Князь зноў усміхаўся краёчкам рота. Ясь ускрыкнуў ад болю і ледзь не да крыві закусіў вусны: іней пачаў караскацца па ягоных руках, зводзячы пальцы крукамі.

– Тады… тады іншую песню, ясны княжа, – ледзьве вымавіў хлопчык, спрабуючы і сам адказаць на князеву ўсмешку. Атрымалася ў яго не надта.

Спіна ў яго напялася, дыхаў ён часта, і рука, крануўшыся струн, спачатку патрывожыла іх недарэчна, так што лютня ўскрыкнула бязладна і фальшыва. Нешка схавала твар у далонях.

Ясь, аднак, перасіліў сябе, выправіўся. Лютня зноў запела, з яшчэ большаю цеплынёю і агнём, з жарсцю маладога кахання.

Уражаная Нешка падняла галаву, зірнула на мяне і ўсміхнулася. І я таксама ўсміхнуўся: пад жарам гэтай музыкі паволі адступаў іней. Гэта была – надзея. А лютня пела, і хлопчык з зялёнымі – нашымі – вачыма пеў разам з ёю, у кожнае слова ўкладаючы драбок уласнай цеплыні.

Слаўся, повязь між двума сэрцамі, слаўся, дотык дзвюх душ, слаўся пад сонцам і пад месяцам, вечна, вечна. Колькі любяцца неба і зямля, столькі будзе жыць каханне, адбіваючыся ў вачах закаханых, пераскокваючы з вуснаў на вусны падчас пацалункаў. Будзе жыць, жыць, жы…

Сотвар рэзка падняўся з месца, ускінуўся, быццам язык белага полымя. Падняў рукі над галавою і пляснуў у далоні – і музыка скамячылася, а словы ўскіпелі і замёрлі, заінелі ў Яся на вуснах.

– Ты, мусіць, забыўся, чалавечы сын, што пяеш пра смяротных і іхнія любошчы, – грэбліва сказаў князь. – Можа, для чалавечых сыноў гэта і цікава, але не для нас, адвечных.

Ясь зноў ускрыкнуў і ўпаў на калені. Лютня бездапаможна выпала з ягоных рук, вохнуўшы, як жывая. Я шпарка падскочыў да хлопчыка, спрабуючы дапамагчы яму падняцца. Іней укрываў яго цалкам, сівізною ляжаў у валасах, так што падшыванец быццам састарыўся за лічаныя імгненні. Іней бязлітасна джаліў мае далоні, пакуль я трос хлопчыка, аклікаючы па імені, пакуль лаяў і яго самога, і ягоную сям’ю да сёмага калена. Ён заплюшчыў вочы, не варушыўся, скурчыўся, скрыжаваўшы рукі на грудзях, і мармытаў пад нос, паўтараў толькі адно:

– Холадна… як жа холадна…

Князь, усміхаючыся, нетаропка спусціўся, з шоргатам цягнучы за сабою барвовы плашч, па прыступках ад трона. Спыніўся на перадапошняй.

– Нам сорамна за цябе, Косткасей, – мовіў Сотвар з дакорам. – Ты, наш рыцар, наш вартаўнік, важдаешся з гэтым шчанюком.

– Майце літасць, княжа… – шэптам узмалілася Нешка, ламаючы рукі. Князь апёк яе ледзяным позіркам, і панна анямела і застыла, толькі па бледных шчоках ліліся слёзы.

Я падняўся, абапіраючыся на меч, вытрымаў позірк Сотвара, не адвёўшы вачэй.

– Гэты хлопчык выйдзе адсюль, – працадзіў я скрозь зубы. – Выйдзе жывы і здаровы. І Гон не прыйдзе па яго. Ні сёння, ні калі-небудзь яшчэ.

– Гэты хлопчык, – злосна адказаў князь. – Прыйшоў сюды сам, не спытаўшы нашага дазволу, не маючы права на гэта. Сын свайго бацькі, як ні паглядзі.

– І сын сваёй маці, – дадаў я. – Ці ж не дае гэта яму права быць тут?

Сотвар звёў бровы, і ўладна працягнуў руку, і зрабіў бы яшчэ адзін – апошні свой – крок да паўпрытомнага Яся, каб я не апярэдзіў яго, засланіўшы хлопчыка сабою.

– Двубой, – здушана прасіпеў я, падымаючы меч і сам не верачы, што раблю гэта. – Двубой!

Ён зірнуў на мяне паўзверх мяча вачыма колеру зыркай сталі. Клянуся, я бачыў, як па лязе папаўзлі карункавыя марозныя ўзоры.

– Двубой, – паўтарыў я. У галаве было на дзіва пуста, і толькі варочалася і непакоіла атрутная іголка там, злева.

«Неба, што ж я такое раблю, кадук мяне вазьмі. Хіба бывае так, каб зброя абярнулася супраць таго, хто трымае дзяржальна? Хіба веру я – хаця б на хвіліну – што магу перамагчы?»

– Хай будзе так, – адгукнуўся князь. Падняў руку – і паветра загусцела, набываючы форму, пакорлівае ягонай волі, і з іголак інею вокамгненна саткаўся бледны клінок, ззяйкі і востры.

А пасля клінок рушыў наперад, на мяне, так што я ледзь паспеў падставіць пад удар уласны меч. Удар быў страшны, але, на шчасце, ледзяное лязо слізнула, рассыпаючы іскры, а я вывернуўся, адскочыў убок. Двор паспешліва адступіў, стаў вакол нас шырокім колам, поўным шэптаў і позіркаў, поўным шолахаў.

У гэтым коле мы ўдваіх рухаліся – круціліся адзін за адным, упіваючыся позіркамі, быццам танчылі. Я крочыў на паўсагнутых нагах, пасоўваў меч з боку ў бок, падманваючы, хаваючы намеры, цягнучы час.

Час – вось што трэба. Час, каб дабратворныя чары з рук панны Нешкі дапамаглі аднаму малому нахабніку ачуняць. Час.

І я выбіваў для яго імгненні, адно па адным, з паслухмянай сталі, якая ўпарта гула і хрыпела, якая стагнала пад напорам бледнага клінка.

– Дурасць, Косткасей, – казаў Сотвар. – Неба, якая дурасць. Дзеля чалавека падстаўляць уласны карак.

Тут ён зноў ударыў. Клінкі ў чарговы раз за скрыгатам сышліся, і па лязе майго мяча пабеглі марозныя іглы, і холад апёк, і кроў застыла ў жылах.

– Саступі мне, Косткасей, – выціснуў Сотвар з натугаю.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже