І ад гэтага дотыку тое, што яшчэ было Лелем, ажыло, адгукнулася, прыйшло ў рух. Футра спаўзло з яго лахманамі туману – і вось Лель на карачках стаяў у траве, задыхаючыся, усё яшчэ адчуваючы на сваёй макаўцы агністае дакрананне. Агеньчыкі цэлымі гронкамі абкружылі яго, выхапіўшы з цемры растрапанага Леля ў падзертым і брудным адзенні, насцярожанага Йурая, які ўсё яшчэ схіляўся ў паважлівым паклоне, і тую, што насіла плашч. Яна вывучала Леля, адкінуўшы капюшон, і чамусьці падаваўся да дзіўнага знаёмым гэты бледны твар з рэзкаватымі рысамі, з сузор’ем радзімак, з яснымі зялёнымі вачыма ды паўмесяцам-ямінкай, што пазначалася на шчацэ ад усмешкі. Растрапаныя рудыя пасмы варухнуліся – яна павярнулася да лютніста.
– Ну, вось ты і вярнуўся, ці не так, мой залаты?
Голас быў пяшчотны і нягучны, але разліваўся ракою і, нават сціхнуўшы, яшчэ доўга гучаў дзесь глыбока ўнутры. Гучаў надзвычай ласкава, але адначасна з дакорам. Так дарослыя дакараюць малому гарэзе, які ў чарговы раз насваволіў, але якога ўсё роўна любяць ды песцяць. Лель, аддуваючыся, бачыў, як Йурай спахмурнеў і падціснуў вусны, і здзівіўся: як можна ласцы – супярэчыць? Як гэтаму вось голасу, што ўліваецца пад скуру, што плыве па жылах, можна працівіцца? Сам ён, пакуль рудая гаварыла, не мог адарваць ад яе вачэй, і Лелева сэрца салодка замірала ад кожнага яе слова.
– Ясная пані разумее, – мовіў Йурай суха. – Я ўсяго толькі прывёў да цябе…
– Я добра ведаю, што ты да мяне прыцягнуў, – адрэзала яна, і замест лагоднай ракі ў голасе бліснула сталь, а халодныя агеньчыкі вакол яе загулі з абурэннем. – То патлумач мне, мой залаты, чаму б мне не кінуць гэтую маленькую пачварынку, што джаліцца халодным жалезам, хартам майго Князя на забаву?
Яна абвінаваўча падняла руку – з чорным следам, нібы ад апёку, на далоні. «Даруйце!» – паспрабаваў прамармытаць Лель. Але голасу не засталося: яе гнеў пракатваўся ўнутры яго хвалямі, і абрывалася нешта за рэбрамі, і страшна было зірнуць у яе прыгожае аблічча, у яе вочы з чорнымі безданямі зрэнак.
Йурай, аднак, спакойна глядзеў на яе, і яна заўважна памякчэла, а на яе шчацэ зноў паказаўся ўсмешлівы паўмесяц.
– Ты нешта надумаў, – сказала яна, сцвярджаючы, а не пытаючы. – Як звычайна.
– Гэтае чалавечае дзіця можа быць табе карысным, пані, – мовіў лютніст, паважліва нахіліўшы галаву, так што дзынкнула завушніца. – Я бачыў… – раптоўна ён пазмрачнеў і асёкся, а ўсмешка ў ягонай суразмоўцы зрабілася шырэйшай і трохі злавеснай.
– Ты бачыў, – паўтарыла яна нараспеў. Працягнула тонкую руку, пяшчотна кранулася Йураевай шчакі, адвёўшы непакорлівыя пасмы ўбок. – Што ты бачыў, мой залаты?
– Халоднае жалеза ў халодным камені, – адказаў Йурай як бы цераз сілу. – Там, дзе сярэбраныя ніці не гучаць. Дзе рана ад колішняй бітвы ўсё яшчэ сцякае гноем, дзе жалеза ржавее, пускаючы сваю атруту ў каменнае сэрца.
Яна апусціла павекі, быццам прыслухоўваючыся да нечага.
– А яшчэ, – прапела яна ціха. – Барву і золата на захадзе, ці не так, мой залаты?
І зноў, прыкрыўшы вочы, прыслухоўвалася да чагось далёкага, няпэўнага. А пасля глянула на лютніста – на гэты раз без усмешкі, заклапочана і пахмурна. Коратка зірнула на растрапаную макаўку Леля, і гэтым разам той задыхнуўся ад жаху і прыкрыў далонямі твар. Абы не глядзець ёй у вочы, абы не падаць у дзве чорныя бездані ў яе зрэнках.
– Песня і праклён, – прамармытала яна, ні да кога асабліва не звяртаючыся. – Часам і не адрозніш адно ад другога.
– Я бачу, ясная пані, – прагаварыў Йурай, настойваючы. – Добра бачу, што нам усім патрэбна гэтае чалавечае дзіця. Ніхто з нас не здолее вырваць з каменя жалезнае церне, а ты ведаеш лепш за мяне, што бывае, калі прошчы нямеюць, і…
– Я ведаю многае, мой залаты, – насмешліва звузіўшы вочы, адказала яна, і чароўныя агеньчыкі, што абселі яе цёмны плашч, і посах, і травы вакол, згодна зазвінелі на розныя галасы. Йурай паважліва нахіліў светлую галаву, дзынкнуўшы завушніцаю.
– Я таксама ведаю, мой залаты, – яна ўсё яшчэ глядзела на лютніста, і ямінка-паўмесяц не знікала з яе шчакі. – Пра спаборніцтва паэтаў і бітвы на песнях. У цябе, здаецца, несправядліва адабралі магчымасць паказаць сябе?
– О, ёсць многа спосабаў паказаць сябе і сваё майстэрства, ясная пані, – прагаварыў Йурай, звузіўшы вочы. – На мой густ, лепш, калі майстэрства кажа за сябе само.
Тон быў дзёрзкі, ды яна засмяялася, і ў Леля ад яе смеху мурашкі прабеглі па спіне.
– А цяпер ты, канечне, захочаш, каб я загадала аднаму з маладых прыдворных паэтаў стаць памагатым гэтаму чалавечаму сыну.
– Гэта было б мудра, ясная пані, – пачціва азваўся Йурай. – Вядома.
– Вядома, – насмешліва паўтарыла за ім яна, быццам разумела нешта яшчэ, што лютніст да пары прыхаваў за паважлівым тонам ды пачцівымі словамі. І павярнулася да Леля, і наблізілася на крок-два, трохі кульгаючы ды абапіраючыся на посах.
– Падыміся, – загадала ўладна. – Дай жа на цябе паглядзець, дзіця.
Лель сутаргавата выпрастаўся, пазбягаючы яе пагляду. Стаяў, пераступаючы з нагі на нагу, адчуваючы на сабе цяжкі ўважлівы позірк і згінаючыся пад гэтым цяжарам.