Не абышлося й без малых інцыдэнтаў. Танцуючы ў поўнай салі мае падафіцэры, як пачуюць, што нейкая парачка танцуе й папольску гаворыць, дык ня могуць устрымацца й зачапаюць такіх, гаворачы «хто вас сюды запрасіў — палякаў». Здарылася гэта нават і са сп-ром Рамуком, які танцаваў зь нейкай сакратаркай і папольску гаварыў. А мне прыкра было ўспакайваць іх і тлумачыць. Цікава таксама, што мы даведаліся, што ёсьць дзесь на могілках праваслаўная царкоўка, а я сам любіў у нядзелі быць на богаслужбах і многія з маіх жаўнераў жадалі. Дык у нядзелю стройна са сьпевам маршыравалі ў царкву, але як пасьля службы выйдуць усе з царквы й знаёмяцца, дык цяжка было паверыць, што асабліва маладыя пераважна гавораць між сабою папольску. Знаёмячыся з нашымі вайскавікамі, цяжка ім, дзяўчатам, было пераломлівацца і нейк са страхам, аглядаючыся — гаварыць пабеларуску. Паколькі ў Лідчыне быў тэрор і палянізацыя, многія ўспамінаюць, што пакуль нашае «войска» там стаяла, панаваў крыху беларускі дух. На жаль, доўга гэта не патрывала, толькі 2 - 3 месяцы й немцы, пераканаўшыся, што нашыя «ваякі» ўжо добра пашколеныя — загадалі разьдзяліць гэтую вялікую роту на малыя аддзелы (па 10 да 15 чалавек) і рассылаць па меншых чыгуначных станцыях для аховы. Да кожнае дружыны я вымагаў далучыць свайго падафіцэра, каб камандаваў сваімі людзьмі. Пакінуў пры сабе сталы «штаб» — інструктараў, зь якімі пасьля Ліды быў пераведзены ў Маладэчну, дзе вышкаліў таксама роту маладых юнакоў, потым у Стоўпцы, а там, цікава, атрымаў рэкрутаў пераважна з усходняй Беларусі — са Случчыны, якія спачатку вельмі насьцярожана на нас, камандзераў, глядзелі (заходнікаў — ці «нямецкіх наймітаў»), але потым у часе шкаленьня здабылі да нас давер і пашану. Адзін з такіх пазьней стаўся падафіцэрам, расказваў мне, што баяўся мяне і не разумеў, чым я «пахну» — ці я за немцаў, ці за чырвоных, бо ў сваёй прамове казаў «напляваць нам на новую Эўропу ці новыя парадкі, а толькі трэба аружжа ў свае рукі хапаць й свайго дабівацца». Ад случчакоў шмат падхапіў песьняў і ўвёў іх да маршавога сьпеву.

Са Стоўпцаў перавялі мяне ў Баранавічы й тут ужо астаўся як бы ў «Галоўнай кватэры чыгуначнага батальёну». Паралельна з арганізацыяй мною роты ў Лідзе была арганізавана падобная рота ў Менску пад камандаю Зьмітрука Чайкоўскага, але зь Менску гэтая арганізацыя далей не пасунулася. Будучы ў Баранавічах, мяне лічылі «Verbindungsафіцэрам»[15] паміж усімі аддзеламі, раскіданымі па станцыях. На мясцох па станцыях нямецкія «вахтмайстры» стараліся апанаваць нашых чыгуначнікаў і поўнасьцю камандаваць імі, абкрадаючы іх у Verpflegung[16] і іншых запасах. Нашыя падафіцэры змагаліся за ўтрыманьне кантролі над сваімі жаўнерамі й часта здараліся інцыдэнты варожасьці, сутычкі.

Так, напр., на станцыі Выгода — паміж Баранавічамі і Менскам — камандзер зьвязу Слонімскі збунтаваўся супроць нямецкай Bahnschutzpolizei[17], разаружыў іх, разьдзеў і пашоў са сваім аддзелам у лес, залажыўшы беларускі партызанскі атрад імя К. Каліноўскага. Прысылаў ганцоў да мяне й наракаў, што доўга ня зможа самастойна ўтрымацца й будзе змушаны здацца чырвоным партызанам. Апошня два хлапцы вярнуліся да нас зь лесу, якіх мы захавалі перад немцамі. Расказвалі, што камандзера Слонімскага загналі дзесь узад у табар — не давяраючы яму.

Мяне з гэтай прычыны вызывалі ў галоўную кватэру Bahnschutzpolizei у Менску, пагражалі, але я скарыстаў з гэтага, каб здабыць большае права лучнасьці й нагляду над сваімі хлапцамі, каб іх ня крыўдзілі немцы.

На адрэзку Клецак — Слуцак будавалі новую лінію чыгункі і туды скіравалі даволі многа нашых чыгуначнікаў для аховы будовы й мабілізацыі рабочых сілаў з падводамі. Паехаўшы туды адведаць сваіх, вадзілі мяне ў вёскі сярод сялян, якія на маю гордасьць і пацеху выражаліся вельмі прыхільна аб нашых хлапцах. Разумеючы, што яны мусяць выконваць загады немцаў, але робяць гэта справядліва й лагодна, а ня так, як «белашыйкі» (паліцыя), якіх можна было «падкупляць» і [якія] паказвалі сваю брутальнасьць улады.

Будучы ў Баранавічах (на станцыі) пасьля заканчэньня шкаленьня, меў шмат часу й свабоду руху, чыгункаю мог езьдзіць ува ўсе бакі. Асабліва часта прабываў у Менску, быў зьвязаны з БНП.

Прыяжджаў да мяне Барыс, калі дастаў дазвол арганізаваць конны швадрон, прапануючы мне вярнуцца ў Наваградак й абняць каманду якогась плютону. Аднак зразумеў, што мне не выпадае пакінуць сваіх чыгуначнікаў. Адно, што змог парадзіць яму, якіх камандзераў выбраць з кадраў быўшай школы БСА.

Усевалад Родзька запрапанаваў мне быць камэндантам кашараў, дзе адбываліся курсы кіраўнікоў СБМ, а ён быў кіраўніком і выкладчыкам на гэтых курсах. Вельмі цікава і прыемна было правесьці некалькі тыдняў з нашаю моладзьдзю, сярод якой трымаў дысцыпліну і меў пашану (сьведка М. Ганько).

Перейти на страницу:

Поиск

Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже