна! Мы едзем. Галоўнае не хвалюйся.
– Чакаю на вас, – адказала Віка і трохі памарудзіўшы, паклала тэлефон на столік, а затым агледзелася вакол.
У зале было мноства вясёлых студэнтаў, і нічога пагрозлівага. Але пасля перажытага дзяўчыне здавалася, што ў залю можа ўвайсці той самы невыразны чалавек з празрыстымі і бяздушнымі, як у рыбы, вачамі.
Не паспела Вiка выпіць і палову сваёй пластыкавай пасудзiны, як ля ўваходу ўжо стаялі Мечыслаў і Уладзімір, абводзячы залю вачыма. Дачакаўшыся погляду Мечыслава ў яе бок, Віка памахала яму рукой. Гісторыкі пайшлі да сяброўкi, і занялі месцы за столікам.
– Ну што? Што такое? Што Лiтвакас, а? – закідалі яны Віку пытаннямі.
– Ён… ён… – дзяўчына адчула, што можа заплакаць, але справілася з сабой.
– Што? – спытаў Мечык.
– Ён… ён толькі параіў мне кінуць гэтую справу… прадаць яму артэфакты, – блытана загаварыла дзяўчына.
– Прадаць! – абурана сказаў Мечыслаў. – Ага, зараз.
– А потым, уявіце, ён уцёк, а на мяне напалі.
– Напалі… – амаль спалохана прамовіў Уладзімір.
– Хто? – прагыркаў Мечыслаў.
– Не ведаю. Нейкія людзі. У іх быў нож. Яны скралі мой тэлефон, але потым вярнулі, і там быў запіс. А адзін з іх, ну, як бы галоўны, асабліва мяне напалохаў. Яго завуць Якаў Панурыш. Так ён сказаў.
– Трэба ў міліцыю патэлефанаваць, мне здаецца, – ціха вымавіў Уладзімір.
– Нож? Скралі тэлефон? – пытаўся Мечык, які, відавочна, быў у раз'юшаным стане.
– Цяпер тэлефон у мяне. Я ў парадку, толькі калена пабіла, – сказала Віка. – Галоўнае гэта тое, што яны пакінулі ў маім тэлефоне запіс.
Дзяўчына ўзяла тэлефон і, павадзiўшы пальчыкам па экране, аддала яго Мечыславу, да якога адразу ж пасунуўся бліжэй Уладзімір.
– Тры гадзіны ночы, на тым жа месцы, – прачытаў Мечыслаў услых, а Уладзімір варушыў вуснамі, чытаючы пра сябе.
– Ён сказаў, што я магу прывесці вас, – прамовіла Віка.
– Мы пойдзем, я хачу паглядзець у вочы гэтаму чалавеку. Што гэта за стварэнне, якая нападае на дзяўчыну сярод белага дня, у цэнтры нашага горада. Якаў? Якаў Панурыш? Ягонае імя гучыць для мяне неяк знаёма. Хм… Так! Я сапраўды хачу зірнуць на гэтага таварыша.
– Можа быць, разумна ўсё ж такі паведаміць у міліцыю, бо тут жа напад і пагроза нажом? – ціха спытаў Уладзімір.