Эскадрон дайшоў да вызначанага месца. Ахову абмежавалі да колькіх подслухаў, каб нічым ня зрадзіць свае прысутнасьці. Час плыве памалу. Урэшце дзесьці каля дзесятае гадзіны наглядчык рапартуе, што паліцыя ўехала ў Руткавічы. Высланы патруль у вёску навязвае зь ёю кантакт. Хутка пасьля гэтага эскадрон апыніўся ў Руткавічах. Вёска здавалася вымерлай — ні жывой душы. Што здарылася? Чаму паліцыя бясьпечна праехала аж у вёску? Ці ня крыецца нейкая хітрасьць з партызанскага боку? Лепш быць падрыхтаванымі. Пасьля кароткае нарады высунулі аховы ў кірунку Забалоцьця, Зарэчча й Тупалаў. Апошняя была даручана дазнанаму падахвіцэру С. з прычыны на вялікую адлегласьць ад эскадрону і небясьпечны адрэзак.

Камандзер з ахвіцэрамі распрацоўваў далейшы плян дзеяньня. Мёртвая цішыня ў вёсцы неяк няпрыемна дзеіла на нэрвы. Пачуцьцё даволі няёмкае. Ад аховы спад Зарэчча збліжаецца ганец:

— Партызанскі патруль у сіле шасьцёх чалавек збліжаецца да нашых становішчаў. У ваколіцах Забалоцьця выразны рух вялікай колькасьці партызанаў. Конныя й пешыя. Частка накіроўваецца на Тупалы, другая — на Палужжа.

— Падпусьціць патруль і годна прыняць. Чакаць далейшых загадаў.

Тымчасам з Руткавіч нат бязь бінокля можна было бачыць партызанскую масу. Можна было меркаваць, што было іх там каля тысячы. (Як пасьля мы даведаліся, у акцыі прыймала ўдзел прыблізна паўтары тысячы партызанаў). Плян іх быў відавочны: абыйсьці эскадрон з двух бакоў, адрэзаць ад Карэліч, і змусіць прыняць бой у нявыгаднай пазыцыі ў Руткавічах, на дне даліны паміж узгоркамі й ярамі. Ахвіцэры хутка зарыентаваліся ў палажэньні: далейшы марш немагчымы. Трэба заняць якнайхутчэй пазыцыі на ўзгорках за вёскай, і там прыняць бой. Камандзер высылае ганцоў да аховаў зь інструкцыямі адступіць на вызначаныя пазыцыі. Лейтэнанту С-ко даручана неадкладна адступіць з асноўнай часткай эскадрону на вызначаныя ўзгоркі і арганізаваць абарону. Камандзер, лейтэнант Д. і 7 жаўнераў засталіся ў вёсцы, вычэкваючы на зварот ганцоў да аховаў з рапартам аб іхным адыходзе на ўзгоркі. Тымчасам падкова партызанаў заціскаецца. Ганцы спад Зарэчча й Забалоцьця вярнуліся; аховы вьжаналі загад. Ганца ад С. усё няма.

— Паедзем самі, так іх ня можам пакінуць, — сказаў камандзер. Пры нагодзе агледзім тэрэн эвэнтуальнага бою.

Стралою прамчаліся коні праз апусьцелую вёску. Дзіўным рэхам адбіваўся стук конскіх капытоў аб пустыя хаты.

Мінуўшы зарасьлі, група выехала на прасторную паляну. Нідзе ні сьледу аховы С. Павінны хіба быць на наступным узгорку, густавата пакрытым лесам. Накіраваліся туды. Ціха. Нашых ні сьледу.

— С…! — прыглушана гукнуў Д. Ціха. Выяжджаем на край лесу. Раптам густы агонь «фінак» і стрэльбаў прарэзаў глыбокую цішыню. Высока над галовамі засьвісталі кулі. Коні крута павярнулі назад. Выехалі зноў на паляну. Едзем уздоўж левага краю над глыбокім ярам, шырынёю мэтраў з пяцьдзесят. Перад намі ўзгоркі, на якіх залёг эскадрон. На права Руткавічы. Раптам на тым баку яру нешта зарухалася.

— Паліцыя, — ціха кінуў нехта. Пільна прыгледзеўшыся, можна было разрозьніць групу людзей, чалавек сорак-пяцьдзесят. Партызаны! Скуль яны маглі тут узяцца? Няўжо залеглі тут ад раніцы? Няўжо яны ведалі аб нашых плянах? Ня было часу аб гэтым думаць.

— Секанём па іх! — адазваўся Д.

— Давай! — адказаў камандзер.

Доўга ня думаючы, адкрылі агонь. На адказ доўга чакаць ня давялося: партызаны адказалі густым, але няцэльным агнём. Мы хуткім галёпам збліжаліся да ўзгоркаў, спускаючыся ўздоўж яру, які мэтраў сто далей крута паварочваў улева. Камандзерава кабыла прысела на задзе й пачала аставацца, але хутка ён зноў зраўнаўся з групай. З чорнага заду кабылы сачылася кроў.

Перейти на страницу:

Поиск

Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже