– Ну, з тымі іншымі?
– Тыя, якія цябе як зайца гналі?
– Ну так.
– Гэтых няма. Не прыйдуць, не бойся, малец.
Уладзімір памаўчаў і спытаў:
– А патэлефанаваць ад вас нельга. Ёсць у вас тэлефон?
– Быў ды паламаўся, унукі кажуць, што новы прывязуць, але ты не хвалюйся, хутка ўнучка з Мінска прыедзе, прывязе мне сёе-тое, а ў зваротны шлях цябе захопіць. Ты ж мінскі?
– Мінскі, – радасна адказаў госць.
– Ну вось.
– А хутка гэта калі?
– Ды зусім хутка. Прывязе, што трэба і назад віхрам. Да вечара ў Менску будзеш.
Уладзімір паківаў галавой і нават заплюшчыў вочы ад задавальнення.
«Да вечара ў Менску…» – падумаў ён.
Але тут жа ўспомніў, што нічога толкам не ведае пра тое, што адбылося ў яго дома. Ад чаго ўсё ж такі здарыўся пажар? Як там яго жонка? Гэтыя пытанні раптам разам нахлынулі на гісторыка.
– Пайшлі паямо, дахадзягу, – сказала Марыся, памахваючы рукой. – Толькі акуратна ўставай, усё-ткі слабенькі шчэ.
Праз хвіліну Уладзімір і яго гасцінная гаспадыня сядзелі на маленькай кухнi, дзе гісторык з добрым апетытам еў нейкі наварысты суп з глінянай талеркі.
– Гэта вам не вашае гарадское, з сурагатаў, так што лопай, малец, як трэба, – заўважыла, пасміхаючыся Марыся.
Паеўшы, госць апрануўся і выйшаў з хаты. Жыллё Марысі ўяўляла з сябе дыхтоўную хату, на самым ускрайку лесу. Больш паблізу ніхто не жыў. Цудоўны зімовы дзянёк у беларускім лесе настройваў на добры лад. Удалечыні мінчанін заўважыў тое самае возера.
– Ну як табе, басяк, падабаецца? – пачуў Уладзімір голас бабы Марысі, якая выйшла ўслед за ім на ганак.
– Ну так, – адказаў ёй гісторык.
– Я б цябе папрасіла дроў насекчы, але ў цябе рука баліць жа. І дарэчы, каб і не хварэла лапа, я ўсё роўна лепш цябе накалю. Тупай у дом, малец, не халадзiся тут.
Госць вярнуўся ў дом, а праз хвіліну за ім зайшла і баба Марыся.
– Уладзімір, – нечакана сур'ёзным голасам сказала гаспадыня, – пойдзем я табе нешта пакажу, пакуль унучка не прыехала.
Яна адкрыла люк у склеп і, спусціўшыся ўніз, памахала госцю рукой на знак таго, каб ён ішоў за ёй. Уладзімір стаў спускацца па даволі крутой лесвіцы. Рабіў ён гэта з вялікiм высiлкам, паколькі ўсе ягоныя мышцы страшна нылі пасля начнога марш-кідка. Урэшце ён стаў на дошкі, пакладзеныя на зямлі. Памер адкрытага для погляду памяшкання здзівіў яго: яно было не менш за дзесяць метраў у даўжыню і пяць у шырыню. Усё вакол было застаўлена гаршкамі, збаночкамі і вялізнымі катламі. На вяроўках віселі дзесяткі пучкоў, сабраных з самых розных траў. Было там і велізарнае драўлянае кола, і дзіўнай формы камень, пакрыты незразумелымі пісьмёнамі. У такіх дэкарацыях выгляд у Марысі быў па-сапраўднаму загадкавы ды чароўны.
– Ты бачыў дзіка? – ціха спытала Марыся.
– Так, – гэтак жа ціха адказаў Уладзімір.
– І ўжо не першы раз? – зноў задала пытанне яна.
– Так, – адказаў гісторык.
– Яны з вамі не выпадкова, глядзіце на іх, слухайце іх, асабліва цяпер за сокалам глядзіце, ён вас павядзе.
– Куды павядзе? – спытаў гісторык.
– Убачыш, малец, – адказала кплівым голасам Марыся і дадала, – дуй наверх, зараз унучка прыедзе.
Уладзімір падняўся назад у дом і адразу ж пачуў гук пад'ехаўшага аўтамабіля. Гiсторык застыў пасярод пакоя і проста чакаў, пакуль у хату не ўвайшла маладая дзяўчына гадоў дваццаці. Яна здзіўлена глядзела на Уладзіміра.
– Гэты малец гэта Валодзька, не бянтэжся, мілая, ідзі лепш абдыму, – сказала падняўшыся са склепу баба Марыся.
– Бабуля!
Дзяўчына радасна падбегла да Марысі і пасля абдымкаў спытала:
– Каго гэта ты прытуліла, бабуль?
– Валодзенька, кажу ж табе! – адказала гаспадыня і павярнуўшыся да госця, сказала. – Гэта Кася, пазнаёмся.
– Вельмі прыемна, – сказаў гісторык.
– І мне адказала дзяўчына, – яна не саромеючыся глядзела на Уладзіміра, ад чаго той сам трохі сумеўся.
Пасля трох гадзін вясёлага застольнага часу, Уладзімір і Кася селі ў яе машыну.
– Глядзі, мілая, давязi мне гэтага хлапнягу, добра? А ты, малец, не капцiся, мы з табой яшчэ сустрэнемся.
Здзіўлены Уладзімір памахаў бабе Марысі і кінуў развітальны погляд на возера. Тут невялікі шэранькі аўтамабільчык Касі шмыгнуў на дарогу і паляцеў прэч з лесу. Дзяўчына была ліхім кіроўцам і не прайшло і двух з паловай гадзін, як Уладзімір пабачыў удалечыні Мiнск. Ён ужо паспеў патэлефанаваць, з дапамогай ласкава пазычанага Касяй тэлефона, сваёй жонцы, і тая трохі супакоіла маладога чалавека, патлумачыўшы, што знаходзіцца ў бяспецы.
Развітаўшыся з Касяй, якой ён вельмі доўга дзякаваў і ўгаворваў узяць грошы, гісторык падняўся на свой паверх. Дзверы яго кватэры сапраўды грунтоўна абгарэлi, але ключ лёгка ўвайшоў у замок і пракруціўся. Уладзімір быў дома.
– Добры дзень, – ласкавым тонам сказала гісторыку жонка, але твар яе быў заклапочаным.