Прайшоўшы вузкімі ажыўленымi вулачкамі да Замкавай гары, дзяўчына спынілася і некаторы час пільна разглядала старую цытадэль, якая ляжала над маленькімі драўлянымі хаткамі, што ўсё яшчэ стаялі ў даліне ракі Гараднічанкі. Затым яна прайшла пад аркай самага старога ў краіне маста, які вёў прама да замкавай брамы, і стала спускацца па доўгай лесвіцы, збягаючай у ніз, паміж высокімі пагоркамі гродзенскіх замкаў.
Дзяўчына ішла і глядзела на масіўныя гладкія прыступкі. Яна ўжо шмат разоў пералічвала іх, але даволі хутка забывала дакладную лічбу і таму, калі ў чарговы раз была на лесвіцы, зноў лічыла свае крокі па шэрых, шырокім плітах.
«124… 125… 126…» – закончыла свой падлік Віка.
Справа ад дзяўчыны, што стаяла на апошняй прыступцы лесвіцы, красавалася каменная скульптура ладдзі, якая прадстаўляла адзін з экспанатаў гродзенскага музея – старажытную шахматную фігурку.
Віка прайшла наперад яшчэ некалькі метраў і павярнула налева, у бок будынка былога кармяліцкага кляштара. Справа ад дзяўчыны мірна нёс свае воды Нёман. Віка накіроўвалася да прывабнага будынка на набярэжнай, пабудаванага ў часы Другой Рэчы Паспалітай. Цяпер гэты ўзор міжваеннай архітэктуры выкарыстоўваўся ўстановай грамадскага харчавання. Перад будынкам стаяла мноства драўляных столікаў пад навесамі, прычым расстаўленыя яны былі так, што ўтваралі свайго роду падворак, у цэнтр якога і выйшла Віка.
За сваім столікам сядзелі двое маладых людзей. Убачыўшы дзяўчыну, яны тут жа прыняліся махаць ёй і ўсміхацца. Гарадзенка заўважыла гэтыя сігналы і, усміхаючыся, пайшла да вітаючых яе хлопцаў.
Праз палову гадзіны, тройца сяброў, добра нагаварылася ды ўзяла тры порцыі марожанага.
– Значыць, ты бачыўся з Панурышам? – сказаў Уладзімір запытальна гледзячы на Мечыка.
– Я б, напэўна, не вытрымала сустрэчы з ім, – сказала Віка з пэўным здзіўленнем гледзячы на падталае марожана ў шкляным посудзе, – хоць, я неяк раблюся смялей у патрэбныя моманты.
– Так, гэта была сустрэча не самая прыемная, – сказаў гродзенскі гісторык. – Выходзіць, што Марыся ведала пра тое, што Панурыш з'явіцца і прапануе дапамогу…
– Таму яна і папярэдзіла, каб ты паслухаў таго, каму складана давяраць, – сказаў мінчанін.
– Ну так. Давяраць гэтаму нягодніку сапраўды не так лёгка. Я б яго задушыў голымі рукамі, калi шчыра, – зло адказаў Мечык
– Дык ты прынёс тое, што ён аддаў табе? Гэтую ракавіну? – з натхненнем гледзячы на гродзенца, спытала Віка.
– Так, яна тут. Зараз пакажу, – адгукнуўся той, і палез у сумку, пакуль Віка, хутка міргаючы, пацірала далонькі ў прадчуванні з'яўлення новага для яе і вельмі загадкавага артэфакта.
Мечыслаў корпаўся ў сумцы даволі доўга і нарэшце выцягнуў бронзавую ракавіну, а затым перадаў яе сяброўцы.
– Паслухай, Віка! Прыкладзі да вуха, – сказаў гарадзенец. – Ты ж таксама выбранніца. Можа быць і ты пачуеш… – дадаў ён з усмешкай.
Віка, з некаторым хваляваннем, павольна паднесла цяжкі прадмет да свайго маленькага вушка і стала слухаць.
– Нічога не чую, – сказала Віка, расчаравана гледзячы на сваіх сяброў. – Уладзь, паспрабуй ты.
Мінскі госць узяў з рук дзяўчыны артэфакт і шчыльна прыклаў да свайго вуха. Ён даволі доўга засяроджана ўслухоўваўся і нарэшце спакойна сказаў:
– Няма нічога. Мабыць, гэта можаш чуць толькі ты, Мечык.
– Дык што ж гэта? Што ты там чуеш? – спытала Віка, уважліва гледзячы на свайго сябра.
– Паслухаю-ка я яшчэ раз, – адказаў Мечыслаў. – Я проста падношу яе і чую голас.
Малады чалавек усміхнуўся і хутка прыклаў ракавіну да вуха. Спачатку ён чуў толькі нешта накшталт аддаленага шэпту, змешанага з шыпеннем, падобным на слабы гук паветра, выходзячага з адкрытай шыны ровара. Мноства неразборлівых слоў плёскалася ў ракавіне далёкім рэхам. Але, паступова, на першы план выходзіў адзін голас. Ён набліжаўся і станавіўся ўсё выразней, і вось ужо гісторык мог зразумець сэнс.
«Устань на месцы трох прастолаў, у трох гарадах найважнейшых, тады ж ты пачуеш тры словы і дарога назад гатова…» – пачуў ён.
Уладзімір і Віка моўчкі глядзелі на Мечыслава.
– Устань на месцы трох прастолаў, ў трох гарадах найважнейшых, тады ж ты пачуеш тры словы і дарога назад гатова, – сказаў той услых.
Віка і Уладзімір пераглянуліся.
– Дык гэта быццам бы вершык, – заўважыла здзіўленая дзяўчына.
– Аб якіх трох прастолах гаворка? – спытаў Уладзімір.
– На гэты раз загадка не такая сур'ёзная як тая, што была схаваная ў капсуле, – адказаў гарадзенскі гісторык. – Я ўжо зразумеў, што гэта ўсё значыць. Тры прастолы знаходзяцца ў трох найважнейшых гарадах. Што гэта за гарады? Я думаю, кандыдатамі могуць быць усё чатыры сталіцы Рэчы Паспалітай: Вільня, Гародня, Кракаў і Варшава.
– І як выбраць тры? – жыва спытала Віка.
– Вельмі проста, думаю, гаворка аб Гродне, Кракаве і Варшаве. Вільня страціла сваё значэнне і сеймы Рэчы Паспалітай там не праводзіліся. Кракаў, праўда, таксама саступіў пануючае становішча на польскіх землях Варшаве, але ўсё ж там праводзілі каранацыйныя сеймы. Фактычна ж галоўнымі палітычнымі цэнтрамі былі Варшава ў Кароне, і Гародня ў Княстве.