— За сябе я не баюся,— крыва ўсміхнуўся Арсен.— Я для сябе даўно ўсё вырашыў. За цябе… Ты, калі што якое, не звяртай увагі, га? Пастаўся да яе з гумарам. Разумееш, яна так марыла, што я скончу вучобу, вярнуся і мы будзем жыць разам. Яна мне нават нявесту прыгледзела, дачку нашага суседа-нарыхтоўшчыка. Багаты, як Шэйлак… Сто тысяч пасагу абяцаў…
— Дрэнь мае справы.— Валянціна хацела засмяяцца — не атрымалася: твар як акамянеў.— Навошта ж ты вязеш мяне? На пасмешышча?
— Ды не патрэбна яна мне,— горача сказаў Арсен.— I тысячы яе не патрэбны. Гэта мама… я ж табе кажу. Не звяртай увагі. Я кахаю цябе, разумееш?! Толькі цябе…
— Лепш бы я засталася ў інтэрнаце,— уздыхнула Валянціна, і ад прадчування бяды ў яе сціснула сэрца.
Калі цягнік прыйшоў у Бабруйск, была ўжо ноч. Народу з вагонаў вываліла многа. Натоўп паваліў на плошчу, да аўтобусаў, а яны з Арсенам пайшлі пешшу. Добра ўтаптаная сцежка вілася паўз чыгунку. Арсен сказаў, што ісці зусім недалёка: на другім пераездзе налева, на вуліцу Бахарава. Пра генерала Бахарава, які разам са сваімі танкістамі вызваляў горад ад немцаў, пра тое, што ён пахаваны ў скверы, у цэнтры Бабруйска, Валянціна ўжо ведала — некалі Арсен паказваў ёй фотаздымак: магутны танк над чорнай гранітнай плітой…
Перад першым пераездам іх абагнаў цягнік, на якім яны прыехалі. Затым яшчэ адзін — таварны. Злева ад чыгуначнага насыпу, па якім яны ішлі, свяціліся вокнамі хаты, цямнелі сады. Справа, усцяж чыгункі, цягнуўся высачэзны плот з калючым дротам наверсе, падыходы да яго асвятляліся з вышак пражэктарамі.
— Што гэта? — спытала Валянціна.
— Калонія для малалетніх злачынцаў,— хмура адказаў Арсен.— Вунь там, насупраць, цераз дарогу,— ён паказаў рукой,— мая школа. Я быў у сёмым класе, калі тут хлопцы ўзбунтаваліся. Разагналі ахову, але вырвацца ў горад не змаглі. Тады яны падпалілі свае баракі, майстэрні, а самі залезлі на дахі. Мы збегліся сюды, на чыгунку, глядзелі. Са станцыі падагналі пажарны цягнік, сталі заліваць агонь. Вада збівала хлопцаў з дахаў, а яны крычалі: «Спасибо товарищу Сталину за наше счастливое детство!» — і падалі ў агонь, як падбітыя птушаняты. Мяне кожны раз калоціць, калі я тут іду, а колькі гадоў мінула…
Пераезд сустрэў іх вясёлым святлом ліхтароў, па абодва бакі яго ляжала ціхая, бязлюдная ў гэты позні час брукаваная вуліца. Арсен узяў Валянціну за руку.
— Якая ў цябе рука халодная. Як лядыш…
Яна прамаўчала. Стукала, вырывалася з грудзей сэрца.
Шаша ішла ўніз. Абапал яе стаялі стромкія таполі, праз густую лістоту цадзілася святло рэдкіх ліхтароў. Драўляная хатка з шыльдай «Цырульня». Жалезныя вароты і цагляныя гмахі нейкай фабрыкі. Ці не тут працуе маці Арсена?.. Магазін… Валянціна ўзіралася ў наваколле, быццам адчувала, што бачыць усё гэта першы і апошні раз.
Арсен спыніўся перад вялікім драўляным домам на высокім падмурку і сціснуў яе руку. Яна зразумела: прыйшлі. Дом быў абшаляваны дошкамі і пафарбаваны, аканіцы — сем вокнаў на вуліцу — зачынены, цьмяна блішчэў жалезны дах.
— Гэта ваш дом? — здзівілася Валянціна: Арсен расказаў, што жывуць яны цеснавата — два маленькія пакойчыкі і кухня, а тут — цэлы палац.
— Жактаўскі,— адказаў ён.— Акрамя нас тут яшчэ тры сям’і. Усё падзелена: і хлеўчукі, і грады, і яблыні… Толькі прыбіральня агульная.
Ён адчыніў веснічкі, падняўся на ганак, пастукаў у акно. Амаль імгненна адчыніліся дзверы, і ў паласе святла, што вырвалася адтуль, з глыбіні, Валянціна ўбачыла невысокую таўставатую жанчыну ў цёплым мультанавым халаце. Круглы твар яе свяціўся радасцю. Яна абхапіла Арсена за шыю, і той нахіліўся, каб ёй было зручней, і пяшчотна, як маленькую, гладзіў яе па сівых валасах.
— Мама… Ну, мама… Годзе…
Валянціна стаяла на ганку ззаду, чакала. Чамусьці яе калаціла, хоць ноч была цёплая, амаль летняя, нешта млела ўсярэдзіне, і вельмі, аж вусны зліпаліся, хацелася піць.
Нарэшце Арсен ледзь не сілком адарваў ад сябе маці і сказаў;
— Гэта Валянціна. Я табе расказваў. Пазнаёмся…
— Добры вечар,— нясмела прагаварыла Валянціна.
Лідзія Трахімаўна змерала яе невідушчым позіркам і пайшла ў хату. Арсен схапіў Валянціну за руку і пацягнуў за сабой. Яна не працівілася: усё яшчэ на нешта спадзявалася…
У вузкім калідорчыку Арсен памог Валянціне зняць паліто, падштурхнуў у пакой. 3 папрокам кінуў:
— Ну што ж ты, мама…
Лідзія Трахімаўна стаяла каля буфета, хуталася ў пуховую хустку, накінутую на плечы. Гладка прыбраныя валасы скручаны на патыліцы ў цяжкую куксу, белы з чырвонымі плямамі твар, поўныя нянавісці прыжмураныя вочы... Валянціна аж скаланулася, зазірнуўшы ў гэтыя вочы, і разгублена спынілася на парозе.
— Як ты яго зацугляла? — Голас у Лідзіі Трахімаўны быў рэзкі, хрыплы, адчувалася, што яна ледзьве стрымліваецца, каб не закрычаць.— Ты грубая? На якім месяцы? Можа, яшчэ не позна зрабіць аборт? Вядома, гэта забаронена, але… У мяне ёсць добры ўрач, за грошы ён усё зробіць…
Валянціна адхіснулася, быццам ёй варам у твар лінулі. Арсен моцна абхапіў яе за плечы.
— Мама! — крыкнуў ён.— Што ты вярзеш, мама?