Мечыслаў столькі разоў чуў пра лясную чараўніцу і ведаў, што яе дапамогу складана пераацаніць, але хто б мог падумаць, што ён вось так папросту сустрэне яе каля свайго дома.

– Гэта што ж, праўда вы? Вы тая самая Марыся? Але, што вы тут робіце? – закідаў бабульку пытаннямі Мечык.

– Прыйшоў час нам з табой сустрэцца. Ну і вось я тут.

– Але ж вы жывяце ў лесе. Так? Правільна?

– Ну дык і што? Лес гэты нябось не ў Сібіры. Кіламетраў семдзесят ад Гродна жешь.

Мечык засмяяўся. Ён сапраўды неяк не падумаў, што лясная чараўніца на самай справе жыве вельмі блізка да каралеўскага гораду.

– Мечыслаў, – сказала Марыся сур'ёзным голасам, – ты павінен паехаць і сам адчуваеш гэта. Ты ведаеш гэта, але баішся. Ну, але нічога. Ты зрабі, а потым не пашкадуеш. Абяцаю.

– Але я не хачу. Я стаміўся, проста стаміўся ад гэтага ўсяго.

– Вось пасля і адпачнеш.

– І вы прыехалі толькі дзеля таго, каб мяне пераканаць?

– Ну, вядома ж.

– Я не магу… Я не ўпэўнены… Я хацеў бы ўжо жыць спакойна. Для мяне дастаткова прыгод, – стаў хутка казаць гродзенец, патупіўшы позірк.

– Супакойся! Ты можаш, і ты зробіш. Я прыехала толькі затым, каб параіць табе паслухаць сябе. Гэта ж не складана, праўда? Заплюшчы вочы і прыслухайся да сябе. Унутраны голас падкажа. Давай, мілок, заплюшчы вочы і паслухай… Проста прыслухайся…

Мечык чамусьці не мог адмовіць Марысі, якая нечакана загаварыла тонам сапраўднага псіхолага, і паслухмяна заплюшчыў вочы. Так ён стаяў каля хвіліны, пакуль Марыся вельмі пільна глядзела на маладога чалавека і ў вачах яе гарэлі яркія агеньчыкі. Гісторык спрабаваў пачуць свой унутраны голас. Сумневы асільвалі маладога чалавека, і ён як быццам плыў кудысьці ў невядомую далеч. Мечык здаваўся сам сабе дурным і ўжо хацеў адкрыць вочы і развітацца з Марысяй, падзякаваўшы ёй за ўсе яе турботы, карысныя яму і яго сябрам, але нешта спыніла яго. Ён працягваў марудзіць і імкнуцца зразумець, чаго ж хоча насамрэч. І вось… Яго пачуцці сталі праясняцца… Мечыслаў адчуваў усё большае жаданне паехаць за разгадкай новай галаваломкі, якую падкінула яму яго, стаўшае вельмі дзіўным, жыццё. Марыся не зводзіла позірку з маладога чалавека. І калі той зноў расплюшчыў вочы, ён ужо быў амаль упэўнены.

– Так, вы маеце рацыю. Я павінен паехаць! – сказаў Мечык бадзёрым тонам. – Хай так! Я паеду!

– Вось і маладчага, – сказала Марыся. – І сяброў сваіх бяры. Яны ехаць гатовыя. А пакуль, дай мне сваю ракавінку.

– Ракавіну?

– Давай, давай, нябось жа з сабой у цябе.

Мечыслаў не без пэўнага здзіўлення выцягнуў артэфакт і аддаў яго Марысі.

– Зразумеў ужо, што гаворка аб Гродне, Варшаве і Кракаве? Толькі адпраўляйцеся спярша ў Кракаў, а потым у Варшаву, ну i Гродна ў канцы. Зразумеў, мілы мой?

– Чаму ж так? – спытаў ашаломлены гісторык.

– Ды глянь жа ўважліва на ракавінку гэтую. Нябось толкам яшчэ і не вывучыў? Часу не было, так? Ну вось глядзі. Пісьмёны тут не зразумелыя табе, а гэта ж вось тут – карта, і на ёй тры гарады: Кракаў, Варшава і Гродна. Як ты не зразумеў, га? І стрэлка… Бачыш? Яна ад Кракава да Гродна накіравана.

Мечык са здзіўленнем заўважыў, што на ракушцы сапраўды віднеюцца абрысы тэрыторыі Рэчы Паспалітай і ўнутры гэтага контуру, былі адлюстраваны тры маленькіх трона, якраз у тых месцах, дзе павінны быць размешчаны Гродна, Кракаў і Варшава. І як ён сам не зразумеў, што гэта не проста дзіўны абрыс, а контур краіны? Гісторык сапраўды не вельмі ўважліва вывучаў бронзавы артэфакт. Ён быў занадта ўзрушаны з'яўленнем Панурыша.

– Вось так, Мечыслаў. Паедзеце спачатку ў Кракаў, ну і потым на поўнач, у Варшаву… Што рабіць трэба ты здагадаўся, так жа? Устанеш над месцамі прастолаў і тады ўсё пачуеш.

– Я ўсё зразумеў, – адказаў малады чалавек, і памаўчаўшы дадаў. – Не ведаю адкуль вы ўсё гэта ведаеце, але я вам проста паверу. Можа быць вы зойдзеце ў госці?

– Дзякуй, мілок. Я лепш да сябе паеду.

– У лес? А на чым вы паедзеце?

– Не хвалюйся, дарагі, не на мятле.

– Можа вас падвесці? – спытаў, пасмяяўшыся, гісторык.

– Не, не трэба. Я і на тралейбусе дабяруся. Радня ў мяне не толькі ў Мінску. Тут, у Гродне, таксама ўнучка маецца. Вось яна мне і дасць прытулачак.

– Зразумела, – сказаў гісторык.

– Ну, не сумуй, малады чалавек. Хутка сам зразумееш, што ды як. Убачыш, што баба Марыся мела рацыю. Трэба табе ехаць, мілы, ох як трэба.

Дагаварыўшы гэтыя словы Марыся разгарнулася і, не развітваючыся, пайшла кудысцi i знікла з вачэй.

Праз кароткі час яна ўжо стаяла на высокім беразе Нёмана, акружаная магутнымі хвоямі аднаго з гродзенскіх лесапаркаў, які размясціўся непадалёк ад самага цэнтру горада. Ззаду да Марысі ціхенька падкралася постаць чалавека ў плашчы і праз імгненне Якаў Панурыш ужо стаяў побач з пажылой чараўніцай і задуменна глядзеў у далячынь. Панурыш і Марыся не сказалі адно аднаму нават слова. Яны толькі пераглянуліся і працягвалі моўчкі стаяць, гледзячы на спакойную плынь старажытнай ракі, але затым абодва дзіўных назіральніка павярнулі, адначасова, галовы ў адзін бок. Перад іх позіркам з паветра ўзнікла постаць чалавека ў багатым строі арыстакрата васемнаццатага стагоддзя.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже