Каваль. Настаўнік я, Іван Дамінікавіч. Звычайны настаўнік роднай мовы, якая, дзякаваць Богу, жыве яшчэ і маімі малітвамі.

Нечакана ўваходзіць Жанчына. Убачыўшы Янку Купалу, вельмі бянтэжыцца.

Жанчына. Даруйце… (Да Каваля.) Адпусцілі мяне… Пропуск бы падпісаць… (Здзіўлена глядзіць на Янку Купалу.)

Каваль. Вашу справу вядзе следчы Кузняцоў… Пачакайце за дзвярыма, калі ласка.

Жанчына. Даруйце!.. Дзякую!.. Да пабачэння!.. О, Божа, што я кажу?! (Выходзіць.)

Уваходзіць Кузняцоў.

Кузняцоў (да Каваля). Выйдем на минутку.

Абодва выходзяць. Купала ўстае з зэдліка, падыходзіць да акна, сціскае краты.

Янка Купала (грозна чытае верш «Паўстань…»).

Паўстань з народу нашага, прарок,Праяваў бураломных варажбіт,I мудрым словам скінь з народу ўрок,Якім быў век праз ворагаў спавіт!Збяры ў адну ўсю Беларусь сям’ю.Вазьмі з яе прысягу і зарок,Што не прадасць сябе, сваю зямлю…Зняць путы Бацькаўшчыне ўстань, прарок!Паўстань з народу нашага, пясняр,Былых і будучых вякоў баян,I ў бурны кліч, як буры ўдар,З віхрамі загудзі пад звон кайдан!Гудзі над Беларусяй з краю ў край,У сэрцах спячых распалі пажар,Над курганамі перуном зайграй!Збудзіць нябожчыкаў паўстань, пясняр!Паўстань з народу нашага, ваяк,I волатам на вогненным каніНарод аграблены — бы з торб жабрак —За Бацькаўшчыну павядзі ў агні!Да хвалы шлях айчыне пакажы,Змяці з палёў яе чужых бадзяк,На стражы стань гранічнае мяжы…Свой край заваяваць паўстань, ваяк!Паўстань з народу нашага, Ўладар,Адбудаваць свой збураны пасад,Бо твой народ забыў, хто гаспадарI хто яго абдзёр з каронных шат.На Ўладара жджэ Беларусь даўно.I жджэ цябе ўладарства Божы дар,Вялікае, магутнае яно…Пад беларускі сцяг прыйдзі, Ўладар.

Уваходзіць Каваль.

Каваль (з нейкім асаблівым жалем і сумам). Давайце ваш пропуск, Іван Дамінікавіч. (Падпісваючы пропуск.) Ідзіце дамоў…

Янка Купала (беручы пропуск). Так я і не зразумеў, хто вы…

Каваль. Чалавек я, Іван Дамінікавіч. I на загубу сваю — сумленны.

Янка Купала. Тады да спаткання, сумленны чалавек…

Каваль. Не будзе ў нас больш спаткання, Іван Дамінікавіч… Не будзе…

Янка Купала (з сумам усміхаючыся). А я прывык ужо… штоноч…

Каваль. Застрэлюся я сёння ноччу, калі наган не адбяруць, ці павешуся, хоць гэта і брыдка.

Янка Купала (зусім збянтэжана). Як застрэліцеся?!

Каваль. Звычайна… як іншыя…

Янка Купала. Чаму?! Навошта?! Што гэта вы гаворыце?!

Каваль. Рапапорт сказаў Кузняцову, што вас сёння раніцою браць будуць. А без вас я не хачу заставацца на гэтым свеце…

Купала разгублена маўчыць.

Яны прымусяць мяне напісаць, нібы вы ва ўсім прызналіся. Потым вас будуць біць і вы ўсё падпішаце, як і іншыя ўжо падпісалі і на сябе, і на вас, і адзін на аднаго…

Святло паволі згасае. Заслона закрываецца. Асвятляецца постаць Бянігны Iванаўны.

Бянігна Іванаўна (моліцца). Найслаўная Дзева, Маці Хрыста Бога, прымі маю малітву Сыну твайму і Богу нашаму, ды ўратуе ён Табою душу сына майго Янкі. Усе надзеі мае на Цябе ўскладаю, Маці Боская, абарані яго пад рукою Тваёй. Багародзіца Дзева, не адступіся ад мяне, грэшнай, якая просіць Тваёй дапамогі і Тваёй абароны, на Цябе спадзяецца душа мая, памілуй яго і мяне. Вярні жывым і здаровым. У імя Айца, і Сына, і Святога Духа. Амін. (Хрысціцца, ціха галосіць.)

Перейти на страницу:

Поиск

Книга жанров

Похожие книги