«То, можа быць, – Лель унутрана пахаладзеў, але ўсё-такі не мог пра гэта не падумаць, – можа быць, і добра, што даўняе загаворанае жалеза адабрала ў каменнага кола мову, разарвала ніці наведзеных чар?»

– Спеў камянёў, – загаварыў Йурай, быццам прачытаў у зацягнутым маўчанні Леля гэтае пытанне. – Важны не толькі для нас, чалавечае дзіця. Як думаеш, чаму каменныя чары ўкрываюць усю гэтую зямлю? Чаму прошчы раскіданыя па самых глухіх кутках?

– Я не… – прамармытаў Лель, прысаромлены, адчуваючы, што яму і насамрэч зазірнулі ў не самыя годныя думкі. – Не, не ведаю. Чаму?

– Таму што, – адчаканіў лютніст, – гэтыя чары аддзяляюць нас ад нечага, што страшнейшае за «не-людзей». Або нават за чалавечых дзяцей.

– І што гэта? – Лель зацікаўлена прыўзняў бровы. – Тое страшнейшае?

У перачутых ім бабуліных казках нічога такога не было, ды і Лелю цяжкавата было ўявіць штосьці болей жудаснае, чым Дзікі Гон. Ці чары, здольныя пераўтварыць чалавека ў звера. Ці… Тут Лель прыгадаў чорныя бездані ў зрэнках Той, у сне, які не быў сном, і скалануўся, быццам ад халоднага ветру.

– Можа быць, – нядобра ўхмыльнуўся лютніст, – гэта пачвары, што паглынаюць тых, хто задае зашмат пытанняў!

Лель змрочна засоп. «А можа быць, – працягнуў ён пра сябе, перадражніваючы, – можа быць, ты проста не хочаш адказваць». Праўда, выпрабоўваць цярплівасць Йурая або нават і тых уяўных пачвар Лель не рашыўся і палічыў за лепшае замаўчаць.

Ваколіца, падобна, сапраўды была добра абжытая, бо чым далей, тым болей сустракалася ім людзей. Хтосьці працаваў у полі і паварочваўся на конскі тупат, прыглядаючыся да вершнікаў. Хтосьці прамінаў пратаптанымі сцежкамі да сяліб, несучы мяхі ці кошыкі, а то і вязанкі дроў. Раз-пораз і вазы паўзлі па дарозе, насустрач ці ў той жа бок, і суровыя барадатыя вознікі падазрона касіліся на нябачаных верасовых скакуноў.

Хутка за бліжняй дубровай паказалася ўмацаванае селішча, і на драўляных вежах за ўтравелымі равамі танчылі пад ветрам барвовыя сцягі. Стуль несліся чалавечыя галасы, пах дыму і голас металу пад кавальскім молатам. Туды, да дыму і металу, паўзло некалькі цяжка нагружаных вазоў, грукаталі коламі па пад’ёмным мосце. Лель пытальна зірнуў на Йурая, але той адмоўна пахітаў галавой: іх дарога ішла далей на поўнач.

І чым далей яна ішла, тым больш занядбанымі, здзічэлымі станавіліся мясціны. За наступным жа раздарожжам пазнікалі дымы раскіданых па дубовых узгорках селішчаў. Не бялелі на схілах авечыя чароды, не падавала голасу жалейка. Хутка стала відавочна, што шлях сюды быў закінуты: каляіны зарасталі травою. Вакол раптоўна раскінулася бязлюддзе – зусім як на верасовых пустках, – і расцякалася цішыня, даўкая, цяжкая, як бы пераднавальнічная. Зыкі каменных колаў, што ўпляталіся ў вецер, тут не гучалі, і нават птушыная драбяза ў прыдарожных зарасніках не ўсчынала вясёлага перазвону.

Край быў безгалосы. Мёртвы.

– Адчуваеш, пэўна? – мовіў Йурай нягучна, і Лель часта паківаў. Ён сам не здолеў бы ўцямна патлумачыў, што іменна расцякалася вакол, але гэтае нядобрае адчуванне было самым рэчыўным і толькі мацнела, аблягаючы дваіх вершнікаў шчыльней.

– Мы блізка, – сказаў лютніст. – Будзь напагатове.

Верасовыя скакуны пафырквалі, трывожна стрыглі вушамі. Падобна, нядобрая ціша, якая затапіла ўсё вакол, ім таксама была не пад густ. Лель, шкадуючы, пагладзіў свайго каня па шаўковай шыі – і са здзіўленнем зразумеў, што нястомны звер, створаны чарамі, успуджана дрыжыць.

Можа, трывога ад каня перадалася і Лелю, бо праз пэўны час страх быў паўсюль, у самым паветры. Страх пранізваў і дубовае вецце, што спляталася над дарогай, і трапяткія галіны зараснікаў. Страх гучаў у голасе ракі, амаль цалкам укрытай, быццам схаванай за альхоўнікам. Страх варушыўся ў ценях ад вершнікаў, што клаліся на сухую траву, на багун і дурнап’ян. Між звівастых каранёў і зблытаных сцяблін варушыліся, быццам клубок, іншыя цені, якія слізгалі, сачыліся і сачылі пільнымі позіркамі. Лель заўважаў ламаныя рухі краем вока, паварочваў галаву – ды бачыў толькі старыя дубы і шапаткія травы. Але неспакой рос у ім, і пальцы мацней сціскаліся на аброці.

Напэўна, з той прычыны, знянацку згледзеўшы на ўзбочыне цёмную постаць, Лель ледзьве не ўскрыкнуў. А тая вусцішная постаць махнула рукою, просячы іх прыпыніцца, і адразу ж ступіла на дарогу, ледзь не пад капыты верасовых скакуноў.

Зрэшты, цёмнаю ды вусцішнай яна была толькі таму, што насіла плашч. Цяпер, калі Йурай і Лель спынілі коней, капюшон упаў, адкрываючы растрапаную русую касу і жывы твар з яснымі шэрымі вачыма пад упартымі бровамі, з белаю паласою шрама ля пульхных вуснаў. Твар быў жаночы, ці, дакладней, дзявочы, досыць юны, і Лель падумаў быў, што беднае дзяўчо згубілася і шукае дапамогі.

Адно толькі ў руках у яе быў рагавы лук, а на сцягне калчан са стрэламі. Таму ані згубленай, ані безабароннай дзяўчына не выглядала, ды і загаварыла зусім без боязі, упэўнена, нават строга:

– Вы на поўнач едзеце? Дарма. За дубровай дарога зусім дзічэе, а далей заклятае возера з нелюдскімі камянямі. То лепей паварочвайце.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже