Трэба было б схадзіць у буфет, пакуль не зачынілі, купіць на вечар бутэрбродаў, але есці не хацелася. Ды і наўрад ці захочацца, падумаў Чумакоў, лёг на вузкую канапу, засланую белай прасціной, закінуў за галаву рукі, заплюшчыў вочы. Канапа была цвёрдая, мулкая, але ён не заўважаў гэтага. Аднекуль выплыла чародка неонавых рыбак. Яны зіхацелі, пераліваліся ў празрыстай жаўтаватай вадзе, як россып каштоўных каменьчыкаў на вітрыне ювелірнага магазіна; Чумакоў усё хацеў пералічыць іх і збіваўся, а потым рыбкі зніклі, і ён убачыў Ірыну. Ледзь прыкметна раскосыя, блізка пасаджаныя вочы яе глядзеді на яго з ціхай тугой, і Чумакоў адчуў, што ў яго зашчымела ў горле. Вось і ўсё, падумаў ён, вось і ўсё… Да сённяшняга званка яшчэ можна было неяк гнаць ад сябе сумненні, прыкідвацца сляпым дурнем, яшчэ можна было гуляць у брыдкую гульню, ад якой часам рабілася так моташна на душы, што не хацелася жыць, хоць і не асмельваўся сам сабе прызнацца. Але цяпер ты пазбаўлены і гэтага. Далей так працягвацца не можа. Ты дужа доўга, амаль цэлы год, жыў падабенствам жыцця, і яно адпомсціла табе: жыццё не церпіць падабенстваў.
Пазванілі па службовым тэлефоне. Жэня Тарасаў зняў трубку.
— Аляксей Пятровіч, каля прыёмнага пакоя вас чакае нейкая жанчына. Жураўская, Валянціна Іванаўна.
«Ужо прыехала,— паныла падумаў ён.— Пэўна, на таксі». I папрасіў:
— Вазьмі ёй у гардэробе халат і правядзі, калі ласка, сюды.
— Будзе зроблена,— весела ўсміхнуўся Жэня: ён і сам не мог зразумець, адкуль у яго такі гуллівы настрой.— Сёння вам шанцуе на жанчын.
— Ах, які ты разумнік! — жорстка сказаў Чумакоў.— Ці не таму ты ніяк не можаш дабіць сваю няшчасную дысертацыю?
Жэня сумеўся і моўчкі знік за дзвярыма: калі ўжо шэф біў, дык наводмаш.
Чумакоў адхінуў штору і паглядзеў у акно. Жураўская сядзела на лаўцы зусім недалёка, але густы куст бэзу прыкрываў акно ардынатарскай, і Аляксей Пятровіч мог назіраць за ёю, не баючыся, што яна заўважыць яго.
Валянціна Іванаўна адкінулася на спінку лаўкі, падставіўшы сонцу прыгожы хударлявы твар, яшчэ амаль некрануты загарам, і выцягнуўшы доўгія стройныя ногі. Вочы заплюшчаны, ад густых веек пад імі ляжалі чорныя паўкружжы, густыя каштанавыя валасы, акуратна прычасаныя, адкрывалі высокі лоб. Апранута яна была па-настаўніцку строга: у шэры касцюм і белую кофтачку, на нагах панчохі і лакіраваныя туфлі на нізенькіх абцасах, у руках чорная лакіраваная сумачка. Чумакоў падумаў, што яна, відаць, гадоў на шэсць старэйшая за Ірыну, што ёй недзе сорак два — сорак тры, і для свайго ўзросту яна добра захавалася: зграбная, спартыўная, маладжавая жанчына; вось толькі твар надта стомлены, шэры і шэрыя вусны… можа, ад хвалявання? А Ірына ў апошнія гады пачала неяк ужо надта хутка паўнець — пэўна, даюць сябе знаць сядзячая работа і любоў да заварных пірожных. Прыгожая жанчына, што ж яшчэ трэба гэтаму сукіну сыну, яе мужу? Каб была якая старая качарэжка, а то ж… Ідзі зразумей, што шукае ў жанчыне чалавек, якому таксама добра за сорак, чым прывабіла яго менавіта Ірына і чым ён прывабіў яе… Нешта ж яны знайшлі адно ў адным, што не здолелі знайсці ў нас: той — у Валянціне Іванаўне, Ірына — ува мне.
Яму стала моташна ад гэтых думак, і ён сеў за свой стол і падсунуў да сябе некалькі гісторый хваробы, каб хоць выгляд зрабіць, што нечым заняты, і ўтаропіўся ў спісаную старонку, нічога не бачачы. А вушы яго чуйна лавілі цішыню, і калі ў гэтай цішыні дробна зацокалі абцасікі Жураўскай, Аляксей Пятровіч міжволі абцягнуў на сабе халат, прыкрыў лысіну накрухмаленай шапачкай і ўвесь напружыўся.
Яна пастукалася.
— Заходзьце,— сказаў Чумакоў і ўстаў ёй насустрач. На нейкае імгненне ў яго мільганула шалёная думка, што Жураўская нічога не ведае, што яна дамагалася сустрэчы з ім, каб параіцца аб сваім здароўі ці папрасіць за некага з блізкіх — усё ж такі знаёмыя! Ці мала прыходзіць сюды людзей, з якімі я знаёмы нават меней, чым з ёю, каб папрасіць за каго-небудзь,— гэта ж анкалогія, не жартачкі! За гарачае голай рукой схопішся… Можа, і яе прывяла сюды бяда або страх перад бядой? Але ўжо праз хвіліну, падсоўваючы Валянціне Іванаўне крэсла, ён зразумеў, што гэта не так. Не, ён беспамылкова адчуў, што прымусіла яе кінуць усе справы і на злом галавы фураваць на таксі ў Сасноўку. Каб гэта было звязана з хваробай, яна дамовілася б з ім па тэлефоне. Яны ж не проста знаёмыя. У яе школе вучацца Аленка і Сярожа, яна ведае, што ён ніколі не адмовіў бы ёй у дапамозе. Ды і твар яе не быў тварам чалавека, які прыйшоў да ўрача, каб папрасіць нават не за сябе, а за некага іншага: не страх, не разгубленасць, не спадзяванне, а халодная непрымірымая жорсткасць і варожасць былі ў паглядзе цёмна-шэрых, амаль чорных вачэй, у шчыльна падціснутых вуснах, у тым, як холадна яна кіўнула ў адказ на яго «добры дзень», нават не падаўшы рукі. Так прасіць не ходзяць, так ходзяць патрабаваць. Але што, божа мой, што яна можа ў мяне патрабаваць?