«Здаецца, што гэта было так даўно… і ў той жа час нядаўна…» – падумаў малады чалавек і зноў вярнуўся да чытання.
Перагортваючы старонкі, гісторык успамінаў як дастаў з капсулы таямнічую запіску, як яны з Вікай і Уладзімірам разблыталі загадку караля, як у іх жыццях з'явіўся загадкавы злыдзень – Панурыш, які спрабаваў забіць іх, і як яны здабылі меч, які быў ім прызначаны самім каралём Станіславам Аўгустам…
Мечык зачыніў сшытак і, прыставіўшы галаву да вакна, зноў задрамаў, пакуль цягнік нёсся са сталіцы на захад краіны.
Развітаўшыся з Ірынай і прагуляўшыся пешшу ад гарадзенскага вакзала да свайго дома, Мечыслаў секунду памарудзіў каля брамы і ўжо хацеў уставіць ключ у адтуліну замка, але раптам выразна адчуў чыйсьці позірк, скіраваны яму ў спіну. Малады чалавек павярнуўся і застыў, згубiўшы на імгненне дар мовы. Перад ім стаяў пажылы, з доўгімі сівымі валасамі, чалавек, апрануты ў шырокі плашч цёмнага колеру.
– Добры вечар, пан Мечыслаў! – прамовіў няпрошаны госць.
– Панурыш? Гэта вы?
– Як бачыце, – адказаў Якаў і шырока ўсміхнуўся.
Імгненне Мечыслаў маўчаў. Першым яго жаданнем было кінуцца ў свой дом і патэлефанаваць у міліцыю. Але малады чалавек тут жа вырашыў, што гэта паводзіны не для мужчыны. Ён сціснуў кулакі і рэзкім голасам сказаў:
– Я нават не хачу ведаць, што там з вамі здарылася. Я бачу, што вы жывы. Не буду казаць, што я гэтаму рады. Што вам трэба ад мяне? Лепш вымятайцеся прэч адсюль, пакуль можаце!
– Навошта ж столькі агрэсіі, Мечыслаў? – прагаварыў Панурыш.
– Ды што вам трэба ад мяне? – амаль закрычаў гісторык.
– Можа быць вы паклічаце мяне ў дом, каб мы маглі спакойна пабалбытаць?
– Вы што ж гэта здзекваецеся з мяне? Забыліся, што вы з вашымі людзьмі сілай забралі мяне з уласнага жылля і трымалі ў склепе?
– Ну добра, – сказаў Панурыш, – не буду на гэты раз дражніць вас. Мы можам пагаварыць і тут.
– Кажыце хутчэй! Што вам трэба?
Панурыш зрабіў задуменны выраз твару і трохі памарудзіўшы спакойным голасам сказаў:
– Я шмат чаго зразумеў пасля таго, што здарылася. Калі я прыйшоў у сябе на падлозе капліцы я вымушаны быў ратавацца ад міліцыі. Мае людзі зладзілі сапраўдную сутычку з гэтымі добрымі вартавымі парадку. Але галоўнае, што я ачуняў. Вы ж не думалі, што мой уласны продак заб'е мяне, праўда? Ён толькі пазбавіў мяне магчымасці дзейнічаць і гэтым адкрыў мне вочы на многае. Ну, а ад міліцыі я выратаваўся без асаблiвай напругi.
– Віншую, – зло сказаў гісторык. – Так што вам трэба ад мяне?
– Цярпенне, пан Мечыслаў, цярпенне!
– Хопіць гэтых глупстваў, проста скажыце, чаго хочаце.
– Цяпер я апынуўся ізгоем, – працягнуў Панурыш, не звярнуўшы ніякай увагі на нецярплівыя словы гiсторыка. – Я прайграў. Больш я не мог узначальваць нашу арганізацыю. Я стаўся не годны сваіх вялікіх продкаў, а значыць – весці за сабой іншых ужо не магу. Вы сталі гаспадаром мяча, і, трэба прызнаць, цалкам заслужана. Гэта было наканавана…
– Меч належыць не толькі мне, – перапыніў няпрошанага госця Мечык.
– Ды не. Менавіта вам! Вы самы годны і меч ваш, згодна з правам. І менавіта таму вы і раскрыеце яго сапраўдную сілу. Вы і толькі вы, а не вашыя сябры.
– Гэта ўжо ўсё, што вы хацелі мне сказаць?
– Не зусім. Справа ў тым, што вам спатрэбіцца такая-сякая дапамогу. Мая дапамога!
– Вы насамрэч здзекуецеся з мяне! Мне ўвогуле не трэба было з вамі гаварыць.
– Вам патрэбна дапамога. Разумееце, Мечыслаў. Толькі тады вы здзейсніце з гэтым мячом тое, што сапраўды павінны! – павольна і гучна прамовіў няпрошаны госць.
– Размова скончана! – адказаў гісторык і павярнуўся спіной да Панурыша.
– Вы павінны паверыць мне. Паверыць… чуеце… паверыць таму, каму паверыць вельмі цяжка, – апошнія словы суразмоўца Мечыка вымавіў вельмі нізкім голасам, чаканячы кожнае слова.
Гісторык застыў на месцы. У яго галаве маланкай прамільгнула думка:
«Дык гэта ж тое, пра што казала Марыся Уладзіміру…»
Памарудзіўшы яшчэ секунду, малады чалавек павярнуўся да Панурыша. Мечык ліхаманкава аналізаваў наяўную інфармацыю і ў душы яго расло падазрэнне. Нарэшце, ён спытаў:
– Вы ведаеце яе? Ведаеце гэтую цудадзейку?
– Каго?
– Адну старую чараўніцу з лесу?
– Гучыць вельмі загадкава, дарагі пан Мечыслаў.
– Так ці не?
– А з чаго вы раптам узялі, што я павінен ведаць нейкую, як вы тут кажаце, чараўніцу?
– Таму што яна ведала пра тое, што вы прыйдзеце да мяне.
– Ну раз яна чараўніца, будзем думаць, што сапраўдная чараўніца, то ёй проста пакладзена лёсам усё ведаць. Так? Ці вы так не лічыце?
Панурыш глядзеў на маладога чалавека насмешлівым позіркам, а той трохі разгубіўся, бо такое простае тлумачэнне чамусьці не прыходзіла яму ў галаву.
– А Марысю я, вядома, ведаю, – дадаў Панурыш, патрымаўшы паўзу.
– Усё-ткі ведаеце? – усклікнуў Мечык.
– Яшчэ б! Мы з'явіліся ў гэтай гісторыі не проста так і пэўным чынам связанны.
– Не разумею.
– Потым зразумееце.
– Дык, чым вы хочаце мне дапамагчы? – спытаў гісторык пасля кароткага маўчання.
– Ёсць адна рэч, якая дапаможа вам адкрыць сапраўдную сілу мяча, а значыць і прайсьці той шлях, які вам прызначаны.