— Будзем спадзявацца, што нічога не здарыцца,— сказала Жураўская і паклала трубку.

РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЁРТЫ

1

Чумакоў ужо ведаў усё, што яму мелася сказаць Валянціна Іванаўна Жураўская, Алачка Чмялёва апярэдзіла яе.

Як і Жураўская, не розумам — сэрцам Аляксей Пятровіч адразу ж, без ваганняў, паверыў кожнаму слову, якія даляталі з тэлефоннай трубкі. Ён ужо даўно адчуваў, што з Ірынай нешта адбываецца, але не мог разабрашіа ў сваіх адчуваннях. Справа была не ў тым, што пасля паездкі на бульбу яна стала больш раздражнёнай, часцей чым звычайна пачала затрымлівацца на рабоце, беспрычынна плакала або смяялася, залішне мітусілася ці паглыблялася ў сябе, не заўважаючы нічога і нікога навокал. Усё гэта можна было вытлумачыць неўрозам, перагрузкай, урэшце, узростам: гады ідуць, усё цяжэй даюцца служба, дом, чэргі ў магазінах, двое дзяцей… Тлумачэнне было зручнае, і Чумакоў ухапіўся за яго, але бачыў, што яно неяк апраўдвае толькі чыста знешнія перамены, што ўсё куды больш глыбока і значна. Парвалася пупавіна, якая амаль семнаццаць гадоў звязвала два іхнія жыцці, ператвараючы іх у адно жыццё, з агульнымі клопатамі і радасцямі, трывогамі і надзеямі. Цяпер яны жылі побач, толькі побач, але не разам. Галоўнае, вядома, было ў гэтым, але ён чамусьці не думаў, не хацеў думаць, што нехта трэці можа ўмяшацца ў іх лёс. Здраджвалі, здаралася, чужыя жонкі, ад сваёй ён гэтага не чакаў. Ірына ніколі не давала падстаў для рэўнасці; жанчына яна была халодная, хутчэй фрыгідная, чым тэмпераментная; як урач ён добра разбіраўся ў такіх рэчах. Роўная і прыветлівая з усімі, на сямейных вечарынках і святочных вечарах яна не фліртавала з мужчынамі, аддаючы перавагу жаночым кампаніям, нікім асабліва не цікавілася і нікога не вылучала, хоць сярод тых, з кім яны час ад часу сустракаліся, былі па-сапраўднаму прыгожыя і цікавыя людзі.

Калі пасля размовы з Алачкай Чмялёвай Чумакоў паклаў трубку, выраз твару ў яго быў такі няшчасны і разгублены, што Жэня Тарасаў, які перабіраў у шафе нейкія паперы, спагадліва спытаў:

— Што здарылася, Аляксей Пятровіч? Можа, вам патрэбна якая дапамога?

Ён не пачуў пытання, зняў з галавы шапачку, скамячыў яе, засунуў у кішэню халата, моўчкі, унурыўшыся, прайшоў у куток, дзе была ракавіна з кранам, і пачаў мыць рукі. Намыльваў і цёр адна аб адну пад тугім струменем гарачай вады і зноў намыльваў, быццам хацеў адмыць увесь бруд, што выліўся на яго з тэлефоннай трубкі,— толькі перад аперацыяй ён гэтак доўга і старанна мыў рукі, і Жэня аж перапалохаўся за свайго шэфа: што там яму нагаварылі, што ён быццам ачмурэў?.. А Чумакоў раптам закруціў кран, выцер рукі ручніком і, цвёрда ступаючы, як ступаюць п’яныя, калі хочуць, каб ніхто не здагадаўся, што яны ледзь трымаюцца на нагах, пайшоў глядзець сваіх і Надзіных хворых.

Перш чым зайсці ў палату, ён выкурыў каля адчыненага акна ў калідоры цыгарэту. Гэта дало яму час адключыцца ад сваіх думак. Хворыя ў большасці былі цяжкія, глядзець іх і думаць пра нешта іншае, што не мела адносін да іх хваробы,— такой раскошы Чумакоў не мог сабе дазволіціь. Ён умеў адключацца поўнасцю: што б ні здарылася з ім асабіста або з яго блізкімі, усё на нейкі час было дробяззю ў параўнанні з тым, што здарылася з людзьмі, да акіх ён ішоў, якія бачылі ў ім сваю апошнюю надзею на выратаванне. Праўда, гавораць, што чужыя слёзы ў чужыя моры цякуць, але гэтыя людзі не былі Чумакову чужымі і боль іхні не быў чужы — доўгія гады працы ў клініцы так і не выпрацавалі ў ім імунітэту да чужога болю, ён адчуваў яго як свой, уласны, і ў душы радаваўся гэтаму; гэта лішні раз пераконвала яго, што ён не памыліўся, калі апрануў белы халат урача і даў урачыстую клятву Гіпакрата служыць хвораму чалавеку. А што чужы боль так заўчасна рана прарэзаў глыбокія маршчыны на яго твары, адвучыў бестурботна смяяцца і радавацца жыццю, заўчасна састарыў,— дык ці варта было пра гэта думаць.

Больш за гадзіну ён пераходзіў з палаты ў палату, ад аднаго ложка да другога, слухаў, мацаў, распытваў, правяраў назначэнні і рабіў новыя — працаваў. Але на гэты раз з галавы не ішоў тэлефонны званок: каму і навошта спатрэбілася ўсё гэта яму расказаць? Каму і навошта?

Калі ён вярнуўся ў ардынатарскую, знясілены, ледзь цягнучы ногі, там, акрамя Жэні Тарасава, ужо нікога не было.

2

Перейти на страницу:

Похожие книги