— Ну, ну,— прабурчаў Чумакоў і адправіўся ў канцылярыю выпісваць камандзіроўку ў Маскву, а потым — у бухгалтэрыю, у касу… Калі ён перадаў сваіх хворых Безбародзьку, падрабязна пералічыўшы ўсё, што трэба рабіць, пакуль яго не будзе, рабочы дзень ужо даўно скончыўся. Настрой у Безбародзькі быў добры, цешча паэычыла яму грошай на кааператыў, жонка пазваніла, што яны ўжо і перавялі іх куды трэба, таму будучыя перагрузкі не засмуцілі Ілью Мацвеевіча — цяпер, калі вырашылася праблема з кватэрай, ён быў гатовы працаваць за ўвесь аддзел, а не толькі за Чумакова, тым больш што шчыра радаваўся за яго.

— Як гэта наш бурбон узяўся за розум? — шырока ўсміхаўся ён.— Відаць, у лесе мядзведзь здох. Дарэчы, уяўляеце: учора ён быў на юбілеі маёй цешчы і нават ласкава пагаварыў са мною.

— Ведаю,— усміхнуўся ў адказ Чумакоў.— Твая цешча, відаць, вялікі начальнік і карыстаецца ў Карпенкі незвычайнай павагай, бо ўчора ноччу я атрымаў загад як найхутчэй памагчы табе з дысертацыяй.

— Сволачы..,— злосна кінуў Безбародзька.— Усе яны сволачы, і мая цешча, і наш шаноўны загадчык. Што агульнага паміж прафесарам і адміністратарам рэстарана, хабарніцай і зладзюгай?.. Не разумею.

— Не бяры да галавы, лепш падгані афармленне, трэба выкарыстаць момант. Ды прасачы за хворай Мацкевіч з дванаццатай палаты, гэта мая асабістая просьба.

Чумакоў паціснуў Ілью Мацвеевічу руку і пайшоў да аўтобуса.

Ірына ўжо вярнулася дадому. Заплаканыя чырвоныя вочы, пакамечаная — нават не пераапранулася — сукенка.

— Ведаеш?

— Ведаю.— Чумакоў прайшоў у ванную памыць рукі.

— Які жах… Засталіся нямоглая старая і сіротка-дзяўчынка.

— Што ж ты зробіш…— уздыхнуў ён.

Вячэралі моўчкі, паглыбленыя ў свае думкі. Як заўсёды, стол быў накрыты белым абрусам, у крышталіках люстры пералівалася святло, дрыжала на срэбры нажоў і відэльцаў, на тонкім фарфоры талерак. Усё навокал ззяла чысцінёй і ўтульнасцю, ціхенька бубніў тэлевізар, электрычны самавар высвістваў сваю вясёлую песеньку, за празрыстым шклом акварыумаў сярод зялёных водарасцяў сноўдалі чародкі рознакаляровых рыбак, падобных на кавалачкі вясёлкі, але нішто ўжо не абуджала ў Чумакова пачуцця радасці. У кожнага сваё гора: у Алаччынай маці і дачкі сваё, у мяне — сваё. Мой дом — мая крэпасць… Вось яна і рухнула, твая крэпасць, а ты ж лічыў яе непрыступнай для жыццёвых трывог. Тут ты адпачываў душой ад страт і расчараванняў на рабоце, тут набіраўся сілы, калі апускаліся рукі і тупела думка. Усе непрыемнасці, колькі іх ні было, заставаліся недзе там, за парогам, прынамсі, ты прывык так думаць, і вось усё скончылася. Усё ўзарвана, адны руіны, смецце, пабіты, патрушчаны друз. 3 якім нецярпеннем некалі ты чакаў імгнення, калі можна зачыніць лабараторыю і пайсці дамоў! Так, работа ёсць работа, і табе даводзілася часта сядзець у інстытуце начамі, але сэрца тваё рвалася сюды, у свой дом, у яго дабрыню, чысціню і ўтульнасць. Ты сумаваў па ім у гасцях, у час адпачынку дзе-небудзь у санаторыі ля Чорнага мора, ты любіў свой дом, бо тут былі ўсе твае пачаткі і канцы. А цяпер табе не хачацца сюды, і ты падмяняеш людзей на начных дзяжурствах і гадзінамі тырчыш у клініцы, нават тады, калі ў гэтым няма ніякай патрэбы, хоць на першы погляд нічога дома не змянілася. Гэтак жа мякка свеціцца белы абрус на стале, і не падгарэла мяса, і бульбіны, цалкам засмажаныя ў алеі, жаўцеюць на талерцы, як маленькія сонцы, і Ірына, як заўсёды, ходзіць з залы на кухню, нешта прыбірае, нешта прыносіць, быццам нічога не адбылося. Не, адбылося: загінула яе сяброўка, тая самая, што дала ім прытулак у сваёй кватэры. Ці не таму яна так яе шкадуе? А што загінуў я, загінула наша жыццё — гэта яе не хвалюе і не цікавіць. Яна пругка ступае па дыване — не па папялішчы, у яе заплаканы, але не слязьмі па мне, твар, як звычайна, прыгожа выгнутыя вусны, плаўныя нетаропкія рухі… Вось яна падсоўвае сподачак з зялёным гарошкам, кладзе поліўку: уся — увага, шчырасць і добразычлівасць, і Чумакоў адчувае, як у яго ад агіды перахоплівае ў горле. Божа мой, думае ён, няўжо ёй не сорамна? Няўжо яна з тых, каму невядома адчуванне віны, хто заўсёды ўпэўнены ў сваёй праваце, здольны апраўдаць кожны свой учынак? Каб такое здарылася са мною, я доўга баяўся б падняць на яе вочы, мне здавалася б, што я выдам сябе позіркам, усмешкай, рухам… А яна есць, і п’е, і мяняе талеркі, і разлівае па кубках чай, і гамоніць аб нечым з Сярожкам… Каб яе кінулі ў брудную лужыну, яна і адтуль вылезла б чыстая, вось што самае страшнае, бруд як быццам зусім не ліпне да яе.

Есці не хацелася. Чумакоў адсунуў талерку, узяў кубак з чаем. Ірына заклапочана паглядзела на яго: ці не захварэў? Ён пакруціў галавой: усё ў парадку.

Сяргей кончыў вячэраць, падзякаваў, устаў.

— Пачакай,— сказала Ірына,— я хачу з табой пагаварыць.

— Гавары,— усміхнуўся сын.— Толькі хутчэй, у мяне мала часу.

— Нічога, паспееш з козамі на торг. Сёння я зноў бачыла цябе з Веранікай Акімавай.

— Ну і што? — здзівіўся сын.

— Я ўжо гаварыла, што гэтае сяброўства мне не падабаецца,— рэзка сказала ірына.

Перейти на страницу:

Похожие книги