Чарнаскуры нявольнік, амаль такі ж, як Юсуф, трымаў пад плашчом свяцільнік, каб асвятляць прыступкі глінянага дворыка. Хісткія цені скакалі па дворыку, багатым, упрыгожаным бліскучай блакітнай палівай.
Каля маленькай дзверкі яна спынілася.
— Хай зберажэ цябе Велес і Мокаш, хай абароніць ад усяго злога Амбар-она — багіня тутэйшых ачагоў! Пакланіся роднай зямлі і не пакідай маю маці ў бядзе! Калі выжывеш…
Апошні раз у няпэўным святле, што слабым светлячком выглядала з-пад адзення нявольніка, мільгануў бледны твар, чорная валасяная накідка, прымацаваная да лёгкіх бялявых кос залатой спражкай. Накідка празрыстымі цяжкімі складкамі ападала ёй на плечы, лажылася вакол галавы. Цьмяна блішчала багатая вышыўка на цёмна-сіняй доўгай сукенцы з чырвонымі рукавамі. Святло згасла.
— Далей ідзіце самі, — шапнула яна.
Нячутна расчыніліся дзверы, яны выйшлі на шырокі двор з ледзь бачнымі ў цемры калонамі, пайшлі ўздоўж тэрасы.
Вартаўнікі ля ўвахода таксама моцна спалі, паклаўшы галаву адзін на аднаго. Нявольнік асцярожна адкрыў цяжкую металічную засаўку.
Сабака падбег да іх, зарыкаў, але раб, відаць, сунуў яму кавалак мяса, і сабака замалаціў хвастом, прапускаючы іх.
— Трымай мяне! — шапнуў нявольнік, і не паспеў Алекса апамятацца, як той лоўка ўскочыў на агароджу і звесіўся з яе ўніз, стараючыся знутры зноў закрыць засаўку. Алекса зразумеў, што ён хоча зрабіць, вялікімі намаганнямі прымусіў сябе ўтрымаць нявольніка за голую тлустую нагу.
Але калі выпусціў яе, адчуў, што нешта цёплае паплыло па ім, і, правёўшы рукой па плячы, зразумеў, што гэта кроў. Нявольнік, саскочыўшы з агароджы, хутка пайшоў па вуліцы, амаль зліваючыся з цемрай, час ад часу вяртаючыся і тузаючы за руку Алексу, які плёўся за ім, як у тумане, стараючыся, каб падыходзячая пад сэрца млоснасць не затуманіла галаву, не прымусіла яго зваліцца вось тут, на гэтай вуліцы, непадалёку ад сядзібы купца.
Спераду пачуліся галасы, нявольнік ледзь паспеў тузануць за рукаў Алексу, і яны паваліліся проста ў зараснікі тутаўніку, які рос ля арыка, што весела струменіўся ўздоўж вуліцы. Гэта ішла гарадская варта, і малады воін у скураным нагрудніку нёс у абедзвюх руках гліняныя свяцільнікі, вялікія, як дубіны. Астатнія ішлі і весела рагаталі, штурхаючы адзін аднаго ў бакі. Похвы, адкуль выглядалі рукаяці мячоў, матляліся на паясах, Алекса зайздросна глядзеў на зброю.
Вартаўнікі прайшлі міма, нявольнік падняўся, спыніўся, спрабуючы разгледзець руку, запэцканую крывёй Алексы. З ягонага акрываўленага пляча лілася кроў, намачыўшы спадарожніку руку. Той хвіліну раздумваў, пасля рашуча падцягнуў хлопца да арыка і стаў у цемнаце абмываць яго. Зняў з сябе паясную хустку-белбог, туга перавязаў плячо, пасля, трохі павагаўшыся, зняў цёмны плашч, застаўшыся ў кашулі і шараварах. Алекса ціха сказаў «дзякуй», хаця ва ўсіх рухах нявольніка адчувалася не душэўная заклапочанасць, а хутчэй пачуццё абавязку. Здавалася, нявольніку не церпіцца хутчэй як-небудзь адасобіцца ад Алексы, але зрабіць гэта ён мог, відаць, толькі выйшаўшы за межы горада або вывеўшы туды нядаўняга палонніка.
Ля вялікіх варотаў, што былі зачыненыя на тоўстую, у чалавечую руку засаўку, самотна сядзелі два стражнікі з пікамі наперавес.
Быў той час, калі асабліва хіліць да сну, і з вежы, куды вяла тонкая металічная дзверка, чуўся магутны храп — астатнія стражнікі, відаць, моцна спалі.
Убачыўшы постаці двух мужчын, стражнікі ўсталі, адзін з іх хрыпла прагаварыў:
— Хто і па якой справе?
Чарнаскуры нявольнік шапнуў Алексу:
— Трымайся за мной, каб святло не падала на цябе!
Ён упэўнена пайшоў да варты, дастаючы мяшэчак з манетамі, і, працягваючы горстку фельсаў старэйшаму з вартаўнікоў, ціха прашаптаў:
— Купец Абдурахманбек хоча прадаць гэтага нявольніка ў другі горад, але каб таго не ведала любімая жонка Бадзія, бо гэты юнак вырас на яе радзіме, і яна шкадуе яго. Таму мы робім гэта тайна. Я — раб купца. Вось таўро Абдурахманбека, — ён адхінуў адзенне, каб можна было разгледзець запаяны на яго шыі ашыйнік з метай купца, і вартаўнікі нахіліліся, каб разгледзець таўро. — А вось гэта вам, — ён усунуў грошы ў руку аднаго і, ціха звякнуўшы манетамі ў мяшэчку, даў такую ж жменю другому.
— Можа, трэба было б сказаць памочніку валі, ён якраз тут, — прамармытаў адзін з мужчын, густа, ледзь не да самых вачэй аброслы барадой, — мы ж, як табе вядома не маем права нікога выпускаць з горада да ўсходу сонца’
— Ну што ж, клічце памочніка валі, — спакойна сказаў нявольнік, — але ж тады вам давядзецца дзяліць усе фельсы паміж стражнікамі. Я і так даў вам нямала. А чым меней людзей ведае пра нешта, тым большай будзе пячатка маўчання на вуснах астатніх.
Вартаўнікі задумаліся, нарэшце, апасліва паглядзеўшы ў бок вежы, адкуль па-ранейшаму раздаваўся магутны храп, адзін з іх прагаварыў:
— Ідзіце, толькі няхай і вам замкне Алах вусны на сто замкоў!