Камісар выходзіць на трыбуну з прамовай. На падвышэньні каля трыбуны сядзяць немцы з камісарыяту. Абыякава прыглядаецца гэтаму зыбраная гушча. Нечакана, як электрычны ток прашыў дасюль інэртную масу: з валу замчышча нейкі юнак гукаў: «Эскадрон! Рагуляўцы едуць!» Загула грамада, і натоўпам кінулася на валы замчышча.
Камісар застаўся адзін на трыбуне. Перад ім — пусты пляц. За ім пару немцаў нязручна круціліся на лавах. Тымчасам эскадрон з песьняй заварочваў на замковую гару. Ім насустрач, з грудзей юнакоў-СБМ-аўцаў, няслася песьня, ведамая ўжо ўсяму Наваградку — «Наваградзкі Эскадрон». Цяпер толькі пачалося для наваградчан запраўднае сьвята.
Апісаны выезд эскадрону ў тэрэн быў апошнім актам існаваньня эскадрону, як зусім самастойнай адзінкі. На пачатку травеня ён быў перафармаваны й улучаны ў арганізаваны Наваградзкі Батальён. Лепшыя падахвіцэры й жаўнеры былі ўзятыя на камандны склад трох пяхотных ротаў батальёну. Каманду над батальёнам пераняў капітан Рагуля, дасюлешні камандзер эскадрону. Ягонае месца ў эскадроне заняў старэйшы лейтэнант С-ко.
Язэп Сажыч. Мілітарызацыя Наваградчыны ў часе нямецкае акупацыі 1941 — 1945
Вайна нямецка-савецкая ў 1941 годзе застала мяне ў Львове, дзе я студыяваў на ўнівэрсытэце.
Быў сьведкаю наступу й паходу немцаў, якія акружылі Львоў, пайшлі далей, а Ўкраінцы перанялі часова ўладу ўключна з агалашэньнем Незалежнасьці, якая доўга ня трывала, бо не задоўга [быў прызначаны] губэрнатар Галіцыі, які аб’явіў акупацыйную ўладу. Разам з Украінцамі перажыў гэтае расчараваньне й перакананьне, што ад немцаў-нацыстаў няма чаго спадзявацца й думаць нейкай незалежнасьці ці аўтаноміі.
Пабачыўшы, што многія з маіх сяброў-Украінцаў былі арыштаваныя, а многія пайшлі ў падпольле — вырашыў вярнуцца на Бацькаўшчыну, адкуль да нас — беларускіх студэнтаў — падсылалі заклікі й ўлёткі, каб вярталіся дадому й памаглі будаваць беларускую адміністрацыю пад нямецкай акупацыяй.
Прыбыўшы позна восеньню 1941 году ў Наваградак, застаў там інтэнсыўны беларускі рух у напрамку абароны перад Палякамі, якія адразу пасьля акупацыі захапілі ў свае рукі паліцыю, «сакратарства» й перакладчыкаў пры нямецкай жандармэрыі й акупацыйных уладах. Стараліся нішчыць беларускую інтэлігенцыю даносячы ў жандармэрыю ці ў СД на іх як на камуністаў. Нават і на мяне, хутка як вярнуў дадому, усьпелі ўжо данесьці немцам, што яшчэ адзін беларус-камуніст зьявіўся ў Наваградку. Але пры гэбітскамісары ўжо добра быў уладжаны мой сябра Барыс [Рагуля], які ня толькі адразу зьліквідаваў гэты данос, але запрапанаваў мяне Камісару як кандыдата на акруговага камэнданта паліцыі дзеля пераняцьця гэтай функцыі ад палякаў. Я быў заскочаны гэтым і не згадзіўся, заяўляючы, што на ніякае супрацоўніцтва зь Немцамі не пайду (маючы дасьведчаньне з Украіны). Асабліва ў паліцыю не хацеў ісьці, а хіба толькі калі будзе магчымасьць арганізаваць сваё войска. Тут паўстала поўнае непаразуменьне сярод нас — быўшых добрых сяброў.
Далей былі пераконваньні маіх сяброў і старэйшых нашых беларускіх дзеячоў, што мусім нешта сваё арганізаваць, адміністрацыю й, асабліва, школы, каб не загінуць з рук акупантаў і іх памочнікаў — нашых ворагаў. Бязумоўна, хутка ўцягнуўся ў культурны рух «Беларускі дом», хор і г. д. Перабраўся з гаспадаркі ўдома ў Гарадэчні жыць у Навагарадку, каб быць разам зь сябрамі й зь беларускай моладзьдзю. З пачатку прыняў функцыю Сакратара Міравога Суду пры судзьдзю Біруковічу. Потым стаў загадчыкам адміністрацыі нацыяналізаваных маёмасьцяў (асабліва земляў) пры камісару Ройтару — блізкаму памочніку гэбіткамісара. Але гэтага было мала. Хутка Барыс прыказаў мне рана ўставаць і йсьці ў настаўніцкую сэмінарыю, каб вучыць там хлапцоў «гімнастыкі», якая палягала ў вайсковай муштры й маршах з палкамі і з жаўнерскімі песьнямі.
«Гімнастыка» ў Настаўніцкай Сэмінарыі, можна сказаць, была пачаткам беларускага вайсковага руху й вышкаленьня кадраў у Наваградку. Для мяне давала вялікае задавальненьне выявіць свае «капральскія» здольнасьці ў муштраваньні юнакоў-рэкрутаў. Маючы здольнасьць і добры голас да вайсковых сьпеваў і падаваньня камандаў, выбіўся яшчэ з гэтым у польскай падхаранжоўцы.
Некаторыя хлопцы — студэнты Сэмінарыі — наракалі, што гімнастыка гэтая крыху зажорсткая, аднак бальшыня адносілася зь вялікім энтузыязмам да паўвайсковага вышкаленьня. Пачалі на хаду вышукваць і кампанаваць беларускія маршовыя песьні. Маршыруючы вельмі прыгожа сьпявалі, што ўмелі. Паўстала таксама праблема зь беларускімі камандамі. Вечарамі часта разважалі, як мх перакладаць на беларускую мову, пераважна з польскіх камандаў. Пыталіся ў старэйшых, якія каманду й вайсковую тэрміналёгію ўжывалі Случчакі і Балахаўцы (напэўна, расейскую).
Зіма 41/42 году пакінула даволі прыемныя ўспаміны з жыцьця моладзі ў Наваградку. Культурнае жыцьцё — канцэрты, забавы — шумела. Разбудоўвалася пачаткавае школьніцтва й сэмінарыя. Але ўжо пачалася штораз большая актыўнасьць партызанская.