Аднак праходзіў нейкі час, і другі, пакрыўджаны, абражаны голас пачынаў пад’юджваць, падцкоўваць: гэ, а цікава выходзіць! Ты чакаеш, табе цвёрда абяцаюць, і калі нарэшце дачакаўся — з’яўляецца на гатовенькае, пераступае табе дарогу нейкі геніяльны выскачка. I ты павінен без бою — гэндэ гох… Ён сядае на тваё законнае месца, а ты гібей да скону дзён у шматтыражцы… Дзе ж тут логіка, дзе ж тут справядлівасць?! Калі на тое пайшло, то чаму б не пасядзець гадок-другі гэтаму хлопчыку ў шматтыражцы? На самай справе — чаму?! Ён жа, Андрэй, адсядзеў столькі ў раёнцы і во ўжо два гады ў шматтыражцы! А гэты што бачыў?! То хто мае большае маральнае права? Ён, хто чатыры гады аддаў нізавой прэсе, ці гэты, што яшчэ і вучобы не закончыў, дыплома ў вочы не бачыў?! Ён не супроць, не — хай бяруць, калі хочуць, і гэтага будучага генія, але пасля таго, як возьмуць яго, Андрэя. Хай пакуль што ідзе ў шматтыражку, на яго месца, ды пакажа сябе…
За сваю журналісцкую практыку Андрэю даводзілася выступаць ва ўсіх жанрах — ад простай заметкі да вершаванага памфлета. У эпісталярна-ананімным жанры пісаў упершыню. Самы закляты вораг, пэўна, паспачуваў бы яму, каб мог заглянуць у душу, пабачыць, якія пачуцці бродзяць, віруюць, бурляць там, як супраціўляецца сумленне, з якім гвалтам даводзіцца ўтаймоўваць яго, як, у рэшце рэшт, дрыжаць, не хочуць слухаць рукі…
Ананімка спрацавала дакладна, як міна замаруджанага дзеяння… Канкурэнт быў адсунуты, рэдактар, праўда, без асаблівага энтузіяму, але падпісаў заяву. Можна было радавацца. Аднак на душы было паскудна, нешта замінала святкаваць перамогу, адчуваць радасць спаўна…
Яго былога канкурэнта размеркавалі ў раённую газету. Што ж, хай пакаштуе хлеба раёншчыка, думаў Андрэй. Для яго гэта на карысць. Мо кнігу напіша на сучасную тэму, а ў Мінску, мажліва, нічога і не напісаў бы: гнаў бы ў газетныя радкі свой талент. Так што, калі на тое пайшло, мо не нашкодзіў, як думае, а памог гэтаму хлопцу. Вярнуцца ў Мінск ніколі не позна, як, напрыклад, той жа Грышка Багдзевіч… Калі сапраўды мае талент — не прападзе, усё роўна выб’ецца, даможацца свайго…
Хацелася, вельмі хацелася верыць, што так і будзе, хоць цалкам прыняць на веру, што менавіта так будзе, вядома, не мог. Лёгка ашукаць некага, нават самага блізкага, сябе ашукаць — куды цяжэй…
Сам дзівіўся, але чамусьці не было вялікай радасці і на новай рабоце. Па сутнасці, тая ж газетная будзёншчына. У раёнцы некалі было куды цікавей. Там забывалася ўсё на свеце, нішто не азмрочвала… Тады была маладосць, а маладосць заўжды згадваецца светла. Пэўна, праз дзесятак гадоў і сённяшняя работа ў маладзёжцы будзе згадвацца светлаю паласою…
А ўвогуле ўсё ішло нармальна. Ездзіў па камандзіроўках, адпісваўся, калі — лепш, калі — горш. Бывала, і хвалілі, бывала, і трохі ўшчувалі на «лятучках» — што ж, звычайныя святы і будні кожнага творчага калектыву, тым больш задзірлівага, трохі максімалісцкага, маладзёжнага…
Стаў толькі распісвацца, па-сапраўднаму ўгрызацца ў маладзёжную тэматыку, як раптам адчуў, што вакол утвараецца нейкае адчужэнне — насцярожанае, варожае. Ідуць гуртом на абед у сталоўку — не клічуць, як звычайна. Загаворыць да каго — адварочваецца, як ад пракажонага. То аж да апошняй карэктуры па кабінетах ходзяць адбіткі палос з памылачкай — «А. Паскуднікаў».
Ён здагадваўся, нават не здагадваўся, а дакладна ведаў, адкуль гэта… Усплыло, не схавалася… Але як?! Зрэшты, якое мае значэнне цяпер — як… Ну, вылічылі ці па почырку пазналі — што зменіцца ад гэтага!.. Ён не вінаваціў, не таіў злосці на іх, хоць у душы і жыла вялікая крыўда. Што яны разумеюць, гэтыя максімалісты?! Для іх усё проста і ясна: высакароднае — подлае, як у дальтонікаў белае — чорнае. Пабыць бы ім у яго скуры, калі неба здаецца з аўчынку, калі застаецца ўсяго адзін, апошні шанц! Ім яшчэ не прыпякала, іх яшчэ не біла жыццё, ім яшчэ не зразумець, што не па добрай волі рашаюцца на апошні крок… Дай бог каб прыпякло, дай бог кожнаму зразумець…
Заяву «па ўласнаму жаданню» рэдактар падпісаў, нават не спытаўшыся аб прычыне звальнення…
Штоб там ні было, а нават кароткатэрміновая работа ў маладзёжцы давала куды большыя шанцы, чым заштатная шматтыражка. Праз некалькі дзён без ніякіх ускладненняў аформіўся на радыё. Аднак перакваліфікацыі ў радысты не адбылося: адразу ж стала ясна, што шастаць з магнітафонам — не яго прызванне, не яго амплуа.
I пайшло-закруцілася… Замільгалі, як у калейдаскопе, ведамасныя бюлетэні, часопісы, выдавецтвы, рэкламныя бюро, зноў ведамасныя бюлетэні, тэлебачанне… Словам, кідала жыццё як трэску на хвалях, пакуль нарэшце не прыбіла да адной газеты, дзе рашыў асесці стала, мо нават назаўсёды, бо адчуваў, што яго лятунства дабром не скончыцца: працоўная кніжка ўжо — як пашпарт у злоснага аліментшчыка, пячатак няма дзе ставіць.