– Зірні ж на мяне, – засмяяўшыся, мовіла яна, і чароўныя агеньчыкі задрыжалі, кожны на свой лад паўтараючы яе словы.

– Зірні, – шапнуў у Леля над вухам напружаны Йураеў голас. – Не бойся.

Ён падняў вочы – і на імгненне аслеп, бо прапаў цёмны росны луг, бо расцяклася ва ўсе бакі нястрымнае залатое святло. Травы сталі падлогай, выкладзенай узорыстымі каменнымі плітамі, і ўзвысіліся, на вачах вырастаючы, стромкія калоны, і купал, з нанізанымі на яго жывымі зорамі, раскінуўся зверху.

Яна ж стаяла пасярод велічнай залы, поўнай ззяння, і стары дарожны плашч спаўзаў з яе, як шалупінне. А з-пад яго мякка бліскалі перліны на ўрачыстым уборы, і востры шлейф цёк за ёю, быццам жывыя хвалі, пераліваючыся ад пяшчотнага блакіту да сталёвага шэрага. У валасах цьмяным срэбрам бліснуў зубчаты венчык, а на рудых косах, схаваных пад сеткаю, рассыпаліся, быццам росы, дробныя дыяменты.

А гожы твар быў той самы, і выгін вуснаў такі ж уладны, і вочы такія ж вусцішна даўнія, такія ж зялёныя – быццам травы на курганах.

– Ведаеш, хто я, дзіця? – спытала яна, і на белай шчацэ паўмесяцам абазначылася смяшлівая ямінка. Лель, агаломшаны, знямелы, прырослы да каменных плітаў, знайшоў у сабе сілы адно кіўнуць. «Ведаю. Канечне, ведаю. Цяпер – ведаю».

Імя не давалася, выслізгвала з вуснаў, вылузвалася з пальцаў.

– Ведай яшчэ вось што, – яна рушыла да яго, і шлейф паплыў следам, і паплылі ў паветры чароўныя агні. – Я справядлівая. Ты праліў кроў маёй раганы, прынёс халоднае жалеза да святых камянёў. То цяпер пралі сваю кроў, вызвалі мае камяні ад жалезнай атруты. Зробіш так – і я забуду пра помсту табе, пакуль тыя камяні будуць пець.

Яна працягнула Лелю руку ў белай пене карункаў, і вышыўка на яе вострым рукаве жыла, кацілася рачнымі хвалямі па пералівістым шоўку. Лель дрогкімі пальцамі крануўся белай далоні з чорным следам апёку. А яна ўсміхнулася драпежна і сціснула ягоныя пальцы сваімі, сталёвымі, халоднымі, з нечалавечаю сілай.

– Зарок ёсць зарок, – мовіла сурова. – І клятва ёсць клятва. Адгэтуль і давеку, дзіця.

Зялёныя агні, што мірна плылі ў паветры побач з ёю, зазвінелі нясцерпна гучна, амаль раз’юшана, і зала вакол раптам паблякла, рассыпалася на аскепкі, на іскры. Лель, усё яшчэ адчуваючы дотык яе рукі на сваёй, падаў у бездань, у цемру, бясконца і безнадзейна падаў, і сам патроху згасаў, як іскра ад вогнішча.

Сонца пякло яму ў галаву. Лель прыўзняўся на локці – і пабачыў знаёмае каменнае кола на вяршыні пагорка і чорныя прысак, у якім яшчэ варочаліся дробныя пробліскі былога агню. Пахла мёдам, ніжэй па схіле гулі пчолы, і хвалі верасовага мора ленавата варушыліся пад ветрам. Неба за ноч паспела ачысціцца, і цяпер ззяла радаснай сінню, і сонца прыпякала амаль па-летняму.

– Прачнуўся? – голасна спытаў лютніст, і Лель, здрыгануўшыся, павярнуў галаву на ягоны голас. Йурай, накінуўшы кароткі дарожны плашч, стаяў побач з адным з камянёў, і лютня ў скураным чахле прытулілася ў яго на плячы, гатовая да падарожжа.

– Дык гэта быў сон? – расчаравана спытаў Лель, калі яны, адзін за адным, спускаліся з пагорка па вузкай сцежцы. Йурай засмяяўся.

– Сон, – адказаў, паціснуўшы плячыма. – Або ява. Выбірай, чалавечае дзіця.

– Я хацеў сказаць, гэта была… няпраўда? – Лель з лёгкай дрыготкай прыгадаў галасы рагоў у начным лесе. – Усяго толькі мроя?

– А чаму сон абавязкова мусіць быць няпраўдай? – адгукнуўся Йурай, бліснуўшы на суразмоўцу ўсмешкай, і Лель змрочна засоп. У лютніста была дзівосная манера адказваць на пытанні, не даючы, уласна, адказаў. Зрэшты, вытрымаўшы нядоўгае маўчанне, Йурай злітаваўся.

– Так, – мовіў. – Ты цяпер звязаны зарокам. Так, ты цяпер мусіш выканаць тое, што паабяцаў Усёмаці. І так, яна, у сваю чаргу, абяцала забыць пра праклён і помсту.

– А што, – насмеліўся спытаць Лель. – Што яна казала пра… спаборніцтва паэтаў?

Йурай варухнуў бровамі.

– Хіба ёсць табе да гэтага справа? – спытаў лютніст. – Так або іначай, але я пакуль побач, а ў цябе дамоўленасць з Усёмаці. Толькі гэта і важна, не?

– Але… усё гэта быў сон? – азадачана нахмурыўся Лель. Зараз, удзень, ад успамінаў пра начное падарожжа накатвала вусціш, і дрыжыкі караскаліся па спіне. Бо калі гэта ўсё праўда – значыць, сіла той, што з’явілася ў Лелевым сне, не прыснёная, а самая сапраўдная. Значыць, святыні яе сапраўдныя. Значыць, тая старая ведзьма, адбіраючы ў вяскоўцаў дзяцей, аддаючы Лелеву малую сястру камяням, таксама была ў сваім праве.

З гэтым было цяжкавата змірыцца, і на душы, ад усведамлення ўласнага бяссілля, разліваўся холад. У свеце не-людзей, якія выпявалі закляцці ды ўмела знітоўвалі сон з яваю, так што і не адрозніш, чалавеку проста не было месца.

– Можа, і так, чалавечае дзіця, – паціснуўшы плячыма, адгукнуўся Йурай, калі Лель з горыччу вымавіў перадуманае ўслых. – Але часы нашых чараў патроху мінаюць, і хутка мы ўсе будзем жыць у свеце людзей.

Лель прыснуў недаверлівым смяшком, але лютніст нават не ўсміхнуўся.

– Я бачу, – адказаў толькі, калі Лель пацікавіўся, адкуль такая ўпэўненасць.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже