Што ж гэта будзе, пакутліва думаў ён, ідучы па лесвіцы на першы паверх, што ж гэта будзе? Сёння Таня цябе паслухалася, прыбрала, а хто гэта зробіць заўтра, калі Галя сапраўды плюне ды падасць заяву? Зноў прасіць Таню? Нельга, немагчыма, яна ж аперацыйная сястра, гэта не яе справа. У медінстытутах вар’яцкія конкурсы — вось табе і малая зарплата, і цяжкая работа. Прэстыж прафесіі ўрача ў моладзі — найвышэйшы. Наўрад ці на гэта ўплывае гіпатэтычная магчымасць мець нейкі навар, вабіць сама прафесія. Дык чаму б не завесці такі парадак: кожны, хто хоча стаць медыкам, павінен адпрацаваць два гады ў бальніцы. Без аніякіх выключэнняў. Адзіны працоўны стаж, які варта браць пад увагу, рэкамендацыя клінікі — як найважнейшы экзамен. Дык жа няма гэтага. Прасядзела дзяўчынка два гады ў бібліятэцы, у ашчаднай касе, на заводзіку па вырабу мыльных пульхіроў, адслужыў хлопец у арміі — і ў іх тыя ж правы, што ў санітаркі з анкалогіі. Чаму робіцца гэта глупства? Таму што ёсць людзі, якія хочуць бачыць сваіх дзяцей урачамі, але не жадаюць, каб яны цяжкай працай зарабілі права быць імі. У руках гэтых людзей улада, а хто ж паверне ўладу супроць сябе, супроць сваіх нашчадкаў?.. А завядзі такі парадак — і якая армія санітарак і санітараў заўтра замяніла б Галю Сідорчык! І наколькі менш было б кепскіх урачоў — абыякавых, гультаяватых невукаў… Пагаварыць пра ўсё гэта на вучоным савеце, на партсходзе? Гаварыў, і не раз. Колькі можна таўчы ваду ў ступе?! Абрыдла… Нічога ад нас не і залежыць, хіба што нейкі парадак з выдачай бялізны навесці ды дзвюх-трох самых нахабных дурніц выгнаць, вось і ўсё. Што рабіць чалавеку, ад якога нічога не залежыць? Заплюшчыцца — нічога не бачу, нічога не чую, нічога не ведаю?.. Я ж нават не ведаю самага простага: як падкарміць тую няшчасную Ванду Казіміраўну, каб яна вытрымала аперацыю. За тыя капейкі, што выдзяляюцца на харчаванне, гэта немагчыма, з дому не прынясеш — не возьме. Памрэ, а не возьме. Ды і не наносішся. А між тым большасць хворых да нашай ежы і не дакранаюцца, хіба што чаю пап’юць. Халадзільнікі ў калідорах трашчаць ад розных прысмакаў. Можна было б гатаваць у тры, у пяць разоў менш, але лепш, смачней. Для тых, каму гэта сапраўды патрэбна. Ды хто табе дазволіць?.. Манілаўшчына. Але ты не можаш пра гэта не думаць. 3 кухні на свінаферму машынамі возяць памыі, а адзінокая настаўніца з Турава ляжыць галодная, бо і ў рот не можа ўзяць тое, што ёй прыносяць. I ўсё гэта разам мы называем сацыяльнай справядлівасцю… I смех і грэх.
2
Пасля клінічнай канферэнцыі хірургі сабраліся ў ардынатарскай: пятніца — аперацыйны дзень. Агульнай увагай завалодала Каламійцава. Яна ўзбуджана расказвала пра званок мужа. Пры пасадцы ў Сімферопалі яго самалёт ледзь не пацярпеў аварыю, дзякуй богу, усё абышлося, але адна пасажырка ўсё ж загінула: не зашпіліла прывязны рэмень, пры штуршку яе выкінула з крэсла і — галавой у стойку. Уяўляеце? На вачах у свайго мужа… Ён, бедны, ледзь не звар’яцеў ад гора: Міхась гаварыў, што ніколі ў жыцці не бачыў, каб мужчына так плакаў і рваў на сабе валасы ад гора. Вядома, шкада жанчыну, зусім яшчэ маладая, але ж трэба выконваць правілы, патрабаванні; рамяні для таго і прыдуманы, каб прадухіліць бяду ў аварыйных сітуацыях… Вечная наша абыякавасць, а ў Міхася цяпер будуць непрыемнасці, ды яшчэ якія…
— Дарэчы, Аляксей Пятровіч, гэта жанчына працавала Ў тым жа выдавецтве, што і ваша Ірына Мікалаеўна. Я ёй раніцай пазваніла. Аказваецца, яны былі сяброўкі. Бедная Ірына Мікалаеўна так расхвалявалася, што мне не ўдалося яе супакоіць. Пазваніце вы, а? Вось гора…
Чумакоў не адказаў. Ранішняя сутычка з санітаркай, пякучы роздум пра становішча ў клініцы, якой ён аддаў лепшыя гады жыцця, адчуванне ўласнай бездапаможнасці, няздольнасці нешта перамяніць выбілі яго з раўнавагі. Наперадзе была складаная аперацыя, і ён яшчэ раз праглядаў аналізы, каб неяк сабрацца, засяродзіцца. Вядома, шкада Ірыніну сяброўку і яе няшчаснага мужа, але ім ужо не паможаш, трэба ратаваць тых, каго яшчэ можна ўратаваць. Усё-такі ён пазваніў дадому, а калі тэлефон не адказаў, у выдавецтва. Сказалі, што Ірына Мікалаеўна тэрмінова выехала пад Ракаў, каб неяк падрыхтаваць маці нябожчыцы. Ён паклаў трубку і пайшоў мыцца.
3 аперацыйнай Аляксей Пятровіч выйшаў праз чатыры з паловай гадзіны, мокры ад поту і стомлены — аперацыя аказалася нават цяжэйшая, чым ён чакаў. Але прайшла яна ўдала, маладая жанчына, маці траіх дзяцей, будзе жыць доўга, спакойна і шчасліва. Ён так і сказаў яе мужу, які, паныла апусціўшы плечы, чакаў яго прысуду ў прыёмным пакоі, і той, ажыўшы, з нечаканай сілай абхапіў Аляксея Пятровіча і расцалаваў у абедзве шчакі, а потым зноў сеў і заплакаў, не саромеючыся сваіх слёз.