Дзверы зачыніліся, ліфт паляцеў уверх, а Лаўрыновіч так і застаўся стаяць з разяўленым ротам. Алачка аж да дванаццатага паверха рагатала, уяўляючы сабе яго пакрыўджаную і разгубленую фізіяномію.
Машынапіснае бюро займала вялікі сонечны пакой, сцены і столь якога былі абабіты гукаізаляцыйнай пліткай. Плітка нагадвала пчаліныя соты — дзірачка на дзірачцы. Магчыма, яна неяк ахоўвала суседнія пакоі ад ляскату, у самім жа бюро было як на воінскім палігоне, дзе выпрабоўваюць найнавейшыя сістэмы хуткастрэльных кулямётаў: без прывычкі ў кожнага, хто туды заходзіў, ужо праз пяць хвілін пачынала грымець у вушах. Акрамя Алачкі, там працавала пяць машыністак, усе прыкладна аднаго ўзросту. Каця і Валя былі замужам; Кацін муж, ціхі рахманы хлопец, рабіў на будоўлі мантажнікам, яны ўжо мелі двое дзетак; дзеці часта хварэлі, і Каця брала работу дамоў, каб не сядзець на даведках. Мела дачку-першакласніцу і Валя, але з мужам ёй пашанцавала меней: шафёр-аўтобуснік, ён піў, гуляў, пакуль не трапіў у цяжкую аварыю, і цяпер сядзеў у калоніі; раз у месяц Валя ездзіла да яго, расказвала, што стаў зусім іншым чалавекам, чакала амністыі, спадзявалася, што жыццё яшчэ неяк наладзіцца. Антаніна, як і сама Алачка, ужо двойчы «збегала» замуж і жыла з бацькамі-пенсіянерамі, а Вера і Зоя яшчэ халасцякавалі, хоць абедзве дзеўкі былі і прыгожыя, і вясёлыя… Нездарма ж гавораць: не радзіся прыгожай…
Алачка любіла свой «куратнік», як у выдавецтве называлі машынапіснае бюро, і была для сваіх сябровак добрай і спагадлівай квактухай. Яна заўсёды старалася больш-менш справядліва размеркаваць платныя работы, усім пазычала грошы, збірала ў сябе дома на святы, цягала ў тэатры і на канцэрты. У адрозненне ад іншых службаў і рэдакцый, дзе супрацоўнікі часам грызліся, як галодныя сабакі, у машбюро панавала атмасфера сяброўства і прыязнасці. Усю драбязу, што няспынным патокам сцякалася сюды з прыёмнай дырэктара і галоўнага рэдактара, з рэдакцый, з бухгалтэрыі і планавага аддзела: адказы на пісьмы, заключэнні на рукапісы, зводкі і ведамасці, планы і даведкі — рабілі дружна і хутка, не спіхвалі адна на адну, як гэта часам бывае, не пісалі даносаў начальству, падмянялі тых, хто захварэў альбо адпрошваўся на гадзінку па пільнай патрэбе.
Усе мышыністкі ўмелі працаваць, але нават сярод іх Алачцы не было раўні. Бездакорнае веданне мовы, уменне схопліваць сэнс напісанага, а не толькі бачыць літары, даведзеная да аўтаматызму тэхніка дазвалялі ёй выконваць заказы акуратна, прыгожа і хутка, а гэта, пры вечнай спешцы аўтараў і рэдактараў, цанілася асабліва высока. Працавала яна і дома вечарамі, у выхадныя. Рукапісы пасля яе можна было не вычытваць — ці ёсць для машыністкі вышэйшая ацэнка?!
Дзяўчаты чакалі Алачку з тортам і цукеркамі, на століку булькаў электрычны чайнік, стаялі кубачкі для кавы. Каця прынесла ёй новенькі японскі купальнік — а раптам спатрэбіцца! Валя — польскія акуляры ад сонца. Нічога гэтага Алачцы не трэба было, свайго хапала, але ўвага кранула сэрца.
Папіўшы кавы і перацалаваўшыся з усімі, яна пайшла ў бібліятэку. У бібліятэцы было пуста, адна Ірына сядзела ў куткў за сталом і перабірала каталожныя карткі. Пачула стук танкетак Алачкі, падняла галаву і радасна ўсміхнулася:
— Якая ты прыгожая сёння! Калі ты купіла гэту сукенку? Павярніся, павярніся… Ну, Алачка, няма слоў! А гузікі, божа мой, якія гузікі…
— «Фірма» венікаў не вяжа,— пажартавала Алачка, абняла Ірыну і прытулілася шчакой да яе шчакі.— Дзякуй табе, Ірыначка, для ўсіх ты знойдзеш добрае слова, нават для мяне, недарэкі…
— Ну, ну,— лёгенька адштурхнула яе Ірына,— годзе прыбядняцца. Не цеш д’ябла, лепш паглядзіся ў люстэрка. Няшчасныя будуць тыя мужчыны, што стрэнуцца на тваёй дарозе. Вось каму сапраўды можна паспачуваць. Калі твой самалёт?
— Яшчэ не скора, у шаснаццаць трыццаць.
— А мне ў тры гадзіны ў абласны бібкалектар. Нейкая чарговая нарада. Яўка, як заўсёды, строга абавязковая. Дзве гадзіны ідыёцкай балбатні, нават праводзіць цябе не паспею.
— I не трэба. Чамадан у мяне маленькі, ты ж ведаеш, валачы з сабой цэлую скрыню, каб дэманстраваць туалеты… навошта? Некалькі сукенак, сёе-тое… Не турбуйся.— Алачка пакорпалася ў сумачцы і паклала на стол два ключы.— Дык ты ўжо палівай, хоць раз у тыдзень, мае гартэнзіі. Кактусы можаш не паліваць, вытрымаюць. Між іншым, калі табе спатрэбіцца пасцельная бялізна, дык ты добра ведаеш, дзе што ляжыць, шафу я не замыкала.
— Што ты вярзеш, бессаромніца! — Ірына аж збялела ад нечаканасці.— Навошта мне твая бялізна? Паміж намі ніколі нічога не было. Ты… ты што, не верыш мне? Як ты магла такое падумаць?