Ільга сціснула кулакі. А падлетак дапамог свайму майстру падняцца на ногі – і абодва сышлі, настолькі таропка, наколькі маглі. Гусляр абапіраўся свайму памочніку на локаць і штосьці горача нашэптваў, а падлетак увесь час аглядаўся на Ільгу – з падазрэннем і незадаволенасцю, быццам яна сказала нешта не проста дурное, але і неймаверна небяспечнае.

Тым часам над каляровымі шатрамі ўзвіліся паветраныя змеі – пярэстыя, даўгахвостыя, абвешаныя стужкамі. Дзіўна было вось так стаяць побач на застаўленым лавамі пятачку між шатрамі – плешы ў густым і шумным натоўпе. Стаяць, закінуўшы галаву, і глядзець на тых, хвастатых, што падскоквалі, ныралі і танчылі на хвалях ветру. Ільга загледзелася, на імгненне забыўшыся пра ўсё на свеце, і адчула, што вось-вось павінен перакінуцца праз бездань ва ўспамінах трывалы і надзейны мост, і стане ўсё так, як трэба, так, як павінна.

Адзін з вояў-ахоўнікаў асцярожна крануў яе за рукаў.

– Васпані, – сказаў няголасна, пачціва. – Мусім вяртацца.

І ўяўны мост, які, здаецца, працягнуўся праз памяць, абрынуўся ў прадонне. Ільга незадаволена зморшчыла нос, але, зірнуўшы на нізкае сонца, пакорліва паківала. Сапраўды, трэба было вяртацца, прапіхвацца праз вясёлы шумны натоўп, які з кожнай хвілінай толькі большаў. Ільгу даўно чакала карэта з княжым гербам і пара сівых коней.

У падсіненым паўзмроку цёмны княжы замак, набліжаючыся, навальваўся амаль невыносным цяжарам, і хацелася збегчы, уцячы назад, туды, дзе віраваў і сыпаў абрыўкамі песень кірмаш. Ільга трэслася ў карэце, сцяўшы зубы, увабраўшы галаву ў плечы, і стрымлівала сябе высілкам волі, супакойвала сябе і самой сабе здзіўлялася.

За замковымі варотамі чакаў усхваляваны княжыч. Пабачыў Ільгу, у два крокі апынуўся побач, падхапіў пад руку, дапамагаючы выбрацца з карэты. І загаварыў, што так жа – нельга, што – мала што можа здарыцца, што кірмаш – не самае лепшае месца для шпацыру. Ільга слухала яго і ўспамінала: два гады таму, калі яна прыехала ў Вугерку разам з Тамашам Дубынічам, князевым братам, Алізар вось так жа сустракаў дружыну за замковымі варотамі. І, пабачыўшы Ільгу побач з Дубынічам, сумеўся, пачырванеў і не мог вымавіць ані слова. А пасля дні тры хадзіў за ёй, назіраючы здаля, аглушаны і прыціснуты гучнай Ільзінай славай змеяборцы, і аніяк не мог перабароць сваю маўклівасць, калі яны сутыкаліся ў цесных замковых калідорах ці за ўрачыстым сталом. Дубыніч, які, здаецца, заўважыў пляменнікава пакутлівае маўчанне і нязграбную сарамлівасць самым першым, рагатаў і строіў кепікі з іх абаіх – Алізара ды Ільгі. А княжыч толькі чырванеў, хмурыў чорныя бровы і, нарэшце, раз’юшваўся і імкліва выскокваў з-за стала, паваліўшы пазалочанае крэсла. Праз тыдзень нават выклікаў дзядзьку на двубой – на поўным сур’ёзе, за непавагу да дзевы ды абразу. І, паколькі Тамаш Дубыніч спачатку аніяк не мог разагнуцца ад смеху, так-такі патрапаў старога воя. Пасля, вядома, раз’юшыўся ўжо Алізараў дзядзька і па-свойску надаваў малому кухталёў.

– Настырны, гонару і адвагі бясспрэчнай, – казаў пра пляменніка Дубыніч у выніку. І дадаваў не без шкадавання: – Але дурны ж як пень, каб яго трасца.

А княжыч, як толькі аправіўся пасля таго свайго не надта ўдалага двубою, прыйшоў да Ільгі і мовіў, хвалюючыся, так: ён цяпер будзе абараняць Ільгу ад любой шкоды і крыўды, ад каго б тое ні сыходзіла. Ільга перад тым якраз практыкавалася ў мечным боі разам з княжымі дружыннікамі і, потная і брудная, толькі чмыхала, лацвей перахопліваючы драўляны шчыт з груба намаляваным вугеркаўскім мядзведзем. Алізар жа быў вельмі сур’ёзным, хаця і пяшчотна ружавеў і старанна адводзіў вочы, і толькі знервавана патрэсваў густымі цёмнымі кудзерамі.

Да князя ўсё гэта дайшло пазней – дакладней, князь захацеў звярнуць на гэта сваю ўвагу адно месяцы праз тры, калі не звярнуць увагі было нельга, бо пра Алізараву непрыхаваную прыхільнасць пачалі гаварыць усе, і ў замку, і ў Вугерцы, і нават у ваколіцы. Князь паклікаў да сябе Ільгу, каб пагаварыць асабіста. І, калі яна прыйшла так, як была – то бок, як практыкавалася з дружынай у двары, – здаецца, нават трохі здзівіўся, быццам чакаў пабачыць нешта зусім іншае. Княжае здзіўленне, аднак, было добрага кшталту: ён засмяяўся і досыць мякка і прыязна пачаў распытваць пра Ільзіна мінулае, пра Лыцавічы, пра цмока і цмокаву смерць на Калінавым мосце. І вось што дзіўна – тады аніякай прагалы ў памяці Ільга дакладна не адчувала, распавядаючы пра ўсё роўна і спакойна, з непарушнай упэўненасцю, што ўсё было менавіта так, як яно помніцца і як расказваюць людзі вакол. Князь, пагутарыўшы, раптам працягнуў вялікую далонь і нечакана пагладзіў Ільгу па галаве.

– Што ж, – сказаў. – Быў у мяне адно сын, а зараз будзе і дачка. Смелая, моцная, шчырая. Чаго яшчэ шукаць?

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже