Чумакоў убачыў, як у Сярожкі таргануліся губы, вочы звузіліся ў шчылінкі, а позірк стаў халодны і жорсткі.
— Мая дарагая мама,— адкінуўся ён на крэсле,— я разумею, калі табе не падабаецца мая прычоска, твіст або бадзянне па пад’ездах з гітарамі. 3 гэтым, згадзіся, я заўсёды неяк лічыўся. Але сяброў сабе я буду выбіраць сам.
Ірына ўстала з-за стала.
— Гэта не сяброўства! Яна — разбэшчаная асоба, у якой наўме адны пагулянкі, а табе трэба вучыцца.
— Хто табе даў права так гаварыць? — Сярожка таксама ўстаў, і Чумакоў міжвольна залюбаваўся ім: высокі, дужы, прыгожы хлопец, які там хлопец — мужчына! — Што ты ведаеш пра яе?!
— Усё! — адрэзала Ірына, і Чумакоў здзівіўся яе тону — халоднаму, непрымірымаму.— Яна вырасла ў сям’і алкаголіка і сама п’е гарэлку. Яна сустракаецца з мужчынамі. Яна працуе ў асяроддзі, якое…
— Ірына…— мякка перапыніў Чумакоў жонку, заўважыўшы, як збялеў Сярожка.— Не трэба так.
— Трэба! — Не маці і сын, а два сляпыя ад злосці ворагі стаялі адно перад адным, іх падзяляў толькі стол.— Ты заняты сваёй работай і нічога не хочаш бачыць. Ён яшчэ дзіця, а яна… Яна абкруціць яго, задурыць яму галаву, гэта дрэнна скончыцца. Я не жадаю, каб яны больш сустракаліся!
— Гэта несправядліва,— адказаў Сярожка.— Я ўжо дарослы, і ты не будзеш мною камандаваць. Ты нічога не ведаеш ні пра яе, ні пра мяне. Так, так, не здзіўляйся, ты нічога пра мяне не ведаеш. Бацька заняты сваёй работай, а ты — сваёй, ва ўсіх свае справы і сваё жыццё, мы з Аленкай даўно ўжо выпалі з яго, як выпадаюць з цягніка, думаеш, мы не бачым?.. Ну, што ты ведаеш пра мяне? Што я нашу касцюмы пяцьдзесят другога памеру і чаравікі сорак трэцяга? Так, гэта ты ведаеш. Ведаеш, што ў мяне па англійскай тройка, а па літаратуры пяцёрка, што я займаюся боксам і плаваннем — што яшчэ ты ведаеш? Я кахаю яе, разумееш? Я кахаю яе, а яна — мяне, і ў ліпені, калі мне споўніцца васемнаццаць, мы пажэнімся, хоць, я разумею, вы будзеце супроць. Толькі нічога не гаварыце мне, я вас прашу, таму што я не змяню свайго рашэння, і мы дарэмна нагаворым адно аднаму брыдкасцей.
— Што? — Ірына ад разгубленасці села ў крэсла і прыціснула да рота сурвэтку.— Што ты гаворыш? Ты хоць разумееш, што ты гаворыш? Жаніцца ў васемнаццаць год на гэтай… на гэтай распусніцы?!
— Мама! — Сярожка сціснуў кулакі.— Мама, я цябе прашу: не гавары так! Ты не павінна так гаварыць, мама!
— Ды сціхніце вы! — ледзь не плачучы, крыкнула напалоханая, разгубленая Аленка.— Сярожка, прашу цябе…
— Ого! Ты яшчэ будзеш вучыць мяне, што я павінна гаварыць, а што не? — Ірына раз’ятрана стукнула кубкам па стале, асколкі ад яго аж у калідоры зазвінелі.— Ты ўжо дарослы і маеш права сунуць сваю дурную галаву ў пятлю?! А я павінна глядзець на гэта і пасміхацца? Не, даражэнькі, гэтага ты не дачакаешся. Ты лічыш сябе дарослым? Тым лепш. Тады паслухай мяне. Хлапчуку я гэтага не сказала б, а даросламу — чаму ж… Дык вось, мне расказвалі людзі, якім я не магу не верыць, што твая каханая яшчэ ў дзевятым класе насіла ў сумачцы супрацьцяжарныя пілюлі. У дзевятым класе… Думаеш, чаму яе выперлі са школы ў гэта самае… у гастраном? Што, у бацькі не хапіла грошай, каб яе вучыць? Не, мой даражэнькі! Яе больш нельга было трымаць у школе, сярод звычайных нармальных дзяўчынак, яна атруціла і разбэсціла б іх, і Валянціна Іванаўна, ваш дырэктар, зрабіла ўсё, каб выжыць гэту юную шлюху. А цяпер... А цяпер мой сын хоча на ёй жаніцца…
Ірына прыціснула сурвэтку да твару і заплакала.
Чумакоў глядзеў на сына. Сярожка стаяў збялелы і кусаў губы. Светлыя прамыя валасы падалі яму на вочы, закрывалі вушы, падоўжвалі твар. На твары гэтым не было і следу разгубленасці, адна непрыхаванная варожасць. Шырокія скулы рэзка выступілі пад тонкай скурай, пакрытай яшчэ дзіцячым пушком,— Сярожка зусім нядаўна пачаў галіцца, і Аляксей Пятровіч падарыў яму электрычную брытву,— сківіцы сціснуты, увесь — як напятая струна. Яшчэ адзін рух, зусім нязначны, і яна лопне. Чумакову зрабілася шкада хлопца; гэта ж трэба пачуць такое — быццам тварам аб сцяну! — і Ірыніна апантаная злосць здалася яму фальшывай, няшчырай і абразлівай. Ты ж сама была некалі амаль у такім жа становішчы, нечакана падумаў ён. Вядома, мала радасці, калі твой сын звяжа сваё жыццё з такой асобай, але ж можна было пашукаць іншыя словы, не такія жорсткія і бескампрамісныя. Трошачкі вытрымкі, трошачкі спагады, навошта ж бачыць у гэтай Вераніцы Акімавай не няшчаснае дурное дзяўчо, а хітрую, сапсаваную ўшчэнт спакусніцу. Трошачкі спагады, трошачкі літасці… Што зрабіла Ірыну такой ваяўнічай: пачуццё ўласнай віны, гора, што загінула Чмялёва, ці сляпая мацярынская любоў?..
Аленка плакала, сцяўшыся ў куточак вялікага і глыбокага крэсла. Сярожка са шкадобай паглядзеў на яе і адкінуў рукой са свайго твару доўгія валасы.