А вось загаварыце вы аб беларускай незалежнасці… Тут вам цэлую кучу нагавораць усялякіх перашкод, недарэчнасцяў, што аж вушы вянуць слухаючы. На ўсякую іншую незалежнасць кожны з вамі згодзіцца, абы толькі не на беларускую.

Чаму гэта так?

Беларускі народ самабытны — гэта прызнаюць ужо нават і нашы праціўнікі з польскага ці расійскага лагера. Беларуская дзяржаўнасць таксама мае сваю гісторыю — маю тут на ўвазе Вялікае Літоўска-Беларускае княства. Геаграфічнае палажэнне Беларусі таксама не горшае, як у людзей…

Дык чаму ж так страшна наша незалежнасць?..

Наша незалежнасць соллю ўваччу для незалежнасці нашых суседак — Польшчы і Расіі, бо і адна, і другая хацелі б нашу незалежнасць утапіць у лыжцы вады сваёй незалежнасці.

Для адбудавання вялікай Польшчы «ад мора да мора» трэба пераступіць Беларусь; для адбудавання вялікай Расіі ад Белага да Чорнага мора таксама трэба растаптаць Беларусь.

Вось і выходзе, што трэба Беларусь выкінуць з гісторыі, з геаграфіі, і наогул калі не цалкам прылучыць яе к адной з суседніх дзяржаваў, то разрэзаць напалавіну, але так зрабіць, каб яе не было і звання…

…Толькі адна поўная дзяржаўная незалежнасць можа даць і праўдзівую свабоду, і багатае існаванне, і добрую славу нашаму народу».

Янка Купала (здзекліва). А ў вас ёсць пярэчанні?..

Каваль. Баронь бог, Іван Дамінікавіч…

Янка Купала. У чым жа тады справа? I чаму я тут? Чаму наша воля на крыжы?!

Каваль (чытае верш Я. Купалы «Акоў паломаных жандар…»).

Акоў паломаных жандар,Сліўнём зарыўшыся ў нару,Сядзіць расійскі чынадрал,«Слуга оцечаству, цару».Ён сніць былую моц і шыр:Цары, царыцы, цэрквы, трон,Пагромы, катаргі, Сібір…О Русь! Прымі раба паклон!..Сніць далей гэты царадвор,Калі надыдзе яму дзень,Ізноў пад лёзгат царскіх шпорСвой распасцерці чорны цень.Ён, гэты скінуты сатрап,Не знае, што ў свабодзе жыць;Яму дай вісельню, дый кабНа ёй «языкі» ўсе ўшчаміць.Не па нутру, як смерць, яму,Што беларускае дзіцёБяжыць у сцюжную зімуУ школку пазнаваць жыццё.Спужаўся, што хлапчук ў лапцёх,Напаўадзеты вёскі сын,У роднай мове ўчыцца змог?..О, стыдна, рускі «гражданин»!Язык твой царскі ён табеНе выража, спакойны будзь!Цябе тваім жа у кляцьбеЁн не забудзе памянуць.

Янка Купала (перахоплівае верш).

Былых не выклічаш вякоўІ ты, Масквы кароннай гразь,Парваных не скуеш акоў,З якой брахнёю ні вылазь!

Каваль (крыху разгублена). Падобна, што вы гэта мне, асабіста?..

Янка Купала. Вам, асабіста, шаноўны таварыш Мікіта!

Каваль. Чаму Мікіта? Я Мікола…

Янка Купала. Вы Мікіта Зносак! Скажу шчыра, не спадзяваўся сустрэць вас у АДПУ…

Каваль. Шаноўны Іван Дамінікавіч, пакуль мы не развіталіся, у вас ёсць магчымасць сказаць мне ўсё, што вы хочаце…

Янка Купала. Калі можна, я вершам. Наўрад ці ўсе вы на памяць вывучылі… (Чытае верш «Разлад».)

Куды ні глянеш — людзі, людзі,Куды ні глянеш — шэльмы, шэльмы,Куды ні глянеш — б’юцца ў грудзі,Што значыць: правільныя вельмі.Адзін накраў — багацце ўмножыў,Другі згалеў, галей сабакі…Бяду нажыці ўсякі можа,Бяды пазбыціся — не ўсякі…Крутым хвастом на ўсе староны,Як сучка, доля меле, дзеле:Адным спраўляе пахароны,Другіх склікае на вяселле.

Каваль (вельмі спакойна). Іван Дамінікавіч, я і гэты верш ведаю на памяць. I наогул, я ведаю вас на памяць усяго. На дзівацтва маё не здзіўляйцеся. Адны ведаюць на памяць прарока Пушкіна, другія прарока Шаўчэнку. Чаму ж мне, Мікалаю Кавалю, не ведаць прарока Купалу? Маё няшчасце, як і ваша, у тым, што вымушаны я іграць ролю Мікіты Зносака, малоць хвастом і… дапытваць самога Янку Купалу… Не толькі ваша воля на крыжы. Падобна, што яны раскрыжуюць цэлы народ…

Янка Купала (здзіўлена, у роспачы). Калі вы не правакатар, то хто тады?..

Перейти на страницу:

Поиск

Книга жанров

Похожие книги