– Так? – спытаў Мечык.
– Глядзіце, – сказала Віка, паказваючы на адно з вокнаў асабняка, – там быццам бы святло. Такое святло як быццам там гараць свечкі.
Усе трое паглядзелі на стары дом, якi некалі служыў прытулкам для загадкавых масонаў.
– Не разумею, – сказаў Мечык, – там павінна быць сігналізацыя і, па-мойму, нават ахова. Як гэтыя людзі трапілі ўнутр?
– Можа быць гэта вартаўнік, – асцярожна выказаў сваю здагадку Уладзімір, але па ягоным твары было відаць, што ён сам не верыць у тое, што свечкі запаліў той, хто прызначаны гаспадарамі будынка яго пільнаваць.
– Я, здаецца, нават бачу адну са свечак побач з акном, – нягучна сказала Віка.
– Дзе? – спытаў Мечык.
– Вось там, на другім паверсе, – адказала дзяўчына.
Уладзімір толькi пакруціў галавою. Было бачна, што яму вельмі не хочацца ісці на сустрэчу з нейкімі невядомымі яму людзьмі ў вялікi і змрочны дом, ахінуты шэрым халодным туманам. Ён пачухаў за вухам і сказаў:
– У жыцці не ўдзельнічаў у такой дзіўнай гісторыі. Я рады быў пазнаёміцца з вамі, зразумейце мяне правільна, сябры, але гэта ўсё… Я проста цяпер выразна разумею, што мы ўліплі ў нейкую дзіўную, калі не сказаць злавесную, гісторыю. Гэта ўсё, па-мойму, небяспечна.
– Ты абсалютна маешь рацыю, – сказала Віка, – даруй нам, калі ласка. Дзякуй табе велізарнае і… Мечык! – звярнулася яна да седзячага за рулём гродзенскага гісторыка. – Можа нам варта м-м-м… адпусціць Уладзіміра, каб ён не рызыкаваў трапіць у непрыемнасці?
– Ды не, – амаль прашаптаў Уладзімір, – цяпер я вас ужо не пакіну, – вымавіў ён ужо больш гучным голасам.
Віка ўсміхнулася Уладзіміру і паглядзела на Мечыслава, які без перапынка сачыў за асабняком і стукаў пальцамі па рулі, часам глыбока ўздыхаючы і ёрзая ў крэсле.
– А што цяпер знаходзіцца ў будынку? – пацікавіўся Уладзімір.
– Здаецца, друкарня ўніверсітэта, ці нешта накшталт таго, – адказаў Мечыслаў.
– Якая гадзіна, сябры? – спытала Віка.
– Без пяці хвілін тры гадзіны, – адказаў Уладзімір.
– Значыць, нам пара! – рашуча сказаў Мечыслаў і адкрыў свае дзверы.
Праз імгненне трое сяброў ужо стаялі на вуліцы. Пар ад іх дыхання быў быццам частка туману, якi ахінаў усё вакол. Яны застылі на месцы, адчуваючы, як холад праймае цела скрозь вопратку. Мечыслаў паварушыў пальцамі ў пальчатцы і накіраваў бралок на машыну, якая, коратка пiкнуўшы, зачыніліся. Не змаўляючыся, Віка, Мечыслаў і Уладзімір рушылі да асабняка.
– Холадна, – ціха сказала Віка, пакуль яны павольна ішлі да будынка.
Адкрыўшы дзверы, яны зайшлі ўнутр. Пахла свечкамі і чымсьці накшталт ладану, паветра было як быццам бы густое і цяжкае. Злева быў праход на другі паверх. Туды вяла крутая лесвіца. Пастаяўшы, моўчкі ў нерашучасці, маладыя людзі пераглянуліся.
– А… – пачаў Мечык, але ў гэты момант на лесвіцы паказалася постаць чалавека ў дзіўнай шапцы, насунутай на твар.
Чалавек зрабіў траім гасцям гэтага загадкавага дома знак рукой, і пайшоў наверх. Сябры зноў пераглянуліся і пайшлі сьледам за чалавекам, які павольна падымаўся па рыпучай лесвіцы. Іх крокі здаваліся гучнымі, а старыя прыступкі не толькі парыпвалі, але і, як быццам, злёгку прагіналіся пад іх нагамі. Паход наверх заняў усяго некалькі імгненняў, але здаўся сябрам вельмі доўгім. На нагах у чалавека паблісквалі сярэбраныя зоркі, гэта чамусьці асабліва здзівіла Віку, якая не пераставала пільна глядзець на іх.
Нарэшце яны дасягнулі мэты. Перад іх тварамi было даволі вялікае памяшканне, з вокнамi занавешанымі чорнымі шторамі. Тут былi тоўстыя васковыя свечкі ў кароткіх срэбных падсвечніках. Падняўшы галаву можна было ўбачыць невялікі купал.
– Роўна тры гадзіны, – сказаў чалавек, што стаяў у цэнтры залы і трымаў у руках старадаўні гадзіннiк на ланцужку.
Па кутах стаяла некалькі маўклівых людзей, з апушчанымі галовамі ў дзіўных шапках, сярод іх быў і праважаты ў ботах са срэбнымі зорачкамі.
– Вам, дарагая пані, я ўжо знаёмы, а з вашымi сябрамi я з задавальненнем закумплююсь. Я – Якаў Панурыш, – сказаў чалавек, гледзячы то на Віку, то на Мечыслава, а затым ён зiрнуў на Уладзіміра, на якім і спыніў позiрк сваiх цёмных, змрочных вачэй. Ад гэтага мінскі госць злёгку зморшчыўся і ўдыхнуў глыбей сухое паветра цёмнага пакоя.
Мёртвая цішыня павісла ў памяшканні, чуваць было толькі патрэскванне свечак. Так працягвалася даволі доўга, пакуль Панурыш рэзка не зачыніў вечку гадзіннiка, прымусіўшы Віку мімаволі здрыгануцца ад пстрычкі гэтай срэбнай вечкi з прыгожай залатой літарай P і маленькай, выкладзенай дробнымі дыяментамі, кароннай.
– Да справы, – нягучна, але чамусьці з пагрозай, сказаў Панурыш. – Вы граеце ў гульню, а я буду вас накіроўваць, каб вы маглі… – тут Панурыш памаўчаў секунду, – выйграць, тое, што вы павінны.
Пры гэтых словах Якаў усміхнуўся сябрам, паказаўшы драпежны выскал магутных пярэдніх зубоў.
У гэты момант на Мечыслава нарынулася нечаканая нават для яго самога лютасць. Ён злёгку прыстукнуў нагой і, цэдзяцы кожнае слова, зло сказаў:
– Вы дазволілі сабе пакрыўдзіць дзяўчыну і за гэта…
– Напэўна вы хочаце сказаць, што я за гэта адкажу, дарагі Мечыслаў, – перапыніў яго Панурыш.