Над дубровамі пачынаў патроху налівацца барваю захад, а таму, крыху перавёўшы дыханне на ўзлессі, зрабіўшы па глытку з біклагі з травяным напоем, яны рушылі далей, несліся нястомна, быццам дзве верасовыя віхуры. Каляіны ацяжэлі, паглыбіліся, сама дарога заўважна раздалася ўшыркі і часта давала адгалінаванні. Тыя разыходзіліся то ўправа, то ўлева, беглі, кружляючы, цераз палі і лугі, цераз дубровы, і было бачна, як у аддаленні падымаюцца ў неба дымы ачагоў. Гэта быў абжыты чалавекам, досыць густа заселены кут, і Лелю тым больш дзіўным падавалася, што чары не-людзей могуць мець тут сілу, ды і ўвогуле – існаваць.

– О, нашыя чары паўсюль, – адказаў Йурай на Лелева нясмелае пытанне, калі яны прыпыніліся на адным з раздарожжаў. – Мы жывём тут вельмі даўно, чалавечае дзіця. І нашыя чары, і мы – частка гэтай зямлі.

– А як жа тыя «часы людзей»? – Лель перадаў лютністу яго біклагу і ацёр даланёю вусны. – Што ж тады будзе… з чарамі?

Ён хацеў спытаць – «з вамі», але язык неяк не павярнуўся.

– Аднойчы ўсё заканчваецца, – адгукнуўся Йурай, памаўчаўшы. – Старое мусіць сысці, каб прыйшло новае. Такі лад рэчаў у свеце пад месяцам, чалавечае дзіця.

– І… – Лель зябка павёў плячыма. Яму чамусьці да болю шкада стала чараў, нязвыклых і прыўкрасных, і змяіных звіваў ліній на камянях, і верасовага мора на дзікіх пустках. – Няўжо нічога нельга зрабіць?

Йурай усміхнуўся.

– Часам я задаю сабе такое ж пытанне, – адказаў ціха. – Але не ведаю адказу.

Верасовыя скакуны неслі іх далей і далей. У засені дубоў па пагорках часта бялелі стаячыя камяні, і тады ў вецер, апроч перашэптвання лісця, упляталіся ледзь заўважныя чалавечаму слыху зыкі. Лель, заплюшчваючы вочы, засяроджана прыслухоўваўся – і чуў, адрозніваў, як цягнуцца і трымцяць даўнім глыбінным спевам сярэбраныя ніці чараў, што сыходзілі з самой зямлі.

Што былі голасам гэтай зямлі.

Прошчы пелі і гаварылі – можа быць, між сабою, можа быць, гукаючыся з цёмнаю пушчай, што ўсё аддалялася, аддзеленая апрацаванай зямлёй. І гэты спеў незаўважна быў паўсюль, дамешваўся да дробату капытоў і бразгання збруі, да крокаў ветру ў прыдарожных зарасніках, да перазвону вады ў соннай рачулцы, што давала нырца пад гулкі масток цераз глыбокі яр.

За ярам Йурай пусціў каня ступою. Лелеў скакун без аніякай указкі вершніка сцішыў хаду таксама, і зараз яны ехалі куды павольней, прыглядаючыся да ваколіцы. Магутныя дубы, у якіх дзе-нідзе пачынала ўжо залаціцца лісце, непарушна стаялі на пагорках, а часам і спускаліся ніжэй, ледзь не да самой дарогі. Мясцовыя, падобна, часцяком вырубалі тут векавыя дрэвы для ўласных патрэб, і Лель не без шкадавання глядзеў на разарэнне дуброваў: дубы яму падабаліся. І ўвогуле тутэйшы край падаваўся да дзіўнага блізкім, нечакана сваім, быццам Лель пасля доўгага падарожжа, нарэшце, вяртаўся дамоў.

– То мы едзем да прошчы? – спытаў Лель, асабліва не спадзеючыся на ўцямны адказ. Проста надакучыла маўчаць, ды і сама імклівая шматгадзінная скачка адзывалася і ў целе, і ў душы стомленасцю.

– Менавіта, – спакойна пацвердзіў Йурай.

– Бо там вашыя камяні… як гэта… болей не пяюць?

– Менавіта так, дзіця.

– І таму ты… вырашыў дапамагчы мне?

– О, – Йурай пакруціў галавой, і падала голас завушніца. – Не падманвайся. Я не дапамагаю табе. Мне, чалавечае дзіця, насамрэч мала справы да твайго праклёну.

– Але ж ты выправіўся разам са мной…

– Таму што так трэба, – перапыніў Леля лютніст. – Таму што гэта Яе воля. Таму што ўсё, што сустрэну на гэтым шляху, пасля наніжацца на ніці слоў і гукаў, стане музыкай для Курганова Поля. Ну, або таму, што чалавечых дзяцей трэба скіроўваць на шляху, іначай яны папросту не здолеюць дабрацца да месца. Выбірай, што болей падабаецца.

Лель пачухаў патыліцу, збіраючыся з думкамі.

– Таму што… ты нешта там такое пабачыў, – ціха мовіў ён, прыгадаўшы начную размову, і Йурай варухнуў цёмнымі бровамі і падціснуў вусны. Што б ён ні ўбачыў, распавядаць пра гэта лютніст не спяшаўся.

Коні мерна мясілі капытамі дарожны пыл, а Лель тым часам разважаў, зводзячы ў адно ўсе нітачкі здагадак. У яго хапіла клёку звязаць спеў камянёў у прошчах з чарамі не-людзей, і абрыў таго спеву, з якой-кольвек прычыны, мусіць, азначаў разарваныя закляцці, разбітыя чары. Ясна, што не-людзям тое зусім не даспадобы, адно Лель трохі сумняваўся, ці будзе вяртанне кургановых чараў на карысць чалавеку. Дакладней, пра карысць ці шкоду чалавеку кургановы народ наўрад ці стане задумвацца.

З іншага боку, і людзі не дужа заклапочаныя лёсам тых, з Курганова Поля.

Пра халоднае жалеза Лель таксама прыгадаў тое-сёе, пакорпаўшыся ў памяці, успомніўшы вусцішныя бабуліны казкі. Быццам бы некалі самыя адважныя і ўмелыя ваяры сярод людзей выкоўвалі адмысловую зброю для бітваў з народам курганоў. Звычайная сталь аднаго з вагнявокіх не заб’е, і нават звычайны жалезны нож проста параніць. А вось загаворанае халоднае жалеза, нават яшчэ і не ўдарыўшы, цягне з не-людзей сілу, раз’ядае, як іржа, спляценні іхніх чараў, ломіць волю і рушыць сілу.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже