На жаль, я спазьніўся на медыцынскі факультэт. Мае сябры параілі мне запісацца на які-небудзь іншы, хаця яны й баяліся, што я разгублюся ў такім вялікім горадзе, як Львоў, і не змагу жыць тамака без апекі. У выніку, яны прапанавалі мне вярнуцца ў Беларусь, хаця й разумелі, што ў Наваградку вельмі хутка змогуць вылічыць, адкуль я зьявіўся, і рэпрасаваць. Да мяне таксама даходзілі ўжо чуткі, што ўсе, хто вярнуўся з Германіі, лічыліся ненадзейнымі й высылаліся ў Сібір. Нягледзячы на ўсё гэта, мы зь сябрамі прабавілі некалькі цудоўных дзён разам у Львове. Мы размаўлялі адкрыта, бо давяралі адзін аднаму, і сыйшліся на тым, што камуністычная рэчаіснаьць ёсьць турмой, дзе пралетарыят — раб савецкай сыстэмы. Мы падзівіліся таму, як Сталін здолеў унушыць страх і пакорнасьць мільёнам людзей.
Празь некалькі дзён я вярнуўся ў Наваградак, а потым знайшоў у Любчы месца выкладчыка нямецкай мовы ў рускай школе. Я вырашыў год папрацаваць тамака, а наступным — падаваць дакументы на медыцынскі факультэт. Я ад’ехаў у Любчу недзе напрыканцы верасьня 1940 году. Я быў моцна расчараваны тым, што не патрапіў на медыцынскі факультэт, але я пачуваўся яшчэ больш расчараваным у дачыненьні да савецкай сыстэмы. Навіны пра ўсемагутную Камуністычную партыю й КГБ рабіліся ўсё больш жахлівымі й неверагоднымі.
Калі я прыехаў у Любчу, мне падалося, што час спыніўся. Мяне ўразіла мірная атмасфэра на берагах Нёмана, і я бавіў шмат часу, назіраючы, як мае вучні ловяць у гэтай рацэ рыбу, плёскаюцца, катаюцца на лодках.
Мая бабуля, здаецца, не зьмянілася. Яна падавалася мне ўсё гэткай жа старой, спагадлівай, клапатлівай. Мой дзед зрабіўся крыху лядашчым і ніяк ня мог прыстасавацца да пераменаў, асабліва да новага часу, пераведзенага на дзьве гадзіны наперад. Я памятаю, як дзед неяк сядзеў на ложку, драмаў з адчыненым ротам, а потым раптам прачнуўся й спытаўся, колькі часу. Я адказаў, што дзесяць гадзінаў, але дзед хацеў даведацца, па якім часе — новым альбо старым. Я супакоіў дзеда, што па старым, і толькі тады ён заснуў ізноў. Яму зусім не падабалася новая сытуацыя, і ён заўсёды бурчэў наконт яе. Ён цяпер згубіў уладу саматужнага адваката й дарадцы, бо зьмяніліся законы. Ён больш ня меў права слова ў грамадзкім жыцьці, бо цяпер усім кіравала Камуністычная партыя. На дзедава месца былі прызначаныя новыя людзі, якія прыехалі здалёк, і мяне непрыемна ўразіла тое, што яны ўсе размаўлялі выключна па-расейску.
Школа, дзе я выкладаў, разьмяшчалася ў старым маёнтку сямьі Набокавых. Нашыя заняткі праходзілі ў прыгожых, але крыху занядбаных пакоях. Шкада было бачыць, што гэныя пэрлы архітэктуры барока выкарыстоўваюцца ў мэтах русіфікацыі. Усе каштоўнасьці з маёнтка зьніклі, бо тады было звычайным тое, што гістарычныя каштоўнасьці вывозяцца зь Беларусі ў Расею.
Набокавы былі дваранамі, якія паходзілі ад рускіх і немцаў. Малады Набокаў якраз і зьяўляецца аўтарам «Лаліты» й іншых твораў. У дзяцінстве Набокаў увесь час спрабаваў зьбегчы са сваіх харомаў, каб пагуляць з намі, але яго заўсёды вярталі назад і папракалі нянькі, якія не хацелі, каб яго «запэцкалі» простыя людзі. Блакітнавокі, сьветлавалосы Набокаў быў добра выхаваным і вельмі прыязна да нас ставіўся. Ён заўсёды прасіў прабачэньня за тое, што ня можа запрасіць мяне дадому, бо гэта парушыла б усталяваныя правілы. Ён часта таемна прыходзіў да нас, бо ў нас была вельмі ўтульная атмасфэра, што яму так падабалася, і мы частавалі яго чым-небудзь. Ён некалькі разоў казаў мне, што не хацеў бы вяртацца дадому, а лепш застаўся б у нас і жыў тым жыцьцём, якое было ў мяне. Пасьля «вызваленьня» саветамі сямья Набокавых некуды зьнікла, відаць, апынулася ў Сібіры. Аднак мой сябар здолеў уцячы ў Германію і адтуль — у ЗША, дзе ён памёр у 1987 годзе.