Толькі вось у смаку таго яблыка было штосьці такое, што ўсхвалявала яе памяць, што адшукала ў памяці і ў сэрцы – страшную, балючую пустку, рану, якая хай і запяклася, але ўсё яшчэ смылела. І, асэнсаваўшы ўсё, быццам ачомаўшыся, быццам абудзіўшыся ад доўгага сну, Ільга раптам з жахам зразумела, што, змаладушнічаўшы, збаяўшыся аднойчы, яна сама сябе загнала ў кут, у тупік без выйсця. І ад гэтага асэнсавання зямля сыходзіла з-пад ног і неставала паветра.
І зноў падалося, быццам яна вось-вось павінна ўспомніць усё, трэба толькі напружыць памяць у апошнім высілку.
– Хаця б весела было? – спытаў Алізар мякка, не выпускаючы яе руку са сваіх далоняў.
Ільга здрыганулася ўсім целам, зірнула на яго спуджанымі вачыма. Нітачка зноў перарвалася, унутраная бездань дыхала самым сапраўдным ледзяным холадам, так што Ільгу ўзяла дрыготка.
Княжыч заўважыў, варухнуў бровамі, скінуў падбіты футрам плашч, захутаў Ільгу. Усміхнуўся, сустрэўшыся з ёй паглядам, і ад гэтай шчырай і цёплай усмешкі ў Ільгі сціснулася сэрца.
– Хадзем, хадзем, – сказаў Алізар, асцярожна адвёўшы ад Ільзінага твару неслухмяную пасму. – Вечарэе, з верасовых пустак цягне сырасцю.
І Ільга, блытаючыся ў аксамітным падоле, дазволіла сябе звесці, дазволіла сабе расслабіцца, кінуць спробы адолець прагалу ва ўспамінах. Адчувала моцную цёплую руку вакол сваіх плеч, думала мляўка, павольна і ленавата: і няхай так застаецца, і няхай так і будзе. У казак ёсць свае законы, казкі ўсе расказваюцца на адзін лад, і нічога з гэтым не зробіш, і супраціўляцца марна.
– Там быў стары гусляр, – задуменна прагаварыла Ільга. – Уяві, спяваў пра князёўну і цмока. Пра мяне.
Прамовіўшы гэта, раптам сумелася, і зноў адрынула мляўкасць, паспрабавала засяродзіцца на аднойчы заўважанай няправільнасці.
Княжыч яе задуменнасці, здаецца, не заўважыў, але гусляром зацікавіўся.
– У нас у замку амаль няма музыкаў, – заўважыў мімаходзь. – Варта было б запрасіць каго, калі папрыязджалі на кірмаш. Праўда ж?
Ільга адказала кіўком. Музыкаў у замку сапраўды было нямнога, а тыя, што былі, не маглі асабліва пахваліцца ані выбітным уменнем, ані пекнымі песнямі. Князь хацеў склікаць лепшых майстроў з бліжніх зямель на кірмаш і на сынава вяселле, але з тых запрошаных пакуль яшчэ ніхто не з’явіўся.
Зрэшты, падумала Ільга, гэта трохі нават дзіўна. Усе гэтыя два гады ў княжым замку яна не чула сапраўднай музыкі. Вядома, жанчыны часам пелі за працай, а дружыннікі – за кубкамі з віном, але тая музыка была дамашняя, для сваіх патрэб, без палёту, без віхуры і чароўнай сілы. Дзеля танцаў на баляваннях запрашалі і музыкаў, часцей вандроўных майстроў, кшталту таго старога гусляра, але ўсё было не тое, не так, не сапраўднае. Бо сапраўдная музыка – Ільга гэта знекуль цвёрда ведала – мусіла быць менавіта чароўнай, палётнай, крылатай. Не таму, што яе наўмысна спавівалі чарамі, а проста таму, што іначай стварыць сапраўднае не атрымаецца. Проста таму, што іначай не ўмееш. Проста таму, што музыка – такая.
Яна задумалася над гэтымі апошнімі думкамі, перабіраючы ў памяці, адкуль магла б пра гэта даведацца, ад каго пачуць. Таму і не заўважыла, што яны з княжычам прыпыніліся і сталі ў адным з вузкіх замковых калідораў ля габелена са сцэнаю палявання. А калі заўважыла ўсё гэта і падняла на Алізара пагляд, княжыч ужо гаварыў, злёгку чырванеючы і хаваючы вочы. Гаварыў ён ціха, але цвёрда, што намеры ў яго ніколькі не змяніліся, што Ільга не павінна думаць, быццам ён з ёю выключна таму, што так вырашыў бацька, што раней ён, Алізар, і не ўсведамляў, наколькі можна…
На гэтым княжыч пачырванеў асабліва густа і замоўк. Ільга глядзела на яго вялікімі вачыма, збіраючыся з думкамі, наважваючыся прамовіць тое, што даўным-даўно павінна была сказаць. Праўда, Алізар яе маўчанне і позірк патлумачыў для сябе на зусім іншы лад – і, усё яшчэ чырванеючы, пяшчотным, але настойлівым дотыкам прыцягнуў Ільгу за падбароддзе і пацалаваў у паўадкрытыя для пярэчанняў вусны. Ільга імгненна ўспыхнула, задыхнуўшыся ад нахабства, з сілай уперлася княжычу ў грудзі рукамі, адштурхнула і вызвалілася.
– Ты што гэта тут яшчэ надумаў, ёлупень? – сказала сярдзіта. – Ты ідзі лепш загародку ў хляве памацай. Выдумшчык!
Да пацалункаў у іх яшчэ неяк не даходзіла, ды і самой Ільзе неяк дзіўнавата і смешна было думаць, што пасля вяселля княжыч і на яе пацалункі, і на многае іншае, аб чым шэпчуцца чалядніцы, будзе мець нейкае там сваё права. А зараз, калі на вуснах яна яшчэ адчувала салодкі яблычны прысмак, калі ўсёй сваёй істотай была там, ля прорвы бяспамяцтва, гэта і ўвогуле падавалася лішнім, недарэчным, нават кашчунным.
– Проста… мы ж нібыта… ну… – прагаварыў Алізар і ледзь не згарэў з сораму пад ледзяным Ільзіным позіркам.
– Нішто сабе, – глуха выгукнулі аднекуль збоку.
Алізар, здрыгануўшыся ад нечаканасці, і сам адступіў, чырванеючы яшчэ гусцей, а побач з габеленам вырас мажны Тамаш Дубыніч, пашчыпваў чорную кучаравую бараду, скаліў з вышыні белыя зубы.