— Так,— пахітаў галавой Чумакоў,— работа твая цяжкая, мы гэта ведаем. Але ж ты падумай, родненькая мая,— вакол хворыя людзі. Цяжка, часам безнадзейна хворыя. Ім патрэбны твае рукі, твая дабрыня, тваё высакародства...
— А мне пляваць з сёмага паверха і на дабрыню, і на высакародства! — перабіла яго Галя.— Усё гэта балбатня, прыгожыя словы. Мне на кааператыў назбіраць трэба, інакш усё жыццё ў інтэрнаце пракантуюся, і замуж ніхто не возьме. Вы што думаеце, я толькі сабе тыя рублі бяру? Ого, як бы не так! Не падзяліся з кастэляншай, дасць яна табе бялізну… Адно рыззё, падлогу мыць… I яшчэ сяму-таму дай, калі хочаш жыць спакойна. А-а, няма пра што гаварыць. Хочаце, звальняйце, мяне ў любой клініцы з рукамі адарвуць.
Яна шпурнула швабру, перакуліла вядро з бруднай вадой і, уздзёршы галаву, пайшла да лесвіцы.
Чумакоў моўчкі паглядзеў ёй услед, асцярожна абышоў лужыну, паклікаў з аперацыйнай сваю сястру Таццяну Буславу.
— Танечка, не ў службу, а ў дружбу — прыбяры тут. I памяняй пасцель хворай Мацкевіч з дванаццатай палаты. Зусім наша Галя распусцілася…
— Заелася.— Таня паправіла акуляры, выкруціла анучу і пачала збіраць ваду з паддогі.— Усе яны тут пазаядаліся, сволачы, без рубля і пальцам не шавяльнуць.
— Ну, так ужо і ўсе…— Чумакоў не любіў абагульненняў.
— А то не,— бліснула шкельцамі Таня.— Чулі, да чаго дайшло: перадачы пачалі патрашыць. Выберуць што смачнейшае і жаруць, каровы бязрогія. Ні сораму, ні сумлення…
Таццяна прыйшла ў клініку пасля медыцынскага вучылішча, рыхтавалася да паступлення ў інстытут. Працавітая, акуратная, яна была выдатнай аперацыйнай сястрой; Чумакоў працаваў з ёю другі год і нацешыцца не мог. Ён не ведаў, ды і адкуль ён мог ведаць, што жывецца Таццяне ў клініцы кепска і адзінока, што сёстры і санітаркі дружна ненавідзяць яе за прывычку ўсім рэзаць праўду ў вочы.
— Няўжо і перадачы?— жахнуўся ён.— Гэта… гэта ж агідна, Таня! Такога ж яшчэ ніколі не было!
— А вось будзе камсамольскі сход, я ўсё скажу. А там няхай яны мяне хоць атруцяць!..
Злосны, разгублены ад усяго бачанага і пачутага, Чумакоў пайшоў у ардынатарскую. Што ж гэта робіцца? Усё прагніло, ад верху да нізу. Дзе ўзяць сумленных людзей, падзвіжнікаў, якімі адвеку славілася, на якіх адвеку трымалася і трымаецца медыцына? Так, трэба павышаць зарплату і санітаркам, і сястрычкам, і ўрачам, трэба будаваць для іх кватэры і даваць пуцёўкі ў лепшыя санаторыі і дамы адпачынку. Але толькі гэта праблемы не вырашыць. Нешта адбываецца з самімі людзьмі, нейкая злавесная хвароба раз’ядае іхнія душы. Гэта хвароба — мана: гаворым адно, робім іншае. Нахабная, самаўпэўненая мана, двайная бухгалтэрыя — напаказ і для сябе. Напаказ — дэкламацыя пра самую гуманную прафесію, для сябе — чужыя пакункі з перадачамі, бессаромнае хабарніцтва, абыякавасць да чужога лёсу. Гіне вера ў дабро, у справядлівасць, разбураюцца ідэалы, у якія мы так свята верылі. Яго вялікасць рубель — вось ідэал санітаркі Галі Сідорчык, яе вялікасць тысяча — ідэал прафесара Карпенкі. Якая ж паміж імі розніца?..