Я накіраваўся ў школу, каб абмеркаваць сваё назначэньне. Дырэктар школы, Міхайлаў, таксама размаўляў па-расейску. Усе настаўнікі спрабавалі ўвесьці гэтую мову ў выкладаньне. Я папрасіў прабачэньня за тое, што па-расейску не размаўляю, і выказаў зьдзіўленьне з нагоды таго, што ў Любчы, горадзе з трыма тысячамі насельнікаў, семсот зь якіх былі жыдамі, а астатнія — беларусамі па этнічным паходжаньні, усе размаўляюць па-расейску. Дырэктар быў моцна зьдзіўлены маёй заўвагай і незадаволены. Ён спытаў, ці ня ёсьць я адным з тых нацыяналістаў, якія адмаўляюцца гаварыць па-расейску. Мне гэнае пытаньне падалося крыху правакацыйным, і, паколькі я помніў папярэджаньні свайго дзядзькі аб палітыцы русіфікацыі ў Савецкім Саюзе, адказаў, што не зьяўляюся нацыяналістам, але мне падаецца зусім натуральным, што людзі павінны размаўляць на сваёй роднаё мове, калі ўжо мая краіна была вызваленая саветамі й аб’яднаная пад назвай Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Я заявіў, што назва «Беларуская» ўказвае на тое, што мы ёсьць асобнай рэспублікай, і што, на маю думку, мы мусім мець пэўныя прывілеі й правы, кшталту, размаўляць на роднай мове. Я сказаў, што ня маю нічога супраць таго, каб вывучаць рускую, нямецкую, лацінскую й іншыя мовы, але настойваю на тым, што мы мусім мець права размаўляць па-беларуску. Я, натуральна, зрабіў на дырэктара дрэннае ўражаньне й баяўся, што ён вырашыць высьветліць маё паходжаньне.

Наступным днём дырэктар спытаўся ў мяне, ці ня ёсьць я пляменьнікам Базылю Рагулю, які выкладае рускую мову ў той самай школе. Я пацьвердзіў гэта, і дырэктар параіў мне пераняць сьветапогляд дзядзькі. Мой дзядзька Базыль атрымаў адукацыю ў Расеі й размаўляў па-расейску. Ён вельмі добра ведаў рускую літаратуру. Калі я спытаў яго, чаму ён, беларускі патрыёт, так захапляецца рускай літаратурай, ён адказаў, што яна надта прыгожая. Я ня стаў пярэчыць дзядзьку й нічога ня меў супраць таго, каб ён размаўляў па-расейску, каб выказаць свае думкі й пачуцьці. У польскім парлямэнце й сенаце ён абараняў правы беларусаў і заўсёды размаўляў па-беларуску дома. Дырэктару я адказаў, што дзядзька Базыль ня мае на мяне ніякага ўплыву ў дачыненьні да нацыяналістычных і палітычных поглядаў і, здаецца, запэўніў дырэктара.

Навучаньне ў школе, дзе я працаваў, грунтавалася на праграме дзесяцігадовай адукацыі. У вялікіх гарадох школьныя адукацыйныя стандарты былі значна вышэйшымі й па заканчэньні школы вучні былі лепш падрыхтаваныя да паступленьня ва ўніверсітэт. Аднак нават у вялікіх гарадох стандарты не былі такімі высокімі, як у польскай гімназіі.

Я пачаў працаваць настаўнікам, але незадаволены гэтым абавязкам, я арганізоўваў спартыўныя мерапрыемствы. Я ўвёў гімнастыку, баскетбол, валейбол, лыжны спорт. Малады расейскі настаўнік Міша быў моцна ўражаны маімі намаганьнямі. Ён зьяўляўся камсамольцам, членам камуністычнай моладзевай арганізацыі, якая была першым крокам на шляху да членства ў кампартыі. На прыступку ніжэй за камсамольцаў знаходзілііся піянеры, своеасаблівы эквівалент скаўтаў. Усе гэтыя арганізацыі выпрацоўвалі ў членах камуністычны дух невідушчага падпарадкаваньня кіраўнікам арганізацыяў.

Мая дзейнасьць зацікавіла Міхаіла, і аднойчы, калі ў мяне быў дзесяціхвілінны перапынак паміж заняткамі, Міша адвёў мяне ўбок і запрасіў прагуляцца й пагутарыць пра тое-сёе. Ён спытаўся, як мне падабаецца мая праца, і паведаміў, што ён уражаны тым, што я арганізую спартыўныя мерапрыемствы для вучняў. Ён сказаў, што я раблю карысную, але безнадзейную рэч, таму што яе не падтрымліваюць наверсе, бо я ня ёсьць камсамольцам. Я спытаў, ці не прапануе ён мне ўступіць у камсамол, і Міхаіл адказаў, што гэта было б нядрэнна. Ён растлумачыў, што калі я зраблю гэтак, то ў мяне будзе больш шанцаў самарэалізавацца, і яшчэ я змагу потым уступіць у кампартыю. І калі я ўжо здолею апошняе, то будучыня будзе маёй, па словах Міхаіла. Ён гаварыў з такім запалам, што мне на нейкі момант падалося, што я сапраўды мог бы стаць членам партыі. Я помніў папярэджаньні свайго дзядзькі пра дзейнасьць Камуністычнай партыі. Я ніколі ня меў дакладнага ўяўленьня пра ейную дзейнасьць, але я памятаў пра тое, што зьнікалі кулакі й нават удзельнікі Грамады, якая, лічылася, супрацоўнічае з камуністамі. Падазрэньні й ненавісьць да камуністаў усё ўзмацняліся ўва мне, і я ніяк ня мог уявіць сябе камсамольцам. Я таксама ведаў, што ў дачыненьні да ўсіх, хто хацеў уступіць у камсамол, праводзілася праверка мінулага, бацькоў і дзядоў. Я баяўся, што, калі яны даведаюцца, што я нелегальна вярнуўся ў Беларусь, то мяне таксама залічаць у «непажаданыя элементы». Я падзякаваў Мішу за ягоную шчодрую прапанову, але заўважыў, што не заслужыў яшчэ пачэснай магчымасьці стаць касамольцам, бо ёсьць пакуль ідэялягічна непадрыхтаваным. Мне спатрэбіцца час, каб абмеркаваць усё гэта. Я паабяцаў, што празь нейкі час дам Мішу больш пэўны адказ. Ён папрасіў доўга ня думаць і дадаў, што спадзяецца, я дам станоўчы адказ.

Перейти на страницу:

Поиск

Похожие книги