У Ротару Пятровічу і на самай справе была нейкая незразумелая ўладная сіла, і Андрэй, сам таго не жадаючы, спачатку адкрыта, потым моўчкі супраціўляючыся, пратэстуючы, усё больш і больш падпадаў пад гэтую сілу. Так, пэўна, заўсёды ў рэшце рэшт прымаецца ўлада новага начальніка, падабаецца ён табе ці не падабаецца…

Не так цяжка, канечне, выходзіць курыць на балкон ці лесвічную пляцоўку, нават зусім адвыкнуць ад гэтай шкоднай звычкі, садзіцца есці па сігналу — умоўны рэфлекс. Куды цяжэй прызвычаіцца да вечнай боязі сказаць не так, неасцярожным словам, неабдуманым учынкам прагнявіць Гаспадара, дбаць патрапіць яму ў тон. Енчыць часта хацелася ад яго дробязна-настырных павучанняў, кіслай фізіяноміі, якая заўсёды наводзіла страх і беспрасветную нуду. У яго быў проста нейкі талент браць зморам. I заўжды дамагаўся свайго. Як, напрыклад, звягаваў-звягаваў, а ўсё ж у рэшце рэшт змусіў ісці да лагапеда выпраўляць свае цвёрдыя «р» і «ч», якія шакіравалі яго, Антаніну Акімаўну і — асабліва іх знаёмых… Ці: як ні выкручваўся-адбрыкваўся, а ўсё ж упрог даводзіць да ладу яго мемуары, хоць бачыў, што справа гіблая, яйка выедзенага не вартая. Гэта былі ніякія не ўспаміны на аснове нейкіх дакументаў, фактаў, уласных назіранняў, а нешта сярэдняе паміж дакументалістыкай і белетрыстыкай. Адкуль жа мог узяць тыя дакументы былы лейтэнант, амаль тылавік? Таму «успамінаў» больш пра тое, што недзе ад некага чуў ці вычытаў, альбо проста выдумляў герояў, падзеі, што, ведаў, робяць пісьменнікі, нават папулярныя дакументалісты. Да гэтых мемуараў можна было смела ставіць эпіграф: «Всё, что было не со мной — помню». І самае страшнае: ад яго ўжо немагчыма было дабіцца, што на самой справе было, што — выдумана. Пэўна, перарабляючы рукапіс, ён і сам зблытаўся, дзе праўда, дзе выдумка. Часта, удакладняючы нейкія дэталі выпытваючы падрабязнасці, Андрэй лавіў яго на гэтым, і тады Ротар Пятровіч нерваваўся, крыўдзіўся, злаваў, усё роўна, нягледзячы ні на што, настойваў, каб заставаліся эпізоды з вядомымі генераламі, маршаламі, сцэны ў Генеральнам штабе, нават у Стаўцы.

Бачыў, што робіць абсалютна марную, пустую работу, таму яна тройчы каштавала нерваў, ішла марудна, цераз пень-калоду.

Міналі тыдні, месяцы, а ён усё нікак не мог прывыкнуць да тутэйшых парадкаў, змірыцца, прызвычаіцца да сваёй прымацкай долі. Іншы раз прыходзіла дзіўнаватае адчуванне, быццам ён не жыве, а іграе ролю ў нейкім блазненскім спектаклі, дзе ўсё задумана, распісана да драбніцы Ротарам Пятровічам. І яшчэ са страхам заўважаў, што паступова, спакваля нешта выхалошчваецца, камянее, мяртвее ў душы, усё цяжэй і цяжэй, а то і проста немагчыма быць самім сабой. Гэтая раздвоенасць, душэўная няўтульнасць прыгнечвала, наводзіла тугу і жуду. Мо не так адчуваў бы ўсё гэта, каб ладзілася, каб мог спачыць душою на рабоце. Калі ў чалавека не ладзіцца з работай, то, мусіць, з'яўляецца схільнасць усё перабольшваць, бачыць у змрочных танах. Няма радасці на рабоце — няма яе і ўвогуле...

Другі год тырчэў у шматтыражцы, і на нешта лепшае не было ніякага прасвету. І ў рэдакцыі, і на заводскім радыё амаль усе былі выпускніцы ўніверсітэта, якія ў розныя гады спешна павыскоквалі замуж за мінчан, каб не ехаць па размеркаванню. Праўда, некаторыя адразу паразводзіліся, але займелі права звацца мінчанкамі. Толку ад іх было мала: то ў дэкрэтах, то дзеці хварэюць, то самім нездаровіцца. Самае вялікае шчасце, нават для саламяных удоў — займець бюлетэнь, не ісці на работу. А калі і прыходзяць, то абы дзень да вечара, абы адбыць чаргу — словам, ні спору, ні ўмалоту. Таму хочаш не хочаш, а круціцца даводзілася: газетка хоць і выходзіць раз у тыдзень, але пражэрлівая, вымагае сіл не менш, чым раёнка. Праўда, грэх сказаць, што ўлягаў лішне: якая газетка — такая і работка.

Гняла і гэтая жаночая кампанія, і — асабліва тое, што лёс кожнай гэтай няўдаліцы хочаш не хочаш, а падобны на яго лёс. Выводзілі з сябе і іх кепікі, і зычлівасць накшталт: ну мы, а ты, мужчына, чаго тут гібееш?.. Што ён мог сказаць?!

Але больш за ўсё псавалі нервы сустрэчы са знаёмымі, што паўладкоўваліся ў салідных выданнях. Гэтыя сустрэчы заўсёды пакідалі цяжкі астой. Непрыемна было бачыць іх трохі спагадлівыя, трохі паблажлівыя позіркі, ледзь не скурай адчуваць абразлівую дыстанцыю, якая звычайна ўзнікае між прыласканымі і нялюбымі падданымі багіні Фартуны. Гонар не дазваляў шукаць у іх дружбы і падтрымкі, чаго, пэўна, яны вельмі хацелі б. Каб яшчэ больш узвысіць сябе ў яго вачах, прынізіць яго. Моўчкі перапальваў у сабе крыўду, спадзеючыся, што яшчэ наступіць і яго зорны час…

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже