У часе Другога [Усебеларускага] кангрэсу мне даручана было зь іншымі нашымі афіцэрамі ахова гэтага кангрэсу — у выпадку нападу партызанаў або немцаў, якім магло не спадабацца завялікае вымаганьне незалежнасьці. Абладаваны двума пісталетамі й гранатамі, хадзіў дзесь па бальконах і кругом будынку, мала абсэрвуючы, што адбывалася на кангрэсе.

Хутка пасьля кангрэсу — адступленьне на Захад. Наш быў апошні цягнік, які адыходзіў з цэнтральнае станцыі ў Баранавічах (Палеская станцыя ўжо была занятая чырвонымі). Некалькі дзён перад гэтым былі сьведкамі вялікіх калёнаў пешаходаў і фурманак адступаючых бел. сялянаў і іншых у кірунку на захад. Многія падафіцэры, напр., Русак й жаўнеры, падыходзілі да мяне, пытаючыся, што рабіць. Радзіў ім, калі нічога ня ведаюць удома — дзе ты й калі зможаш захавацца перад тэрорам чырвоных — аставайся. Мы едзем няведама куды й калі вернемся. У апошні мамэнт далучыліся да нас пару дзяўчатак у зялёных уніформах (сярод іх Юзя Брэчка), даў ім асобнае месца ў вагоне, і забралі іх.

Падарожжа было доўгае й цяжкае. Міны і атакі партызанаў на дарозе. Нейк абмінулі Варшаву, паехалі праз Чанстахову, Сьлёнск на Прагу — у Чэхію. Адтуль уздоўж Баварыі ў раён Saarbrücken, дзе нас разаружылі, загналі ў Durchgangslager[18], а потым паразьдзялялі па станцыях, каб папраўляць калейкі пасьля аліянцкіх бамбёжак, якія там былі вельмі цяжкія й частыя. Аднаго разу зьяўляецца да мяне маёр Барыс і загадвае мне пакавацца і ехаць зь ім у Берлін. Загад з БНП быў трымацца з хлапцамі й пры аказіі перайсьці да францускіх партызанаў. Але-ж Барыс быў маім спонсарам у БНП, дык ня мог яму супраціўляцца.

У Бэрліне на «Weissensee» тры дні правёў на рапартах з палк. Езавітавым — сколькі людзей пакіну і дзе яны і т. д. Гэты прапанаваў мне ўступіць у новаарганізаваную ў Баварыі Беларускую Дывізію. Заядлыя дыскусіі — БНП прапанавала лепш скідаць уніформу й йсьці ў рабочыя лягеры, наклейваючы сабе значкі «Ostarbeiter»[19], каб у часе капітуляцыі быць сярод сваіх людзей і не пападаць у паніку. На нейкі час прыняў я камандаваньне нейкім «запасным батальёнам» у Бэрліне — гэта разьбіткі з БКА — шмат афіцэраў і падафіцэраў, але панавала там анархія і бесдысцыплінаванасьць. Далей, таму што ўпіраўся ня ўступаць у дывізію, папаў у няласку прэзыдэнта Астроўскага, які выкрасьліў мяне зь лісты павышэньня рангаў (на маёра), ня мог атрымаць Verpflegungskarte[20].

Ня ведаю, дзе ў гэты час Барыс боўтаўся. Сп. Ю. Сабалеўскі запрапанаваў мне разам зь Бяленічам быць інспэктарам па расьсяленьні бежанцаў у Нямеччыне, якіх часта пасялялі ў Ostarbeiterlagers[21].

Дастаў прымэльдаваньне й харчавыя картачкі. Пачаў езьдзіць па Нямеччыне, знаqшоў сваю сымпатыю Вару М. у Турынгіі. Урэшце йзноў зьявіўся Барыс і заявіў мне, што нігдзе ня выкруцішся. Дывізія ўжо зарганізавана й мне прапануецца камандаваньне афіцэрскай школы пры гэтай дывізіі. Атрымаў зялёную вайсковую ўніформу з пагонамі капітана і выехаў у Баварыю.

Тут пачаліся нармальныя заняткі ў школе і ў батальёнах «дывізыйных». Барыс прыпыніўся пры штабе гэнэрала Зыглінга як лучнік да дывізыі (Verbindungsoffizier).

За пару тыдняў прысылаюць у школу «Sturmbahnfüher’а» Marbach, які пераймае каманду школы, якую пераймяноўваюць у «падафіцэрскую школу (Unteroffizierschule). Мне прапануюць астацца, як «Verbindungsoffizier». Паўстала замяшаньне. Кадэты пачалі бунтавацца, ня прызнаючы нямецкага камандзера, а дэманстрацыйна здаючы мне рапарты і т. д., як, напр., Зьмітро Зыбайла (?). Немцы загадалі мне й некалькі афіцэрам- інструктарам больш не паяўляцца ў школе, а сядзець у асобным бараку да дальшага распараджэньня.

Ізноў зьяўляецца Барыс — забірае мяне ў штаб, дзе быў у нейкім замку на ўрачыстасьці з усім нямецкім гэнэралітэтам і даволі блізка абсэрваваў самога гэн. Зыглінга, які выдаваўся мне вельмі прыстойны, высокі й даволі сымпатычны. Атрымоўваем з Барысом паперы й напраўленьне на поўнач у Rostock. Гэта мне вельмі заімпанавала, бо вельмі-ж калісь прагнуў папасьці ў нямецкую акадэмію ваенную.

Там школілі нас на камандзераў батальёнаў і брыгадаў. Ня было афіцэра ніжэй капітана, шмат маёраў і палкоўнікаў Ritterkreuzträgers[22].

З чужаземцаў было з намі пяць афіцэраў мадзярскіх. Вадзілі на палігоны, дэманстравалі панцэрфаўсты й панцэршрэкі.

На выкладах вучылі, як арганізаваць штаб батальёнаў і новыя дывізыі «45» з малою колькасьцю людзей, але вельмі сільнаю зброяй, кожны жаўнер з аўтаматам. Падкрэсьлівалі немцы, што ім не хапае добрага вышкаленьня ваяваць уночы і ў лясох г. зн. з партызанамі.

Вазілі нас ува ўнівэрсытэт у Ростак на цікавыя выклады й дыскусіі. У часе перарываў высокія афіцэры акружвалі нас пры перакурцы, распытвалі хто мы, бо мелі на шапках Пагоні, а на каўнерах ярылаўскія крыжы. Асабліва захопленыя былі Барысом, які сярод іх выглядаў молада, быў у ранзе маёра й бадзёра трымаўся. Я асабіста нейк слаба разумеў панямецку, ды агарнуў мяне пэсымызм, чуючы часта гарматныя стрэлы недалёка пад Штэтынам.

Перейти на страницу:

Поиск

Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже