Калі даехалі да павароту яру й завярнулі налева, каб лёгкім адкосам падняцца на ўзгоркі, насустрач выехаў неспадзявана конны аддзел партызанаў. На часіну адны й другія застылі ад нечаканай сустрэчы. Адзіны выхад, каб ухіліцца ад няроўнага бою ў нявыгаднай сытуацыі — проста ўсьпінацца на стромую сьцяну яру. У галовах ня месьціцца, што гэта магчыма. Д., стары кавалярыст, відаць расцаніў гэную магчымасьць інакш, бо крыкнуўшы «За мною!» накіраваў каня проста на абрыў яру. Упіліся шпоры ў конскія бакі: тыя дзіка кінуліся на стромую сьцяну. Цераз колькі часінаў мы былі ўжо сярод сваіх. Там чакала нас добрая вестка: група С. ужо далучылася да эскадрону. Эскадрон быў разьмешчаны на ўзгорку формы трыкутніка, падстава якога была ад боку Карэліч і на бакі працягвалася даволі роўным і параўнальна адкрытым тэрэнам. Правы бок, ад Тупалаў, спадаў глыбокім ярам, густа пакрытым кустамі й маладым лесам. Левы бок, ад Равінаў, лагодна спушчаўся ў даліну ды канчаўся шырокім адчыненым полем. Верхні кут трыкутніка быў з боку Руткавіч. Гэта быў найбольш небясьпечны адрэзак, бо надта парэзаны ярамі ды равамі, густа пакрыты кустамі і маладымі зарасьлямі ды да гэтага шмат ніжэй паложаны. Гэты адрэзак быў адарваны ад рэшты тэрэну, занятага эскадронам — поле бачаньня ў той бок было практычна роўна нулю. Аднак тут неабходна было пакінуць тры дружыны, каб зачыніць найбольш выгадны падыход да пазыцыяў эскадрону. Пры гэтай групе застаўся таксама й камандзер эскадрону. Правы бок трыкутніка быў даручаны другому зьвязу, на чале зь лейтэнантам Д. Левы абсадзіў лейтэнант П. зь першым зьвязам. Адзін цяжкі кулямёт быў памешчаны з правага боку верхняга кута трыкутніка, крыху ззаду, каб пабольшыць поле бачаньня й абстрэлу. Другі заняў пазыцыю ў правым рагу на падставе трыкутніка. Ён меў вялікае поле абстрэлу і пакрываў агнём блізу ўвесь правы бок, за вьшяткам шматлікіх мёртвых поляў, якія трэба было пакрыць агнём «дзехцяроў» і стрэльбаў. Гэны кулямёт мог зьмяніць хутка кірунак агню і ў выпадку патрэбы пакрыць усю падставу трыкутніка. Менш больш такую пазыцыю мелі два куляметы па левым баку, з тэй розьніцай, што поле абстрэлу было шмат лепшае. Тры дружыны засталіся пры конях, якія былі памешчаны ў катлавіне пры падставе трыкутніка. Нявыгада конных аддзелаў ляжыць якраз у тым, што блізу трэйцяя частка аддзелу, а ў найлепшым выпадку чацьвертая, мусіць заставацца пры конях. Тут-жа зьвяз паліцыі служыў задняй аховай.
Партызаны не далі на сябе доўга чакаць. Яны адчынілі нерэгулярны й даволі рэдзенькі агонь на пазыцыі эскадрону. З нашага боку ня паў ніводзін стрэл: суровы загад забараняў страляць да таго часу, пакуль ня зьявіцца праціўнік. Гэткае маўчаньне дзеіць даволі прыгнятаюча на праціўніка.
Агонь гусьцеў і ад часу да часу ўжо быў чуцён над галовамі сьвіст куляў. Раптам у ярох узьняўся гоман і мітусьня. Зь дзікім крыкам кінулася партызанская маса на абрывы яру. Гэта быў мамэнт для нас. Забрахалі паважна кулямёты. Адрывіста, кароткімі сэрыямі, пакрывалі яны бакі яру. Тонам вышэй і неяк сьпяшаючыся, сакаталі «дзехцяры». Ад часу да часу ўмешваліся сюды «фінкі», а стрэльбы намагаліся ўтрымаць нейкі такт. Партызаны атакавалі пазыцыі на высунутым куце трыкутніка і ўвесь правы бок. Зь левага чуліся толькі рэдкія стрэлы.
Пры найбольш высунутым кулямёце сядзеў падахвіцэр К.
— А ну давай, нарывайся, сабачая пошасьць! Во вам, сталінскія халуі! — прыгаворваў ён пры кажнай сэрыі.
Ня гледзячы аднак на густы агонь, партызаны пхаліся на яры. Ужо чуліся паасобныя ўскрыкі партызанаў, густа перакладаныя «сакавітай» расейшчынай.
«Гранаты!» — паў загад па лініі.
Дзесяткі гранатаў узарваліся блізу адначасова. Хмары дыму й пяску засланілі зарасьлі й партызанаў. І раптам стала ціха. Партызаны скочваліся ўніз: першы наступ заламаўся.
Але нядоўга трывала цішыня: цяпер зь левага боку пачуліся стрэлы. Зноў дзікія крыкі, гоман: атакуюць сьвежымі сіламі. Але там ужо разумней, больш разважна, ня кучай. Зразумелі, што шапкамі нябось не закідаюць.
Другі зьвяз адчыніў агонь. Абслуга, прыладзіўшы свае мінамёты, спрытна выбірала мёртвыя полі ды цэльна мацала іх мінамі. Партызаны пачалі мітусіцца. Адзін з каманды мінамётаў быў тоўсьценькі жаўнер Т. з дабрадушнай усьмешкай. Яна ня зыходзіла зь ягоных вуснаў нат у найбольш паважных мамэнтах. І цяпер, закладаючы ў мінамёт міну, ён цалаваў яе і з дабрадушна-хітрай усьмешкай казаў: «Занясі, душачка, прывет ванькам!» Калі-ж міна не трапляла ў мэту, ён цмокаў нездаволена, папраўляў прыцэл і, гладзячы новую міну, ласкава прасіў: «Папраўся, сястрычка, чырвоны прывет перадай!..» «Вось так!» — казаў ён задаволена, калі слуп дыму й пылу падымаўся ў належным месцы. — «Гэта вам за М., а гэта вось за К…»