– Што? Што гэта такое? – крычаў Мечык, шалёна круцячы руль.
Віка сядзела моўчкі, здавалася яна знаходзілася ў шокавым стане. Уладзімір круціў галавой, хмурыўся і чухаў патыліцу, як быццам не мог зразумець, дзе ён і што з ім.
– Адкуль там мянты?! – амаль крычаў Мечыслаў. Потым ён крыху супакоіўся і на цэлую хвіліну замоўк.
– Гэта было нешта, – прамовіў Уладзімір, старанна расціраючы лоб далонню.
– Мне здалося, што гэты Панурыш, ці як там яго, лічыць, што гэта ты выклікаў міліцыю, – устрывожана прамовіў Мечыслаў.
– Не, вядома, не, – слабым голасам адказаў Уладзімір.
– Адкуль жа яны ўзяліся?
– Можа быць убачылі водсветы свечак у вокнах, – выказаў здагадку мінчанін.
Мечык памахаў галавой на знак таго, што сумняваецца ў гэтым. Віка працягвала сядзець моўчкі і глядзець на падлогу.
– Віка, ты як? – спытаў гарадзенскі гісторык.
– Добра, не хвалюйся, Мечык, – адказала дзяўчына, падняўшы на яго свае шэрыя вочы, у якіх чыталiся спакой і нават нешта накшталт затоенай весялосці.
Ацаніўшы цёплы погляд сваёй спадарожніцы Мечыслаў вырашыў, што яна сапраўды ў парадку і злёгку зменшыў хуткасць. Зрабіўшы паварот, ён праехаў яшчэ трохі і затармазіў ля свайго дома. Выйшаўшы з машыны, ён адкрыў вароты і вярнуўся ў салон аўто.
– Зараз заедзем, – прамармытаў ён сабе пад нос, націскаючы на педаль.
Загнаўшы машыну ў гараж Мечыка, сябры яшчэ некаторы час сядзелі моўчкі, пакуль Уладзімір не сказаў:
– Мечык, патэлефануй Фёдару, ён, здаецца, павінен быў нас страхаваць, скажы, што ўсё нармальна.
– Ды ўжо ж нармальна, – прамармытаў гродзенец і дадаў ужо гучней.– Зараз.
Пасля званка Фёдару, які быў п'яны ўжо пад вечар і нават не памятаў, што яго пра нешта прасілі, Мечыслаў сказаў:
– Цяпер пойдзем у дом. Асэнсуем.
Трое сяброў выйшлі з машыны і накіраваліся ў дом Мечыка, у вокнах якога прызыўна гарэла цёплае святло. Жонка гісторыка завіхалася на кухні, а яго маленькі сыночак, якi чамусцi не спаў, засяроджана круціў колы машынкі, што ляжала на велізарным пухнатым дыване.
– Гэта мы, – сказаў Мечыслаў жонцы, якая ўсміхнулася і спытала:
– Ці будзеце чай? Кавы?
– Так-так, чай, – прагаварылі госці хорам.
Пасля яшчэ некалькіх фраз з жонкай кампанія адправілася ў далёкія пакоі дома.
– Дык, што ён там нёс, гэты тып? – прамовіў Мечыслаў, залазячы на сваё любімае крэсла, Віка акуратна сядзела на крэсле, што стаяла каля вакна, а Уладзімір стаяў побач з дзвярыма.
– Хм-м-м-м, – прамычаў мінчанін.
– Ён сказаў, што мы з Вікай і ёсць тыя самыя выбраныя, – працягнуў Мечык, – але ж гэта брэд нейкi. Прычым тут мы, калі гэтая запіска Панятоўскага была зроблена ў васемнаццатым стагоддзі. Лухта.
Віка ўзняла вочы ўверх.
– Так, гэта ўсё выглядае нейкім коміксам. Я іх люблю, але самому быць героем коміксу, усё-ткі вельмі дзіўна, – сказаў Уладзімір, гледзячы на Віку, якая апусціла галаву і склала ручкі на каленках.
– Нас трэба расставіць, па каралеўскіх сядзібах у адпаведнасці з нашымі прозьвішчамі, – сказала дзяўчына, – вось так.
– Расставіць. Ага. Як нейкія шахматныя фігуркі, – прамовіў Мечыслаў.
– Так… – задуменна вымавіў Уладзімір.
– Дарэчы, я толькі цяпер падумаў, – сказаў Мечык, – што міліцыянты маглі нас запомніць, а мы ж знаходзіліся ў гэтым будынку ноччу, гэта ж незаконна, так? – апошнія словы гісторык вымавіў з пытальнай інтанацыяй і адразу ж, ударыўшы па стале рукой, дадаў. – Ідыёцкае пытанне! Ну, зразумела, гэта незаконна, – Мечык іранічна хмыкнуў і паляпаў сябе па лбе.
– Я думаю, яны нас не запомнілі. Гэтыя хлопцы з імі так хутка разабраліся, а галоўнае добра разабраліся, што ім бы ўспомніць куды яны ўвогуле прыходзілі, – сказаў Уладзімір.
– Спадзяюся, з імі ўсё ў парадку, – устрывожана сказала Віка.
– З кім з імі? – спытаў Мечык.
– Ну з… мянтамі, – адказала дзяўчына з запінкай, як бы саромеючыся слова «мянты».
– Гэтым і елку можна на галаве зламаць, асабліва таму першаму, і ўсё будзе добра, – адказаў Мечыслаў усміхнуўшыся.
– Ну дык, – таксама ўсміхнуўшыся, пацвердзіў мінчанін.
– А ты не заўважыў, там дзе-небудзь былі камеры? Ну, у будынку або вакол? Дзесцi мы патрапілі ў кадр? – прамовіў напружана Мечык.
– Ды не, – адказаў Уладзімір, – я ўсё праверыў, там было чыста.
– Ты прама Джэймс Бонд, – сказаў Мечык сур'ёзна, але тут жа не ўтрымаўся ад усмешкі, а яшчэ праз імгненне засмяяўся. – Ды і мы ўсе Джэймс Бонд, – дадаў ён скрозь смех.
Мінскі госць таксама стаў смяяцца і нават на вуснах сур'ёзнай Вікі з'явілася ўсмешка, а праз некалькі імгненняў і дзяўчына далучылася да двух усмешлівых гісторыкаў і яе прыемны смех зьмяшаўся з іх вясёлым рогатам.
Тут у пакой увайшла жонка Мечыка з невялікім падносам, на якім стаялі чайныя кружкі.
– Я бачу вам весела. Вельмі добра, – сказала яна і, усміхаючыся, паставіла паднос на невялікі столік.
– Дзякуй! – сказала Віка.
– Дзякую, – дадаў Уладзімір.
– Дзякуй, мілая, – прамовіў па складах Мечык, весела гледзячы на жонку.
– Калі ласка, – адказала тая і выйшла з пакоя, маючы хітры выраз вачэй.