Успомніць, аднак, не атрымлівалася. У памяці зеўрала, патыхала зімовым холадам ледзяная пустка, быццам штосьці было бязлітасна выдрана з коранем, і гэтая пустка была вусцішнай безданню, зазірнеш – і галава закруціцца. Ільга хмурылася, кусала вусны, напружана прыгадваючы. Не дамаглася анічога: бездань была неадольная. Адзінае, што было ясна, што адчувалася сэрцам: там, у прадонні памяці, хавалася, апроч усяго іншага, нешта нядобрае, нешта амаль непапраўнае.

А вакол быў кірмаш. Адзін з тых, шумных і тлумных, калі, ідучы праз натоўп і размаўляючы са спадарожнікам, не пачуеш ані яго, ані самога сябе. Калі вакол стракацяць стужкі, і б’юць паветра, быццам птушыныя крылы, каляровыя сцяжкі, калі вакол кружэнне, і рух, і смех, і абрыўкі музыкі ды спеваў. У гэтым радасным кружэнні Ільга раптам адчула сябе чужой, пакінутай і самотнай, жудасна адной ды безабароннай, нягледзячы на ўзброеную ахову, і ледзьве зноўку не расплакалася.

Але стрымалася, сціснула зубы. Успомніла, што ўсё пачалося з яблыка – а значыць, запаветная выратавальная нітачка зараз у яе руцэ.

Яблыні раслі побач з хатай, дзе яна нарадзілася і вырасла. Цвілі белай завеяй штовясны, спелілі чырванашчокія яблыкі пад восень. Але ані той хаты, ані тых яблыняў зараз не засталося: усё згарэла, усё развеялася попелам у адну страшную ноч. Ільга добра памятала і полымя з неба, і цень на зямлі, што быў цямнейшы за саму ноч, і людскія крыкі, жах і смерць вакол. Але тых мёртвых і тыя страты яна ўжо аплакала, папялішча зарасло травою, і зараз туды нават вярнулася колькі сямей з былых Лыцавічаў, разбураных цмокам. Ільзе вяртацца не было куды – і два гады таму яна засталася ў Вугерцы, пры княжым двары.

Ільга прыпынілася. Тут, за шатрамі гандляроў, паставілі доўгія лавы, і на лавах ужо цясніліся дзеці. А па-над белымі, русымі, рудымі галовамі ледзь відно было сіні выцерты плашч ды нязграбны вастраверхі капялюш. Дзіцячыя галовы, быццам сланечнікі за сонцам, паварочваліся, прагна лавілі кожны рух, кожнае слова. Бледны падлетак у двухколерным камзоле прабіраўся між лаваў са слухачамі, збіраў медзякі ў рэшата. Ільга таропка ўкінула і сваю манетку.

Словы падалі з белай даўжэзнай барады, з-пад доўгага кручкаватага носа, аздабляліся ўсплёскамі гусляў, калі на струны апускалася высахлая старэчая далонь. Словы былі – адмысловыя, складаліся ў казку пра цмока ды князёўну. Праўда, гэтую князёўну ніхто не ратаваў: перад тым як зажыць доўга і шчасліва, цмока яна перамагала сама, але дзецям, здаецца, так нават болей падабалася.

Зрэшты, так і было. Ільга сапраўды перамагла таго цмока. Праўда, Ільга не была князёўнай, але ў казках, здаецца, ёсць такая завядзёнка.

– Не-князёўна, – прамармытала Ільга. У гэтым слове, як і ў яблыку, таксама хавалася амаль нябачная нітачка памяці. Таму, згледзеўшы вольнае месца, Ільга прысела побач з чародкай дзяцей. Глядзела на старога гусляра, падпершы падбароддзе рукою, слухала ўважліва, хаця гэтую казку чула ўжо, можа, добрую тысячу разоў, бо і казка была, уласна кажучы, пра яе. Словы супакойвалі, спавівалі ласкава і надзейна, утваралі вакол Ільгі надзейнае абарончае кола. Усё так і было: яна рушыла па лясной дарозе за крыважэрнай пачварай, высачыла яе ў берлагу і разам з вугеркаўскай дружынай і Дубынічам, княжым братам, забіла цмока на Калінавым мосце. Так усё і было, і іначай быць, вядома, не магло.

І ўсё-такі прагала ў памяці не давала спакою. Аднойчы адчуўшы перарванасць успамінаў, Ільга ўвесь час вярталася і вярталася да гэтай бездані, як дзеці, у якіх нядаўна выпаў зуб, увесь час спрабуюць нязвыклую пустку языком. І таму, як толькі аповед скончыўся і маленькія слухачы пачалі разбягацца, яна падышла да гусляра, згорбленага і высахлага, і спытала, быццам бы той мог нешта ведаць:

– А гэта ж усё… праўда?

Стары падняў на яе твар са сляпымі вачыма, зацягнутымі бельмамі, пажаваў вуснамі. Змрочны падлетак у залатаным двухколерным камзоле, мабыць, памочнік сляпога музыкі ці яго вучань, змерыў Ільгу позіркам і непаразумела прыўзняў бровы: мабыць, пазнаў і здзівіўся, чаму яна пытаецца пра саму сябе.

– Пакуль у гісторыі вераць, дзяўчынка, – сіпла адказаў стары, перадаючы гуслі памочніку. – Яны і ёсць праўда.

– А што… – Ільга змяшалася і ледзь прымусіла сябе працягваць, настолькі дзіка гэта прагучала нават у галаве: – Што, калі ёсць… дакладней, мусіць быць яшчэ адна праўда? Проста пра яе не атрымліваецца ўспомніць?

Гусляр прысвіснуў, прыўзняў кусцістыя бровы і пачухаў патыліцу, ажно скасавурыўся востры капялюш на ружовай лысіне. Пасля стары шумна ўцягнуў у сябе паветра і асяніў сябе ахоўным знакам.

– Я, дзяўчынка, проста бедны музыка, – мовіў гусляр паўшэптам. – Тое, пра што ты кажаш… праўда, якая мусіць быць, але якую забылі… Гэта не для чалавечага розуму. Не нам з табой пра такое задумвацца.

– Але… – пачала была разгубленая Ільга, але змрочны падлетак, падскочыўшы, рашуча перапыніў яе:

– Чула, што майстра сказаў? Адчапіся, няма чаго тут!

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже